Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Частку затрыманых з каманды блогера Ціханоўскага вызвалілі


На судзе 8 траўня: Аляксандар Арановіч (зьлева, на волі) і Ўладзімер Няронскі (справа, яшчэ пад арыштам)
На судзе 8 траўня: Аляксандар Арановіч (зьлева, на волі) і Ўладзімер Няронскі (справа, яшчэ пад арыштам)

Некалькі арыштаваных за «несанкцыянаваную акцыю» чальцоў каманды блогера Сяргея Ціханоўскага вызвалілі пасьля «сутак», піша Tut.by. На волі Арцём Сакаў, Аляксандар Арановіч і Сьцяпан Лазаронак.

Але пад арыштам яшчэ Ўладзімер Няронскі і сам заснавальнік каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі.

Ціханоўскага спрабавалі затрымаць 5 траўня, калі ён ладзіў сустрэчу з падпісантамі ў Магілёве. Але блогера не было ў «брэндаваным» аўтадоме, а затрымаць кіроўцу машыны не далі прыхільнікі Ціханоўскага. На наступны дзень Ціханоўскага, затым і чальцоў ягонай каманды ўсё ж затрымалі і асудзілі ў Магілёве за «несанкцыянаваную акцыю» «з публічным абмеркаваньнем улады». Агулам у сувязі з акцыямі Ціханоўскага затрымалі дзясяткі чалавек.

Няронскага асудзілі на 10 сутак, Арановіча — на 6, Сакаву і Лазаронку далі 5 сутак арышту. Няронскі, як чакаецца, будзе вызвалены 16 траўня, Ціханоўскі — верагодна, 21-га.

Сакаў па вызваленьні расказаў Tut.by, што яго аднаго пасадзілі ў камэру на дваіх, стаўленьне міліцыі было «такім жа, як і да ўсіх затрыманых».

Тым часам ахвочым стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты трэба да 15 траўня ўключна зарэгістраваць ініцыятыўныя групы ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Ціханоўскі заяўляў, што ідзе ў кандыдаты, але ён ня зможа падаць заяву з-за кратаў, пра даверанасьць ад яго на рэгістрацыю групы даюць супярэчлівыя адказы, а адваката да яго не пускаюць.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG