Якія могуць быць станоўчыя наступствы жыцьця ў часе пандэміі каранавірусу? З аднаго боку, ёсьць гора ад стратаў, трывога за сябе і блізкіх, няўпэўненасьць у будучыні, абурэньне ад хлусьні і цынізму, з другога — новы вірус адкідае фальшывае, прымушае цаніць сапраўды важнае, расстаўляе прыярытэты. Праз «Фэйсбук» атрымалі каля сотні адказаў пра пазытыўны досьвед у часе пандэміі.
«Эканомія часу ды энэргіі» — ня трэба сьпяшацца і ўсьміхацца, калі ня хочаш
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Большасьць адказаў сьведчаць пра зьмену ладу жыцьця праз ізаляцыю ва ўмовах пандэміі, на што кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін, які жыве і працуе ў Лёндане і мае вялікі досьвед дыстанцыйнай творчай працы, заўважае: «Я так жыву і працую больш за 20 гадоў, нарэшце, вельмі многія мяне зразумелі».
Спэцыяліст у міжнародных дачыненьнях Рашэд Чоудхуры, які нарадзіўся ў Менску ў беларуска-бэнгальскай сям’і, а цяпер жыве ў Турэччыне, гаворыць пра «эканомію часу ды энэргіі, якія раней траціліся на штодзённыя паездкі з працы ды дамоў». Цяпер у Рашэда зьявілася больш магчымасьці правесьці час, як ён хоча, а таксама стала значна болей відэа-тэлефанаваньняў зь сябрамі і сваякамі, раскіданымі па сьвеце. «Вядома, гэта было магчыма рабіць і раней, але рабілася мала», адзначае ён.
Алеся Ляшкова з Прагі вельмі рада, што «ня трэба сьпяшацца нікуды і баяцца не пасьпець, больш часу пабыць сам-насам, на хобі і справы, на якія не хапала часу раней, ня трэба вітацца і ўсьміхацца з раніцы, калі няма настрою».
Журналіст «Белсату» Сяргей Пеляса ўдакладняе, што ў яго пазытыўныя наступствы хутчэй не эпідэміі, а дыстанцыйнай працы: «Больш часу праводжу зь дзецьмі і жонкай. Не губляю час на даезд да працы. Перасталі быць патрэбныя маса рэчаў — параднае адзеньне, напрыклад. Менш губляю часу на закупкі і раблю іх больш сплянавана. Парадаксальна, але зьменшыўся стрэс. Як вынік — ня трэба зь ім змагацца не заўсёды здаровымі сродкамі. Пачаў здаравей харчавацца».
Paúlina Kałtavičanka зь Менску піша, што яна «змагла раней класьціся спаць і раней падымацца, як заўсёды і хацела, а таксама болей пачала гатаваць».
«Менш баліць сьпіна», больш часу зь сям’ёй, здаровы лад жыцьця
Пра тое, што яны сталі праводзіць больш часу з роднымі, пішуць вельмі многія, у тым ліку горны гід Кірыл Якімовіч, які жыве ў Празе: «Дзеці :-). Больш часу зь імі, больш спорту, больш часу на прыродзе, меней расход грошаў пры гэтым».
Айцішнік Павал Ганчар стаў трошкі больш часу праводзіць зь дзецьмі: «Практычна не карыстаюся машынай, больш трэніруюся, намотваю па 200 км за тыдзень на ровары. Больш чытаць і менш працаваць не атрымліваецца, але, можа, яшчэ навучуся».
Выкадчыца Тацяна Тулуш адзначае: «Бюджэт на ежу скараціўся як мінімум удвая. Стала хадзіць на шпацыры. Пабачыла, што мая котка робіць увесь дзень безь мяне: сьпіць і мыецца. Менш баліць сьпіна».
Ларыса Малахава, журналістка плятформы «ИМЕНА», піша, што «неба чароўнае стала. Я кожную ноч гуляю, любуюся».
Магістар юрыдычных навук, прадпрымальнік Антон Ермачонак, які апошнія шэсьць гадоў жыве ў Флорыдзе, ЗША падсумоўвае: 1) больш часу на спорт (здароўе) — за паўтара месяцы скінуў амаль 5 кг; 2) больш часу для brainstorm у разрэзе працоўных плянаў; 3) выцякае зь першага — менш часу на дрэнныя звычкі; 4) навучыўся сам гатаваць ежу.
Святлана Каваленка зь Менску: «Нарэшце знайшла час, каб кожныя выходныя хадзіць у лес. Назіраю за вясной, такое адчуваньне, што яна для мяне першая. Атрымліваю ад шпацыраў задавальненьне і прыгожыя фатаздымкі».
Паэтка Маргарыта Тарайкевіч з Бэльгіі лічыць самаізаляцыю за горадам прывілеяй, якая ёй дасталася.
Пазбаўленьне ад таксычных людзей і кантактаў у сацыяльных сетках
У часе пандэміі вяліся гарачыя спрэчкі ў сацыяльных сетках, у выніку многія, як, напрыклад, мастачка Кацярына Марціновіч, «пачысьцілі» асяродзьдзе ад таксычных людзей. Elena Zenkevitch зь Менску і літаратура знаўца Ганна Кісьліцына адзначаюць, што навучыліся "без пакутаў выдаляць зь сяброў у ФБ і нават баніць".
Мэдыяэкспэртка Яніна Мельнікава вызначае самае галоўнае для яе цяпер наступным чынам: «Больш часу з дачкой, больш разуменьня, хто таксычны ў атачэньні і, адпаведна, менш кантактаў зь імі, плюс стужку сваю значна пачысьціла, каб захоўваць раўнавагу і ня траціць час на спрэчкі і пераконваньне».
Пераасэнсаваньне каштоўнасьцяў і зьмена прыярытэтаў
Найбольш у часе пандэміі людзі гавораць пра тое, як інакш яны сталі ацэньваць многія рэчы і стасункі, і што яны самі мяняюцца таксама.
Блогерка і журналістка Наста Захарэвіч кажа, што «як ні дзіўна, я стала больш цярплівай».
Дасьледчыца беларускага фальклёру Натальля Саўрыцкая гаворыць пра пандэмію як пра цяжкае выпрабаваньне для чалавецтва, якое кожны праходзіць, як можа: «Для мяне стала сюрпрызам, што я мацнейшая, чым лічыла сябе раней, сьмялейшая і трывалейшая. Малыя страхі робяцца няважнымі і адыходзяць... Самым, мусіць, галоўным для мяне стала ўсьведамленьне важнасьці інфармацыі. Я на свае вочы ўбачыла, што той, хто валодае інфармацыяй, валодае сьветам. Бо людзі, прыгнечаныя страхам, як гліна, зь якой можна рабіць што заўгодна. Гэта дрэнна, але так відавочна ў сёньняшняй сытуацыі».
Філёляг Натальля Сівіцкая, якая працуе і не ізалявалася, піша, што ў яе адбылася пераацэнка каштоўнасьцяў: «Я і раней кіравалася прынцыпам „заўтра можа ня быць“, цяпер гэта маё крэда па жыцьці. Рабі сёньня, рабі напоўніцу. І цяпер у мяне ёсьць і бізнэс-плян, і плян падарожжаў, якія я зьбіраюся ажыцьцявіць, як толькі ўсё нармалізуецца. Таму што заўтра можа ня быць».
Мікіта Іваноў зь Менску лічыць, што «уся сытуацыя засьведчыла, наколькі крохкі наш сьвет, і наколькі ілюзорнае пачуцьце бясьпекі. Літаральна за пару тыдняў у людзей былі аднятыя рэчы, на якія яны „маліліся“: вера, што мэдыцына вырашае ўсе праблемы, культ турызму і адпачынку, масавы спорт і іншыя забавы, глябалізацыя, гендэрная тэматыка. Нават нафта як гарант эканамічнага дабрабыту перастала быць рэальнасьцю. Усё гэта паблякла перад агульным пачуцьцем страху перад сьмерцю... Такое скрышэньне ідалаў сучаснага сьвету ацьвярожвае і аздараўляе грамадзтва, дае ўразумець, як мала чалавек зь сябе ўяўляе бязь веры ў Хрыста».
У часе пандэміі паўсядзённасьць набыла іншы зьмест. Арына Сандовіч «стала больш цаніць і шанаваць простыя рэчы».
Паэтка і тэатральны крытык Тацяна Мушынская расказвае, што яна пачала «больш высока цаніць звычайнае, паўсядзённае жыцьцё, магчымасьць убачыцца зь блізкімі і сябрамі, абняць сваіх дзетак, свабодна перасоўвацца па горадзе і краіне. Разумееш, што такое раскоша чалавечых стасункаў. Непасрэдных».
Журналіст і дакумэнталіст Леанід Міндлін лічыць, што «сышло даволі шмат мітусьлівага і непатрэбнага».
«Не адчуваю сябе вавёркай у коле». Жыцьцё разам зь дзецьмі
Журналістку Кацярыну Ткачэнку вельмі цешаць ранішнія чытаньні з сынам на роднай мове замест таго, каб бегчы ў школу.
Алена Мінчэня зь Мюнхэну адзначае, што яе «дзіцятка ня любіць садок і зь вялікім задавальненьнем сядзіць дома і будзе сядзець, відавочна, да верасьня. Я радуюся за яе, бо дома ёй здорава. Мы з мужам працуем празь дзень. Я высыпаюся і не адчуваю сябе вавёркай у коле».
Журналістка Тацяна Гусева шмат часу праводзіць цяпер зь дзецьмі «Гэта апошняя вясна перад паступленьнем дачкі. І я бачу, што вучыцца ў нашай школе цудоўна можна дома. І заняткі дома сыну даюць больш карысьці, чым у садку».
Самаразьвіцьцё і малітвы онлайн
Многія беларусы час у ізаляцыі скарыстоўваюць дзеля самаразьвіцьця. Грамадзкая актывістка Наталька Мотуз цяпер шмат часу прысьвячае «розным практыкаваньням, тэстам, трэнінгам, каб зазірнуць углыб сябе. А яшчэ стала разводзіць пакаёвыя расьліны і чамусьці адмовілася ад мяса на карысьць рыбы, напэўна, зьявіўся час яе пачысьціць».
Псыхоляг Сьвятлана Бэргер, у якой ад каранавірусу памерла цётка, цяпер моліцца і вывучае Сьвятое Пісьмо зь сябрамі з усяго сьвету ў фармаце онлайн: «Калі раней для такіх сустрэч трэба было гадзінамі, а часам і суткамі дабірацца, то цяпер за лічаныя гадзіны арганізуюцца заняткі з удзельнікамі з розных краінаў ці малітвы, да прыкладу, каля мора. Адзін зь сяброў прыходзіць на досьвітку маліцца на бераг мора, і мы ўсе молімся пад шум хваляў. Адна з самых моцных для мяне малітваў у такім фармаце — пад сьпеў птушак у латвійскім лесе на беразе Балтыйскага мора». Сьвятлана Бэргер спадзяецца ня толькі працаваць дыстанцыйна (кансультаваньне і навучаньне), але і ўдасканальвацца ў тэхналёгіях такой працы, бо паводле яе, за дыстанцыйным навучаньнем — будучыня.
Зьявіўся час на больш дасканалую працу
Гісторык Алена Ляшкевіч піша, што цяпер «атрымалася ўрэшце сесьці й дарабляць вялікія навуковыя тэксты, якія, здавалася, будуць дарабляцца бясконца».
Горадзенскі гісторык Натальля Сьліж займаецца «навукай і астралёгіяй, проста шчасьлівая». Дасьледчыца-гісторык Ніна Стужынская пераглядае свой архіў, піша новыя тэксты. А гісторык Сьвятлана Куль-Сяльверстава «нарэшце вярнулася да кнігі, якую адклала два гады таму».
Гісторык Ігар Мельнікаў працуе над кнігай «На „мяжы цывілізацый“. Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардону». Супрацоўніца музэю Максіма Багдановіча Ірына Мышкевіч піша, што «дзякуючы таму, што музэі, архівы, бібліятэкі далі доступ да электронных базаў, супрацоўнікі музэя Багдановіча знайшлі творы, аўтарам якіх, верагодна, зьяўляецца Максім. Працаваць з электроннымі дакумэнтамі намнога прасьцей, і замежных выпраў ня так многа».
Музыка Miхаіл Рубін зь Віцебску: «Мяне гэта мабілізуе. Музыку пішу... не таму, што заўсёды яе пішу, а таму, што адчуваю нейкі „разлом“, разумееце? Для мастака гэта спрыяльны час».
Беларускі журналіст у Ізраілі Барыс Штэрн разам зь сябрамі арганізавалі гурт «Бактэрыя» і запісваюць сьмешныя песьні.
«Адчуў патрэбу рабіць нешта карыснае» — эмпатыя і дапамога
Найбольш для людзей у часе пандэміі важныя спачуваньне, падтрымка, узаемадапамога.
Актывіст беларускай грамады ў Швайцарыі Алесь Вашкевіч «зрабіў высновы па людзях, што атачаюць. Хто зь іх гатовы самаахвярна дапамагаць, хто проста схаваўся „у доміку“, хто адчувае хворае ўзбуджэньне ад таго, што пражывае нейкі гістарычны момант, і, нічога для гэтага не зрабіўшы, атрымлівае нагоду потым нешта распавесьці ўнукам... І, самае галоўнае, я адчуў патрэбу рабіць нешта карыснае. Ня проста быць годнай адзінкай грамадзтва, сумленна працаваць і плаціць падаткі, але дапамагаць іншым».
Журналістка Яўгенія Доўгая падсумоўвае: «Аказалася, што мая мама гатовая дапамагаць і дапамагаць людзям, якім няпроста. А яшчэ, мне ніхто не адмовіў у дапамозе, і я столькі бадзёрых слоў ніколі ня чула. А яшчэ я зразумела, што мяне атачаюць надзейныя эмпатычныя людзі».
Ёсьць і прыбытак
Хтосьці губляе працу падчас пандэміі, а бывае і наадварот, як напрыклад у Дзьмітрыя Масьцяніцы зь Менску: «Вы будзеце сьмяяцца, але я сталяр, і ў мяне зараз шмат заказаў на ложкі. Практычна толькі іх цяпер і раблю».
«Пад маскай нічога не відаць». Зьмена звычак і аблічча
Палітык Дзяніс Садоўскі пачаў гадаваць бараду: «Пазытыўнае яшчэ ў тым, што той, хто хацеў пачаць расьціць бараду, але ня мог, бо фаза "бомж", пакуль яна не адрасьце, на працягу 1-2 месяцаў не дазваляла гэтага зрабіць, цяпер лёгка гэта можа пачаць. Бо пад маскай нічога не відаць».
Журналістка Марына Куноўская радуецца, што «паволі зьнікае традыцыя вітацца за руку. Яна заўсёды мяне гендэрна напружвала. Накшталт як у жанчын ёсьць выбар, але выбар такі сабе... Так што хай гэты атавізм наогул адыходзіць у мінулае».
А фальклёрная сьпявачка і танцорка Сьвятлана Судноўская цешыцца, што людзі «нарэшце сталі масава трымацца элемэнтарных нормаў гігіены, якія раней збольшага ігнаравалі (мыць рукі ня толькі перад ядой, ня піць з чужога посуду, не цалавацца з усімі запар і г. д.), трымаць дыстанцыю ў публічных месцах (спадзяюся, гэтая новая для беларусаў звычка захаваецца)». Таксама, паводле Сьвятланы, адбылася пераацэнка важнасьці моцнай нацыянальнай дзяржавы і сыстэмаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ