Усяго ў краіне заразіліся 87147 чалавек. На раніцу 27 красавіка ў Расеі зафіксавалі 6198 новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, паведаміў апэратыўны штаб. Гэта на 163 выпадкі менш, чым дзень таму.
Агульнай колькасьцю хворых Расея абагнала Кітай, дзе, паводле афіцыйных зьвестак, зарэгістравалі 83 912 выпадкаў хваробы COVID-19.
За мінулыя содні ў Расеі памерлі 50 чалавек з пацьверджаным дыягназам «каранавірусная інфэкцыя», напярэдадні памерлі 66 чалавек. Усяго з пачатку эпідэміі ў краіне ад новага каранавірусу загінулі 794 чалавекі.
Паправіліся 7346 чалавек, у тым ліку 579 чалавек за апошнія содні.
За мінулыя суткі, паведаміў «Роспотребнадзор», зробленыя 139 тысяч тэстаў на каранавірус. Агульная колькасьць тэстаў, праведзеных у Расеі з пачатку пашырэньня каранавірусу, перавысіла тры мільёны.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ