Міністэрства аховы здароўя Беларусі 22 красавіка апублікавала ў сваім Telegram-канале статыстыку распаўсюду COVID-19 у Беларусі.
Паводле міністэрства, на раніцу 22 красавіка ў Беларусі:
- агулам 7281 выпадак інфікаваньня людзей новым каранавірусам зафіксаваны з пачатку эпідэміі;
- памерлі 58 пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй, якія, як сьцьвярджае міністэрства, мелі «шэраг хранічных захворваньняў»;
- паправіліся і выпісаныя 769 пацыентаў, плюс 192 за дзень;
- гэта значыць, зафіксавалі за дзень 558 новых выпадкаў і 3 новыя сьмерці;
- ад пачатку эпідэміі праведзена 114 955 тэстаў на каранавірус, іх робяць у 25 дзяржаўных і прыватных установах, за дзень правялі 6410 тэстаў, што на чатыры сотні больш, чым у мінулы дзень
- колькасьць пацыентаў у цяжкім ці крытычным стане, а таксама колькасьць хворых, выпраўленых дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Днём раней Мінздароўя прызнала 6723 выпадкі каранавірусу ў Беларусі (459 новых выпадкаў за дзень) і 55 сьмерцяў ад COVID-19. Статыстыку рэгіёнаў паведамляць ня сталі, бо яна «істотна не зьмянілася».
Раней лічбы, якія Мінздароўя называла па асобных раёнах, не супадалі з названымі раённымі ўладамі. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае ў памерлыя ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
21 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя апублікавала вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала да дадатковых захадаў дыстанцыяваньня, скасаваньня масавых мерапрыемстваў і пераходу на дыстанцыйную адукацыю.
У той жа дзень Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг выказваньняў пра сытуацыю з эпідэміяй каранавірусу ў Беларусі:
- «Нам вельмі моцна падставіць плячо Эўропа, асабліва міжнародныя банкі і фонды», а грошы ад іх пойдуць на «мадэрнізацыю сыстэмы аховы здароўя».
- «Цяпер гэты каранавірус стаў палітыкай. Усе глядзяць, за што б укусіць Лукашэнку, Беларусь».
- «Зь мяне ў сьвеце ўсё жартуюць, асабліва ў Расеі, вось Лукашэнка кажа, што ў Беларусі ад каранавірусу ніхто не памёр», і нават у Магілёўскай вобласьці, заявіў Лукашэнка, ад гэтага вірусу нібыта ніхто не памёр.
- «Нельга дзецям гэтыя маскі надзяваць, асабліва ў школе», а патрабаваньні насіць у школах маскі, выкарыстоўваць антысэптыкі і рассаджваць дзяцей далей — «глупства», «ашуканства» і «паказуха».
- «Апазыцыянэры пачалі папісваць: вось, Лукашэнка там „адказнасьць пераклаў“ на бацькоў. Слухайце, ну дзікунства поўнае. Я, напэўна, залішне бяру на сябе адказнасьць».
- Сусьветная арганізацыя здароўя — «гэта міжнародная арганізацыя, у якой дастаткова заўсёды палітыкі», «яны да нас любові ня маюць».
- WHO, па словах Лукашэнкі, нібыта «нам шмат раілі, аж да карантыну, магчыма, камэнданцкі час».
- «Мы практычна, калі меркаваць па Магілёўшчыне, насыцілі маскамі рынак. Ужо няма той вастрыні», і цяпер час прадаваць маскі за мяжу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.