20 красавіка цэны на травеньскія ф'ючэрсы (кантракты па пастаўках на травень) на тэхаскую нафту WTI абваліліся да мінусавога значэньня. Абрынулася таксама разьліковая цана на нафту маркі Urals, якой гандлююць расейскія кампаніі, — мінус 2 даляры за барэль. Як гэта адбылося і што значыць для беларускай эканомікі?
Мінус 40,32 даляры за барэль на біржы Нью-Ёрку — такой была цана на ф'ючэрс амэрыканскай нафты West Texas Intermediate (WTI) 20 красавіка. Гэта значыць кантракты з тэрмінам выкананьня 21 красавіка і пастаўкай у траўні. Таксама абвалілася і цана на травеньскія кантракты на расейскую нафту Urals — мінус 2 даляры за барэль.
Ранкам 21 красавіка амэрыканская нафта на таргах была ўжо ў плюсе — 1,4 даляры. Пры гэтым чэрвеньскія кантракты каштавалі 21,33 даляра.
Пракамэнтаваць гэтую сытуацыю мы папрасілі старэйшага аналітыка кампаніі «Альпары» Вадзіма Іосуба.
— Гэта ня быў абвал цаны нафты наагул, гэта быў абвал канкрэтнага травеньскага ф'ючарсу па адным гатунку нафты з выкананьнем сёньня, 21 красавіка. Калі паглядзець на тыя ж ф'ючарсы на WTI на іншыя месяцы, зь імі нічога надзвычайнага не адбывалася. Чэрвеньскі фьючарс таргаваўся па 21 даляры за барэль, пазьнейшыя — яшчэ вышэй. Нічога надзвычайнага не адбывалася і ў іншых гатунках нафты. Вынік ф'ючарснага кантракту — гэта неабавязкова фізычная пастаўка нафты, можа быць і фінансавы вынік.
— Іншымі словамі, ф'ючэрс — гэта фактычна каштоўная папера. Яго цана можа мяняцца і мэтай яго пакупкі можа быць біржавая спэкуляцыя?
— Так. Даволі часта апэрацыі з ф'ючэрсамі не завяршаюцца фактычнай пастаўкай тавару. Тым ня менш усе сутыкнуліся з фэномэнам адмоўнай цаны ўпершыню. Звычайна пры гандлі фьючарзамі існуюць ліміты. Калі на працягу аднаго дня цана ф'ючэрсу вельмі моцна падае ці расьце, гандаль часова спыняецца. Калі пасьля спыненьня тэндэнцыя працягваецца, таргі проста спыняюць да канца дня. Чамусьці пры гандлі гэтым канкрэтным ф'ючэрсам — нафты WTI на травень — гэты мэханізм не спрацаваў. Таргі ажыцьцяўляюць кампутары, альгарытмы. Для іх адмоўная цана — такая ж нармальная, як і станоўчая. Кампутар не разумее рэальнага жыцьця.
— Расейская нафта Urals таксама «апусьцілася» сьледам за WTI?
— Цана расейскай нафты падала, як і цана любой іншай нафты, з пазамінулага чацьвярга, з часу заключэньня апошняй угоды OPEC+. Я ня думаю, што гэта зьвязана з тым, што ўчора нафта WTI каціравалася па адмоўнай цане.
— Існуе наступнае тлумачэньне адмоўнай цаны на нафту: сховішчы нафтавых кампаніяў запоўненыя нафтай пад завязку, попыту няма, збыту няма. Між тым здабыча нафты з радовішчаў працягваецца. Спыніць вытворчы працэс, а потым запускаць яго наноў каштуе грошай. Такім чынам нафтавыя кампаніі сапраўды гатовыя прыплаціць за тое, каб пакупнік фактычна проста разгрузіў іх сховішчы, каб вызваліць іх і не спыняць здабычу. Ці згодны вы з такім тлумачэньнем?
— Гэтае тлумачэньне непраўдападобнае. Насамрэч месца для захаваньня нафты хапае. Яшчэ пазаўчора цана на гэты гатунак нафты была станоўчай. Зыходзячы з гэтага тлумачэньня пазаўчора месцы ў сховішчах яшчэ былі, а ўчора рэзка зьніклі. Але ўчора ж ф'ючарсы на чэрвень гандляваліся ізноў па станоўчай цане. Хіба гэта азначае, што яны ізноў вызваліліся? Так ня можа быць, каб менавіта ўчора, аднамомантна месцы ў сховішчах скончыліся і нафтавыя кампаніі вырашылі, што за нафту трэба прыплачваць. Такое тлумачэньне ўчорашняга фэномэну з адмоўнай цаной фьючарзу на нафту WTI не вытрымлівае крытыкі.
— А калі нехта купіў учора ф'ючэрс на барэль WTI у траўні — яму і сапраўды даплацяць за гэтую бочку?
— Ну так. Калі ў гэтага некага ёсьць грошы аплаціць лягістыку, то атрымае прыплату. Але лягістыка яму выйдзе даражэй.
— А на Беларусі гэтыя цуды з адмоўнай цаной на адзін гатунак амэрыканскай нафты неяк адаб’юцца?
— На Беларусі адбіваецца рух на рынку «жывой», матэрыяльнай нафты Urals, а не на «папяровым», фінансавым рынку нафтавых ф'ючэрсаў нафты WTI. Цана нафты Urals зьніжалася ўчора, магчыма, будзе працягваць зьніжацца, але не да нуля.
— У сакавіку падзеньне цаны расейскай нафты вяло да падзеньня курсаў і расейскага, і беларускага рублёў. Цяперашняе падзеньне цаны Urals можа прывесьці да таго самага зараз?
— Учора на Маскоўскай біржы цана нафты маркі BRENT таксама падала. Але курс расейскага рубля ня падаў. Яны зьвязаныя, але не наўпрост. Не любое падзеньне цаны нафты выклікае сувымернае падзеньне курсу расейскага рубля. Але тэарэтычна нельга выключаць падзеньня курсу расейскага рубля да 80 за даляр, як яно было ў сакавіку. Адпаведна нельга выключаць і імавернасьці, што беларускі рубель патаньнее адносна даляру.