Ноччу 20 красавіка раптоўна памёр лекар-рэаніматоляг Лідзкай цэнтральнай раённай лякарні. На сайце лякарні пішуць, што папярэдне прычынай сьмерці называюць вострую каранарную недастатковасьць.
Супрацоўнік лякарні расказаў Tut.by, што памерламу было 43 гады. Мужчына адчуў сябе кепска падчас начной зьмены — працаваў у рэанімацыі з пацыентамі з COVID-19 у рэжыме 6 праз 6 гадзін.
Асобная рэанімацыя для пацыентаў з новым каранавірусам адкрылася ў лідзкай лякарні 17 красавіка, кажа супрацоўнік лякарні. Колькі там пацыентаў з COVID-19, ня ведаюць нават лекары, кажа ён.
«Інфэкцыйнае аддзяленьне запоўненае, было некалькі цяжкіх пацыентаў у рэанімацыі, — перадае Tut.by словы суразмоўцы. — Былі і тыя, хто ляжаў у тэрапіі, потым пацьвярджаўся аналіз, і іх пераводзілі ў інфэкцыйнае. Разумееце, у нас цяпер няма плянэрак, няма ніякай інфармацыі, усе сядзяць па сваіх аддзяленьнях, часам электроннай поштай дасылаецца загад Міністэрства аховы здароўя».
Супрацоўнік лякарні сьцьвярджае, што «каранавірусная» рэанімацыя і пульманалёгія цалкам укамплектаваныя сродкамі індывідуальнай абароны, але ў іншых аддзяленьнях няма масак на кожны дзень.
У раённым аддзеле Сьледчага камітэту Tut.by паведамілі, што па факце сьмерці лекара праводзіцца праверка, прызначаная судова-мэдычная экспэртыза.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.