10 красавіка галоўны доктар Ушацкага раённага шпіталя Сяргей Маісееў паведаміў у інтэр’ю газэце «Патрыёт», што з пнэўманіяй лечыцца 35 пацыентаў. 16 красавіка «раёнка» паведаміла пра 53 хворых на пнэўманію, прычым двое на апаратах ШВЛ.
Пазней гэты матэрыял з сайту газэты «Патрыёт» быў выдалены, але застаўся ў памяці гугла, паведамляе «Наша Ніва», якая цытуе інтэрв’ю галоўнага доктара Сяргея Маісеева.
«Зараз у рэанімацыйным аддзяленьні, разьлічаным на шэсьць ложкаў, устаноўлена чатыры сучасныя апараты ШВЛ, яшчэ два ёсьць у запасе. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў укамплектаванасьці на Віцебшчыне. У экстранным выпадку (аднак спадзяюся, што гэтага не спатрэбіцца!) можна выкарыстоўваць наркозна-дыхальныя апараты, якія таксама ў дастатковай колькасьці нашых апэрацыйных», — распавёў галоўны доктар Сяргей Маісееў 10 красавіка.
Ён таксама адзначыў, што адзін апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх з Ушачаў перададзены Докшыцам, дзе сытуацыя з каранавірусам найгоршая ў рэгіёне.
Насельніцтва Ушацкага раёна — менш за 14 тысяч чалавек. Спачатку цяжжая сытуацыя з каранавірусам і пнэўманіямі склалася ў Віцебску, пасьля распаўсюдзілася на Докшыцкі, Бешанковіцкі, Лёзненскі, Шумілінскі раёны. Цяпер далучыўся Ушацкі раён. Трывожныя весткі даходзяць таксама з Пастаўскага раёна, Оршы, Полацка і Наваполацка.