Нацыянальная паліцыя і гвардыя Ўкраіны кантралююць усе выхады з Кіева-Пячорскай лаўры, якую закрылі на карантын пасьля сьмерці двух манахаў, што заразіліся каранавірусам.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«У Лаўры правялі ўзмоцненую дэзынфэкцыю ўсіх будынкаў, а таксама памяшканьняў духоўнай акадэміі ды сэмінарыі. Там усталяваныя мэдычныя пасты, на якіх штодзённа вымяраюць тэмпэратуру і ўзровень аксігенацыі ў манахаў, якія маюць прыкметы захворваньня і лечацца ў рэжыме самаізаляцыі», — паведаміў на брыфінгу мэр Кіева Віталь Клічко.
Паводле яго, мэдычны агляд прайшлі 230 служыцеляў лаўры і 68 студэнтаў духоўнай сэмінарыі: дваіх шпіталізавалі, адзін адмовіўся ад шпіталізацыі, 130 — інфікаваныя.
14 красавіка пахавалі першага з памерлых манахаў Кіева-Пячорскай лаўры — архімандрыта Нектарыя, якому было 73 гады. Як паведамляюць украінскія СМІ, хавалі яго ў закрытай труне, абматанай да таго ж плёнкай. Сьвятар праводзіў службу ў масцы, а магілу капалі людзі ў адмысловых засьцерагальных касьцюмах.
На пачатку красавіка лекары дыягнаставалі COVID-19 у кіраўніка Кіева-Пячэрскай лаўры мітрапаліта Паўла (Лебедзя). За некалькі дзён да захворваньня ён запісаў відэазварот да вернікаў, у якім заклікаў не баяцца вірусу: «Нічога ня бойцеся... маліцеся, пасьціце, хадзіце ў храм, прычашчайцеся і прычашчайце маленькіх дзяцей. Не глядзіце — старэйшае пакаленьне, малодшае пакаленьне — усе сьпяшайцеся ў храм!».
З 14 красавіка ўсе службы ў цэрквах Кіева-Пячэрскай лаўры ідуць у закрытым рэжыме, але адбываецца іх жывая трансьляцыя праз інтэрнэт.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ