Увечары 11 красавіка ва ўсіх каталіцкіх касьцёлах, грэка-каталіцкіх капліцах і пратэстанцкіх малітоўных дамах Беларусі адбыліся сьвяточныя набажэнствы. Да вернікаў з адмысловым пасланьнем зьвярнуўся старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У звароце ён адзначыў, што Вялікдзень — гэта сьвята веры і надзеі на вечнае жыцьцё. А таксама згадаў пра пандэмію каранавірусу.
«Гэтая ісьціна — галоўнае пасланьне сьвята Ўваскрашэньня Хрыстова, — цытуе кіраўніка каталіцкага касьцёла Беларусі агенцтва БелаПАН. — Пра яе мы, хрысьціяне, павінны заўсёды памятаць і ёю жыць. Яе актуальнасьць падкрэсьлівае таксама і выкліканая пандэміяй каранавірусу сытуацыя, у якой уваскрашэньне Хрыстова зьяўляецца промнем надзеі, нават насуперак надзеі. Як Ісус выйшаў з цёмнай магілы жывым, так і мы верым, што дзякуючы Богу, намаганьням лекараў і тых, хто нясе адказнасьць за грамадзкі парадак, якім мы бязьмерна ўдзячныя за іх ахвярнае служэньне, гэтак жа зможам пасьпяхова выйсьці з цемры эпідэміі, якая ахапіла зямлю, у сьвет жыцьця».
Арцыбіскуп Кандрусевіч таксама адзначыў, што перад «пэрспэктывай будучыні, якую раскрывае ісьціна ўваскрашэньня», трэба засяродзіцца «на некаторых тэндэнцыях жыцьця сучаснага чалавека». Паводле яго слоў, матэрыяльныя каштоўнасьці, дух спажывальніцтва, задавальненьня і кар’ерны рост цяпер «зьяўляюцца галоўнымі крытэрамі посьпеху сучаснага чалавека».
Праз эпідэмію каранавірусу каталіцкі касьцёл Беларусі ўпершыню дазволіў вернікам асьвячаць велікодныя стравы дома перад тэлевізарам. Для гэтага ладзілася адмысловая трансьляцыя. Праваслаўныя вернікі Беларусі адзначаць Вялікдзень праз тыдзень — 19 красавіка.