Экспэрты Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (IAEA, МАГАТЭ), якія праводзілі дадатковую ацэнку стану пашкоджанага сёлета ў лютым у выніку расейскіх абстрэлаў новага саркафагу над аварыйным блёкам, заявілі, што ён страціў свае асноўныя функцыі бясьпекі.
Як адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі, місія МАГАТЭ пацьвердзіла, што ўкрыцьцё ня можа цалкам забясьпечваць ізаляцыю над аварыйным блёкам, але, у той жа час, ня выявіла пашкоджаньняў апорных канструкцый сі сыстэм маніторынгу.
«На даху правялі абмежаваны часовы рамонт, але своечасовае і комплекснае аднаўленьне застаецца неабходным, каб папярэдзіць далейшую дэградацыю і забясьпечыць доўгатэрміновую ядзерную бясьпеку», — сказаў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.
Місія МАГАТЭ рэкамэндавала і далей праводзіць аднаўленчыя работы, каб забясьпечыць ахову канструкцый, у тым ліку ўзмацніць кантроль вільготнасьці, а таксама абнавіць праграму маніторынгу карозіі і інтэграваную аўтаматычную сыстэму маніторынгу канструкцыі аб’екта.
У 2026 годзе пры падтрымцы Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) на Чарнобыльскай пляцоўцы правядуць дадатковыя часовыя рамонтныя работы для аднаўленьня функцыі ізаляцыі аб’екта.
«МАГАТЭ, каманда якой пастаянна знаходзіцца на пляцоўцы, будзе працягваць рабіць усё магчымае для падтрымкі намаганьняў па поўным аднаўленьні ядзернай бясьпекі на Чарнобыльскай пляцоўцы», — падкрэсьліў Рафаэль Гросі.
У канцы лістапада Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (IAEA, МАГАТЭ) накіравала на Чарнобыльскую АЭС дадатковы пэрсанал для правядзеньня комплекснай ацэнкі бясьпекі пашкоджанага сёлета ў лютым у выніку расейскіх абстрэлаў новага саркафагу над аварыйным блёкам.
Расейскі ўдарны дрон з фугаснай баявой часткай у ноч на 14 лютага пацэліў ва ўкрыцьце аварыйнага 4-га энэргаблёку Чарнобыльскай атамнай станцыі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ня выключыў, што атака магла быць мэтанакіраванай. Паводле яго, дрон ляцеў на вышыні 85 мэтраў, а радары ня бачаць цэляў на такой вышыні.
У Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня паведамілі, што ў часе агляду канфайнмэнту зафіксавалі пашкоджаньні вонкавай абшыўкі аркі і апорных канструкцый гаража, плошча скразнога пашкоджаньня складала прыблізна да 15 квадратных мэтраў. Разам з гэтым кіраўнік ведамства Рыгор Ішчанка заявіў, што «сумных наступстваў» на Чарнобыльскай АЭС удалося пазьбегнуць.
Форум