Пандэмія SARS-CoV-2 будзе працягвацца да таго часу, пакуль навукоўцы не распрацуюць вакцыны супраць каранавіруснай хваробы, заявіў 12 красавіка спэцпрадстаўнік у праблемах COVID-19 пры Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Дэвід Набара. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію NBC News 12 красавіка.
Паводле Набара, характар каранавірусу адрозьніваецца ад характару сэзоннага грыпу.
«Мы ня ўпэўненыя, што гэта [COVID-19. — РC] будзе адбывацца хвалямі, як грып. Мы лічым, што гэты вірус будзе працягваць перасьледаваць чалавецтва яшчэ доўга, пакуль мы ўсе не атрымаем вакцыны, здатнай абараніць нас», — заявіў ён.
Як зазначыў прадстаўнік WHO, хоць колькасьць пацыентаў у Эўропе скарачаецца, хвароба распаўсюджваецца і ў іншыя часткі сьвету, таму ўсе краіны павінны мець належную інфраструктуру.
«Што да гэтага канкрэтнага вірусу, то ключавой зьяўляецца наяўнасьць у кожнай супольнасьці пэўнага ахоўнага бар'еру, які зможа фіксаваць пацыентаў, як толькі яны зьявяцца, ізаляваць іх і прадухіліць успышку. Неабходна, каб у кожнай краіне была такая магчымасьць», — дадаў Набара.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.