Заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч стаў першай ахвярай каранавірусу ў Беларусі. Сёлета ён адзначыў 75-гадовы юбілей.
Нарадзіўся Віктар Дашкевіч 3 студзеня 1945 году ў вёсцы Вяціцераўка Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці. Выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту (курс Веры Рэдліх). Практычна ўсё ягонае творчае жыцьцё было зьвязанае зь віцебскай сцэнай.
Тэатральны рэжысэр Мазынскі: «Са студэнцкіх гадоў быў сур’ёзны, адказны»
У Нацыянальны драматычны тэатар імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч паступіў на службу ў 1973 годзе, працяглы час выконваў абавязкі загадчыка трупы. Толькі аднойчы здарыўся невялікі перапынак: цягам 1990-1991 гадоў у тым жа Віцебску ён быў дырэктарам Беларускага тэатру «Лялька». За сваю творчую біяграфію атрымаў шэраг дзяржаўных узнагарод, у тым ліку мэдаль Францішка Скарыны.
На Коласаўскай сцэне Дашкевіч выканаў дзясяткі запамінальных роляў: Палікара («Званы Віцебска» У. Караткевіча), Хамутова («Правінцыйныя анэкдоты» А. Вампілава), Арсэна («Чужы» Л. Ніканенкі), Добчынскага («Рэвізор» М. Гогаля), Мнішка («Чорная нявеста» А. Дударава), Мюлера («Тузы» У. Відмэра), Скацініна («Недарасьць» Д. Фанвізіна), Сорына («Чайка» А. Чэхава), Сьцяпана («Памінальная малітва» Р. Горына), Лукі Скарыны («Кракаўскі студэнт» Г. Марчука), Вучня («Апошнія сьведкі» С. Алексіевіч), Грыня Дубатоўка («Дзікае паляваньне караля Стаха» У. Караткевіча), мітрапаліта Балвановіча («Хрыстос прызямліўся ў Гародні» У. Караткевіча), князя Вэроны («Рамэа і Джульета» У. Шэксьпіра) ды многія іншыя.
Шмат гадоў поруч зь Віктарам Дашкевічам знаходзіўся Валер Мазынскі. Яны пасябравалі яшчэ ў часы навучаньня ў менскім тэатральна-мастацкім інстытуце, потым сумесная праца працягвалася ў бытнасьць Мазынскага галоўным рэжысэрам драмтэатру ў Віцебску, ён жа быў адным з ініцыятараў стварэньня дзяржаўнага тэатру «Лялька», якім пасьпеў пакіраваць ягоны сябра.
«Вучыліся разам, доўгі час працавалі ў адным тэатры, натуральна, сябравалі, — расказвае Свабодзе рэжысэр. — Яшчэ са студэнцкіх гадоў Віктар быў надзвычай сур’ёзны, адказны, нездарма потым даверылі кіраваць трупай. Адным словам, чалавек, у якім упэўнены — акурат той выпадак, калі ня страшна ў разьведку пайсьці.
Зразумела, у мяне шок. Калі прачытаў днямі, што кагосьці зь віцебскіх артыстаў забралі з падазрэньнем на вірус, пра яго нават не падумаў... Потым ужо адна акторка сказала, што Віця даўно кашляў. Чаму не зьвярнулі ўвагі? Ну дык што цяпер разьбірацца? Каб толькі больш трупаў ня стала. Яшчэ не тэлефанаваў Сьвятлане, проста рука не падымаецца. Яна ж таксама была ў шпіталі. Ня ведаю, як яны там трываюць, бо і дзеці, і ўнукі засталіся...»
Экс-дырэктар тэатру Шацько: «Памёр у літаральным сэнсе на баявым пасту»
Нягледзячы на паважны ўзрост, Віктар Дашкевіч да самай шпіталізацыі быў задзейнічаны ва ўсіх значных тэатральных пастаноўках. Ягоны калега, былы дырэктар Коласаўскага тэатру Рыгор Шацько, кажа, што старыя выходзяць на сцэну з адной прычыны — «каб ня выцягнуць ног». Заробкі артыстаў не даюць гарантыі прыстойнай пэнсіі, даводзіцца да скону зарабляць выступамі.
«Віктар старэйшы за мяне на 15 гадоў. Нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце, мы абодва ў зоне рызыкі — астма, бранхіт. Хадзіў у тэатар да апошняга, жонка Сьвятлана таксама працавала. Трэба выжываць, міласьці ад дзяржавы не дачакаесься. Памёр у літаральным сэнсе на баявым пасту. І што? Нас гоняць на рэпэтыцыі... Хочуць пахаваць і астатніх?
Я б і сам ужо даўно спыніўся, але ж пэнсіі няма, трывай. Кажу як віцебскі малец. Тое, што здарылася з Віктарам, — справа надзвычайная. На жаль, нашыя правадыры не пралічваюць наступстваў. Я разумею, што няма грошай, што без эканомікі будзем з голаду паміраць. Але чалавечае жыцьцё — найважнейшая рэч. І ня думайце, што вірус забірае толькі старых: ня стане нас, на вас перакінецца».
20 сакавіка Віктар Дашкевіч і ягоная жонка Сьвятлана, загадчыца тэатральнай трупы, адчулі сябе кепска, паднялася тэмпэратура. На наступны дзень іх паклалі ў лякарню.
У мужчыны, які ўжо меў хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх, пацьвердзілі COVID-19. Тыдзень ён знаходзіўся ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У ноч на 31 сакавіка памёр. Жанчыне канстатавалі пнэўманію, 5 дзён яна праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску. Лячылі антыбіётыкамі, пасьля чаго выпісалі.
Пазьней шпіталізавалі яшчэ некалькі супрацоўнікаў тэатру — усіх з падазрэньнем на пнэўманію. І яны, і тыя, хто засталіся на працы, у большай ці меншай ступені кантактавалі з Дашкевічамі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ