Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка рэагуе на каранавірус ня так, як усе навокал?


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандр Лукашэнка дэманстратыўна выказаў пагарду ўсяму сьвету з прычыны надзвычайных захадаў дзеля непашырэньня каранавірусу. Асабліва абурыўся дзеяньнямі Расеі.

Сьцісла

  • Беларусь — адзіная краіна ў рэгіёне, якая не закрыла межаў, не ажыцьцявіла іншыя больш жорсткія захады супраць пашырэньня каранавірусу.
  • Лукашэнка прынцыпова заняў іншую пазыцыю што да бяды, зь якой змагаецца ўвесь сьвет.
  • Гэтая пазыцыя вынікае зь філязофіі, якую вызнае палітычны рэжым у Беларусі.
  • Велізарнае абурэньне Лукашэнкі выклікала рашэньне Расеі закрыць мяжу зь Беларусьсю, бо гэта разбурае статус Беларусі як найбліжэйшага, эксклюзіўнага саюзьніка РФ.

Беларусь ідзе не ў нагу са сьветам

У зьвязку з пандэміяй каранавірусу краіны сьвету адна за адной закрываюць межы, абʼяўляюць надзвычайнае становішча, уводзяць карантын. Суседзі Беларусі — Літва, Латвія, Польшча, Украіна — днямі зрабілі тое самае. У панядзелак 16 сакавіка Расея абвясьціла, што закрывае мяжу зь Беларусьсю.

Атрымоўваецца, што Беларусь — адзіная краіна ў рэгіёне, якая не закрыла межаў, не ажыцьцявіла іншыя больш жорсткія захады супраць пашырэньня каранавірусу.

Больш за тое, Аляксандар Лукашэнка у гэты ж дзень дэманстратыўна выказаў пагарду ўсяму сьвету за падобныя захады і з гонарам сказаў, што Беларусь нічога гэтага рабіць не зьбіраецца. Кіраўнік Беларусі заявіў: «Вы бачыце — сьвет зварʼяцеў ад каранавірусу або, можа быць, на падставе гэтых усіх разваг пра каранавірус. Але для нас ня гэта галоўнае і страшнае. Мы гэтыя вірусы перажывалі, перажывем і гэты».

А пазьней, падчас іншай нарады, кіраўнік дзяржавы дадаў: «Нам ня трэба закрывацца ні ад палякаў, ні ад расейцаў, ні ад украінцаў. Яны хочуць — хай закрываюцца. Нам ня трэба гэтага рабіць, бо гэта пустое». І заклікаў беларусаў: «Ня бегайце па аптэках і не скупляйце маскі, спэцвопратку ці нейкія лекі».

У аўтарытарнай дзяржавы свая палітычная філязофія

Чым тлумачыцца такая дзіўная, у нечым пэрпэндыкулярная пазыцыя Лукашэнкі стасоўна бяды, зь якою змагаецца ўвесь сьвет?

Існуюць відавочныя матывы, якія ляжаць на паверхні і вынікаюць з той філязофіі, якую вызнае існы рэжым. Галоўнае ў краіне — не асобны чалавек, а дзяржава. А ў дзяржаве павінен быць парадак. Паніка і парадак — рэчы несумяшчальныя.

Акрамя таго, у аўтарытарнай дзяржаве не існуе прамой адказнасьці, падсправаздачнасьці улады перад грамадзтвам. Улада не залежыць ад галасоў выбарнікаў.

Лукашэнка ў пэўным сэнсе стаў закладнікам свайго канцэпту стабільнасьці. Доўгімі гадамі дзяржаўная прапаганда фармавала вобраз Беларусі як выспы спакою і бясьпекі на тле катаклізмаў, якія віруюць у сьвеце. Памятаеце, як падчас усясьветнага эканамічнага крызісу Лукашэнка як заклён паўтараў: у нас няма ніякага крызісу, забудзьце пра яго. І цяпер зьявілася спакуса мацней зацьвердзіць гэты вобраз на фоне таго, што «сьвет зварʼяцеў ад каранавірусу».

А яшчэ Лукашэнка доўгі час ганарыўся тым, што Беларусь у 1990-я гады не пайшла ўсьлед за суседнімі краінамі шляхам рынкавых рэформаў і дэмакратыі. Быў выбраны альтэрнатыўны варыянт (беларуская сацыяльная мадэль), на які, паводле яго, з зайздрасьцю глядзеў увесь постсацыялістычны сьвет. І цяпер Лукашэнка спрабуе рэанімаваць той досьвед, зноў ісьці не ў нагу з суседзямі, каб потым давесьці: «мы мелі рацыю».

Іншы момант. Перавага Беларусі, з гледзішча Лукашэнкі, палягае ў тым, што тут дзяржава кантралюе ўсё. Таму ўлада лёгка і хутка здольная ўзяць любую сытуацыю пад кантроль. І з гэтага гледзішча няма неабходнасьці забягаць наперад.

Кансьпіралягічная вэрсія

І яшчэ. Лукашэнка ў стаўленьні да значных усясьветных падзеяў кіруецца кансьпіралягічнай лёгікай. Калі здараюцца нейкія забурэньні ўсясьветнага маштабу, то, як ён лічыць, за імі стаіць, іх арганізавала нейкая закуліса. Хто спрычыніўся да распаду СССР, «каляровых рэвалюцыяў»? Ну, вядома ж, Захад. Хто арганізаваў фінансавы крызіс 2008–2009 гадоў? Пэўныя фінансавыя колы.

Калі дзясятак гадоў таму па сьвеце распаўсюджваўся птушыны грып, Лукашэнка камэнтаваў гэта так. Маўляў, фармацэўтычныя кампаніі штучна разьдзімаюць ажыятаж і паніку, каб зарабіць грошы на леках. Думаю, нейкае падобнае бачаньне сытуацыі ў яго і цяпер, пра што ён і кажа: «Былі і складанейшыя вірусы: і сьвіны, і птушыны, і атыповая пнэўманія. Потым ахалі і войкалі, адкуль гэта зьявілася: вось, бачыце, СМІ вінаватыя, што яны занадта шырока і ня так асьвятлялі праблемы. Напэўна, і гэтым разам СМІ абвінавацяць праз месяц-другі. Хоць і да іх прэтэнзіяў нямала».

Але, займаючы такую пазыцыю, Лукашэнка вельмі рызыкуе. Калі сытуацыя з каранавірусам пойдзе у Беларусі паводле нэгатыўнага сцэнару, барані Божа, пачнуць паміраць людзі, то ўсе будуць абвінавачваць менавіта яго. Чаму не перастрахаваўся, не пайшоў на прэвэнтыўныя захады, не зрабіў таго, што робяць суседзі? Цяперашняя палітыка — гэта гульня з агнём.

Абурэньне дзеяньнямі Расеі

Ня менш цікавы сюжэт — гэта рэакцыя Лукашэнкі на закрыцьцё Расеяй межаў зь Беларусьсью. Тут ён даў поўную волю свайму абурэньню, не шкадучы чорных фарбаў у ацэнцы дзеяньняў расейскага ўраду. «У нас няма мяжы, таму закрываць няма чаго», — заявіў ён. І абрынуўся з асабістымі абразамі на адрас кіраўніка расейскага ўраду Міхаіла Мішусьціна: «Мне здаецца, што там больш заклапочаныя, як Маскву нейкім плотам абгарадзіць, і думаюць: ня дай божа, урад Расейскай Фэдэрацыі заразіцца. Што будзе? А ня дай божа, зь Мішусьціным нешта здарыцца. Напэўна, больш за ўсё пра гэта думаюць і пачалі здалёк».

Чаму такая рэакцыя?

Найперш таму, што згаданым рашэньнем закрыць мяжу Масква дэманструе, што зь яе гледзішча насамрэч ніякай «саюзнай дзяржавы» не існуе. Беларусь шмат гадоў прэтэндуе на статус найбліжэйшага, асаблівага, эксклюзіўнага саюзьніка Расеі. І вось такім рашэньнем Расейская Фэдэрацыя разбурае такі вобраз. Глядзіце, Расея закрыла межы з Кітаем, Латвіяй, Украінай, Малдовай. І вось цяпер зь Беларусьсю. А, напрыклад, з Казахстанам ці Азэрбайджанам мяжа не закрытая. І як гэта можна трываць?

Таксама Лукашэнку абурыў сам тэрмін «закрыцьцё мяжы». Гэта таксама удар па асабістым іміджы Лукашэнкі. Ён жа надта ганарыцца тым, што якраз адкрыў мяжу з Расеяй (выкопваў памежны слуп зь Віктарам Чарнамырдзіным). А цяпер Масква руйнуе ягоны подзьвіг.

Яшчэ Лукашэнку абурыла тое, што Масква прыняла рашэньне явачным парадкам, загадзя не папярэдзіўшы саюзьніка: «Як можна прымаць такія рашэньні? Ці, не параіўшыся, паставіць перад фактам?».

Ну і, зразумела, Беларусь панясе эканамічныя страты, калі перапыніцца транзыт грузаў празь яе. Пра гэта таксама казаў Лукашэнка.

Увогуле ствараецца ўражаньне, што кіраўніцтва Беларусі проста не пасьпявае рэагаваць на хуткія перамены вакол. Адзінае, што застаецца, — абурацца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG