Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасланьнік папы Рымскага расказаў Лукашэнку пра важнасьць дыялёгу


Пасланьнік папы Рымскага Кляўдыё Гуджэроцьці і Аляксанжар Лукашэнка на сустрэчы ў Менску 27 кастрычніка
Пасланьнік папы Рымскага Кляўдыё Гуджэроцьці і Аляксанжар Лукашэнка на сустрэчы ў Менску 27 кастрычніка

Пасланьнік папы Рымскага Кляўдыё Гуджэроцьці, які прыехаў у Беларусь на сьвяткаваньне 100-годзьдзя Пінскай дыяцэзіі, на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам гаварыў аб важнасьці дыялёгу.

«Дыялёг — гэта важна. Глядзець у вочы адзін аднаму, разумець, што ў нас ёсьць тое самае — душа. Тады ўсё магчыма, калі ты адчуваеш, што паважаеш і любіш чалавека. Будучыня ў нашых руках і руках Божых», — працытавала пасланьніка папы дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У публікацыі адзначаецца, што такім чынам Кляўдыё Гуджэроцьці выказаўся наконт «наяўных у Эўропе і сьвеце праблемах».

«Згодны цалкам», — адказаў яму Лукашэнка. Ён назваў Кляўдыё Гуджэроцьці «не чужым» для Беларусі чалавекам і паабяцаў зрабіць так, каб кардыналу больш не прыходзілася чакаць 15 дзён для атрыманьня візы ў Беларусь.

«Вельмі рады, што вы ўзгадалі пра Беларусь і вам спадабалася Беларусь, спадабаліся нашы людзі. Усе. Ня толькі каталікі, праваслаўныя. І іншыя людзі. І нават мусульмане вельмі добра ўспрынялі ваш візыт. Гэта гаворыць пра тое, што той сьлед ваш у Беларусі, прабачце за таўталёгію, ня бясьсьледны», — сказаў Лукашэнка.

Кляўдыё Гуджэроцьці паведаміў, што яму вельмі спадабаліся сьвяткаваньні і сустрэчы з людзьмі ў Пінску, Берасьці і Гомлі. «Сустрэча з людзьмі была цудоўнай. Бо відаць, што ўсьміхаюцца. Адчуваю, што надзея ёсьць. Маладыя ёсьць. Хлопчыкі, дзеці ёсьць. Гэта значыць, што разумеюць, што будучыня бліскучая, калі мы ўсе працуем разам», — падкрэсьліў ён.

Напярэдадні Гуджэроцьці прамаўляў гамілію ў Берасьці, дзе заклікаў чыноўнікаў слухаць народ і дазваляць яму выкарыстоўваць свае здольнасьці. Ён успомніў зачынены ўжо тры гады Чырвоны касьцёл у Менску, а таксама адзначыў, што «Беларусь не павінна адчуваць сябе пакінутай, забытай усімі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG