Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што на аўкцыён для продажу выставілі трохпакаёвую кватэру наваполацкага актывіста Яўгена Вільскага.
Паводле крыніц @vitebsk_info, у гэтай кватэры зарэгістраваныя тры чалавекі. Пазначана стартавая цана 141 710 рублёў.
У 2024 годзе Яўгена Вільскага, які выконвае абавязкі старшыні «Народнай Грамады», завочна судзілі ў Берасьцейскім абласным судзе паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з артыкулам 357 — «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Палітыку завочна прысудзілі 12 гадоў калёніі й штраф у 480 000 рублёў.
Прызначылі завочны суд у справе ініцыятывы «Сумленныя людзі»
Завочны працэс у справе супраць Алены Жылачкінай (Жываглод), Зарыны Сарокінай, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага пачнецца 5 лістапада ў Віцебскім абласным судзе, паведаміла «Вясна».
Былых удзельнікаў ініцыятывы «Сумленныя людзі» будуць судзіць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «распальваньне варожасьці» (ч. 3 арт. 130 КК); «абраза і паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 368, ч. 1 арт. 367 КК) ды іншыя.
Паводле Генэральнай пракуратуры, абвінавачаныя завочна актывісты «ажыцьцяўлялі злачынную дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы» зь ліпеня 2020 году па верасень 2025 году.
Зноў дапоўнілі сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі Telegram-акаўнты «Dzmitryj Spirydай», «Ихтиандры Бреста», сайт «1pr.lіvе», старонка «Ўкантакце» «ДОЛОЙ ЛУКАШЕНКО», сайт «Militant Zone», а таксама старонка «Ўкантакце» «MILITANT BLACK METAL — SHOP», — паведаміў Telegram-канал праваабарончага цэнтру «Вясна».
У Горадні затрымалі колішняга палітвязьня Аляксандра Лаўрэнцьева
Аляксандра Лаўрэнцьева арыштавалі на 15 дзён паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў). Ён павінен выйсьці на волю 1 лістапада, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна» з спасылкай на горадзенскіх праваабаронцаў.
Аляксандра Лаўрэнцьева ў 2022 годзе асудзілі на 3 гады і 4 месяцы зьняволеньня ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму за «абразу Лукашэнкі» і «абразу прадстаўніка ўлады». Улетку 2024 году Аляксандру дадалі яшчэ 1 год зьняволеньня паводле артыкулу 411 КК («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»). Лаўрэнцьеў цалкам адбыў тэрмін і гэтым летам выйшаў на волю.
Аляксандар — палітычны актывіст з Горадні. У 2017 годзе ён выступаў на акцыях пратэсту, зьвязаных з увядзеньнем «падатку на дармаедзтва». У 2019 годзе паставіў намёт перад адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну Горадні, каб вырашыць жыльлёвае пытаньне. У 2020 годзе правёў шэраг акцыяў за ўвод карантыну ў Беларусі падчас пандэміі COVID-19.
Форум