З заявай выступіў прэсавы сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стано. 6 сакавіка сьмяротны прысуд Віктару Скрундзіку за забойства вынес Менскі абласны суд.
«Эўрапейскі Зьвяз пацьвярджае сваё рашучае непрыманьне прымяненьня сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах, — гаворыцца ў заяве. — Сьмяротнае пакараньне парушае неадʼемнае права на жыцьцё, замацаванае ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, і зьяўляецца найбольш жорсткім, бесчалавечным і зьнежаваючым годнасьць пакараньнем. Памылкі правасудзьдзя, непазьбежныя ў любой судовай сыстэме, становяцца незваротнымі.
Ва ўсім сьвеце існуе тэндэнцыя да адмены сьмяротнага пакараньня: у 106 краінах не было ніводнага пакараньня сьмерцю за апошнія 10 гадоў і больш. Калі б Беларусь зьмяніла існуючыя сьмяротныя прысуды і ўвяла мараторый на сьмяротнае пакараньне, гэты было б вельмі станоўчым першым крокам да яго адмены».
29-гадовага Віктара Скрундзіка са Случчыны асудзілі на расстрэл за жорсткае забойства двух старых у вёсках Ульянаўка Слуцкага раёну і Сухоўчыцы Капыльскага раёну.
Больш за 400 сьмяротных прысудаў за 20 гадоў
Беларусь — адзіная ў Эўропе дзяржава, дзе працягвае прымяняцца сьмяротнае пакараньне. За апошнія 20 гадоў у краіне расстралялі больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакараньня.
Эўрапейскія структуры і праваабарончыя міжнародныя арганізацыі неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, а ў пэрспэктыве — адмяніць яго цалкам.