Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цёплая зіма стрымлівае тэмпы росту эканомікі Беларусі, — Эўразійскі банк разьвіцьця


Цёплая зіма нароўні са скарачэньнем вытворчасьці калійных угнаеньняў і памяншэньнем выпуску ў нафтаперапрацоўцы сталі ключавымі прычынамі запаволеньня тэмпаў росту ВУП Беларусі ў 2019 годзе, лічаць экспэрты Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР), піша Interfax.by.

«Стрымальна ўзьдзейнічаць мог кліматычны фактар, які прывёў да скарачэньня выпрацоўкі электраэнэргіі. Памяншэньне выпуску калійных угнаеньняў абмяжоўвае рост прамысловасьці і праяўляецца ў слабых выніках транспартнай дзейнасьці і аптовага гандлю», — адзначаецца ў чарговым аглядзе эканомік краінаў – удзельніц ЭАБР.

Паводле экспэртаў, «застаецца нізкай вытворчая актыўнасьць». Так, выпуск галін апрацоўчай прамысловасьці па выніках студзеня–лістапада 2019 году вырас на 0,8%.

«Слабы рост шмат у чым тлумачыцца зьніжэньнем вытворчасьці хімічных прадуктаў (з прычыны рамонтных работ на «„Беларуськаліі“ ўвосень 2019 году), а таксама падзеньнем аб’ёмаў нафтаперапрацоўкі», адзначаецца ў аглядзе. На думку экспэртаў, «у 2020 годзе вытворчыя вынікі прамысловасьці шмат у чым будуць вызначацца дынамікай нафтаперапрацоўчай і хімічнай галін».

Згодна з ацэнкай экспэртаў, у Беларусі запавольваецца і ўнутраны попыт. У студзені–лістападзе 2019 году скараціліся тэмпы прыросту розьнічнага гандлю і абароту грамадзкага харчаваньня (да 4,4% і 6,7% адпаведна). Гэта тлумачаць зьмяншэньнем інтэнсіўнасьці крэдытаваньня і запаволеньнем росту даходаў насельніцтва.

Стрымальны ўплыў на паказьнікі індустрыяльнага сэктару ў 2019 годзе быў таксама і ад запаволеньня эканамічнай актыўнасьці ў краінах – асноўных гандлёвых партнэрах Беларусі, а таксама ад пераацэненасьці нацыянальнай валюты, лічаць экспэрты.

Падтрымлівае эканоміку па-ранейшаму сельская гаспадарка, адзначаецца ў аглядзе.

Экспэрты банку мяркуюць, што ў пачатку 2020 году тэмп росту эканомікі Беларусі працягне запавольвацца, «у тым ліку з прычыны зьмяншэньня выпуску нафтаперапрацоўчай галіны».

ВУП Беларусі ў 2019 годзе вырас на 1,2%. Міністэрства фінансаў Беларусі ў пачатку лістапада прагназавала, што па выніках 2019 году чакае росту аб’ёмаў рэальнага валавога ўнутранага прадукту на 2,9% да мінулага году. Гэта істотна менш, чым задача, якую ставіў на 2019 год Аляксандар Лукашэнка, — плянаваўся рост ВУП на «ня менш за 4%» у суадносных цэнах. Бюджэт краіны на 2019 год фармавалі, зыходзячы з кансэрватыўнага сцэнару росту эканомікі на ўзроўні 2,1%.

У 2018 годзе ВУП Беларусі вырас на 3%, у 2017—м — на 2,4%. У 2015 і 2016 годзе ВУП падаў на 3,8% і 2,5% адпаведна.

На 2020 год беларускія ўлады спачатку заплянавалі рост ВУП на 2,5%, але пасьля крытыкі Лукашэнкі павялічылі гэтую лічбу да 2,8%. Бюджэт на 2020 год разьлічылі на рост ВУП на 1,9% — гэта «базавы» сцэнар эканамічнага разьвіцьця.

Паводле прагнозу Ўсясьветнага банку, беларускі ВУП за 2020 год вырасьце на 0,9%, за 2021 і 2022 — на 0,5% за год. МВФ прагназуе рост у 2020 годзе на 0,3%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG