Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Амэрыканцы» кока-кола ў кубачках, а на «Акрэсьціна» — мандарынкі. Як сьвяткавалі Новы год за кратамі


Дзясятак актывістаў, якія пратэставалі супраць інтэграцыі з Расеяй, сёлетні Новы год правядуць «на сутках». Свабода распытала тых, хто ўжо бавіў Новы год за кратамі, як гэта было.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец, блогер Сяргей Ціханоўскі, адзін з кіраўнікоў КХП БНФ Алесь Чахольскі, актывіст «Моладзевага блёку» Стась Шашок — далёка ня поўны сьпіс тых, хто пратэставаў супраць інтэграцыі і быў асуджаны. Новы год гэтыя людзі правядуць за кратамі.

Свабода прыгадала іншых актывістаў, хто сядзеў на Новы год, і распытала, як гэта.

«Дзіцячае шампанскае не дазволена»

Новы год «на сутках» даводзілася сустракаць актывісту Паўлу Вінаградаву. Да «навагодняга стала» ў іх з сукамэрнікамі былі цукеркі і мандарынкі. А вось шампанскае, хоць і дзіцячае, не дазволілі.

Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў

«Сядзеў у ЦІПе (Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў — РС) і ў той час, калі нават ежу перадаваць было забаронена. Нейкім цудам працягнуў з сабой мандарыны і цукеркі ў камэру, і мы разам з сукамэрнікамі іх зьнішчылі. Але тут ня гэта галоўнае. Галоўнае, што мне расказвала жонка.

Прыношу, кажа, перадачу і, апроч усяго іншага, купіла табе дзіцячае шампанскае, каб настрой навагодні стварыць. Далей супрацоўнік, адказны за прыём перадачаў, пачынае рабіць вопіс, і адбываецца такі дыялёг:

— Шампанскае нельга.

— У сэнсе? Гэта ж дзіцячае шампанскае. Проста газіроўка. (А газіроўку можна.)

— Не. Гэта шампанскае, а шампанскае нельга.

— Малады чалавек. Гэта ж проста назва такая. Там няма алькаголю, гэта газіроўка, а яе можна перадаваць.

— Дзяўчына, ну я ж бачу, што тут напісана „шампанскае“, а шампанскае нельга.

Карацей, бутэльку так і не прыняў», — прыгадвае Павал Вінаградаў.

Юлія Рымашэўская
Юлія Рымашэўская

Прэс-сакратарку Ўладзімера Някляева на выбарах 2010 году Юлію Рымашэўскую затрымалі ў офісе, дзе месьціўся перадвыбарчы штаб Някляева. На судзе яна атрымала 15 содняў арышту і Новы год сустракала за кратамі. Гэта была мужчынская турма на вуліцы Скарыны, але некаторыя камэры ў ёй хутка пераабсталявалі на жаночыя, бо не было куды зьмяшчаць асуджаных за Плошчу.

«Нам пашанцавала ў навагоднюю ноч з вартаўніком. Да нас ставіліся паблажліва. У нашай камэры было амаль усё, што можна ўявіць на сьвяты, апроч шампанскага. Былі прысмакі зь мяса самаробныя, якія перадала маці. Было вельмі шмат мандарынаў. Ялінку не рабілі, але былі гірлянды з паперы», — успамінае Юлія Рымашэўская.

«Замест шампанскага была кола»

Літаратуразнаўца і доктар філялягічных навук Аляксандар Фядута новы 2011 год сустракаў ва ўнутранай турме КДБ, якую ў народзе называюць «Амэрыканка». Ён быў у штабе апазыцыйнага кандыдата Ўладзімера Някляева. Пасьля Плошчы-2010 Фядуту затрымалі і зьмясьцілі ва ўнутраную турму КДБ.

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Ахова «Амэрыканкі» забараніла адзначаць Новы год, бо адбой быў у 22:00. Але гэта не перашкодзіла.

«Сьвятло выключылі ў гэты час, было толькі начное асьвятленьне. І мы сапраўды леглі, але апоўначы прачнуліся раптам усе. Узялі кубачкі з колай, бо гэта было адзінае, што магло імітаваць шампанскае. Мы іх узьнялі, выпілі за „вольнасьць нашу і вашу“, заелі колу мандарынам і зноў леглі. Наколькі я разумею, нашыя назіральнікі таксама ў гэты момант сьвяткавалі, мажліва, таксама з колай. Але мы разумелі, што апоўначы ім будзе не да нас», — прыгадвае Аляксандар Фядута.

«На зоне нават рабілі тарты»

Былому кіраўніку «Маладога фронту» актывісту Зьмітру Дашкевічу ня раз даводзілася сустракаць Новы год у турме. Ён быў затрыманы напярэдадні выбараў у 2010 годзе, асуджаны і прабыў у турме да 2013 году.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

«Установа ад установы адрозьніваецца. У турме ты ўжо адаптуесься і падрыхтаваны да гадоў зьняволеньня, таму можаш сабе стварыць настрой на сьвяты. У турмах Новы год — адзінае сьвята, якое адміністрацыя больш-менш дазваляе сьвяткаваць. Людзі робяць тарты з каржоў і згушчанкі, нават з батонаў робяць, калі каржоў няма. Зэкам дазваляюць ня спаць да 00:00, хаця падʼём а шостай. У ізалятарах таксама, памятаю, блатныя неяк дамаўляліся з адміністрацыяй, каб перадалі мандарынак. А ў спэцпрыёмніку нават асадку забіраюць, ня ведаю, як там нешта можна адзначаць», — апавядае Зьміцер Дашкевіч.

Тым часам у беларускіх судах працягваюць разглядаць справы людзей, на якіх былі складзеныя пратаколы за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG