Цягам наступных тыдняў Вярхоўная Рада Ўкраіны мае разгледзець пастанову аб пазбаўленьні былога прэзыдэнта Пятра Парашэнкі дэпутацкай недатыкальнасьці. Праект адпаведнага хадайніцтва ў Генэральную пракуратуру 18 лістапада накіравала Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў па выніках расьсьледаваньня першых з 13 заведзеных на былога кіраўніка дзяржавы крымінальных спраў.
У гісторыі незалежнай Украіны гэта трэці выпадак крымінальнага перасьледу былых прэзыдэнтаў.
Супраць Леаніда Кучмы заводзілі справы двойчы — у 2002 і 2011 годзе яго абвінавачвалі ў незаконных указаньнях Міністэрству ўнутраных спраў, якія прывялі да забойства журналіста Георгія Гангадзэ. Экс-прэзыдэнт нават знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд, але пазьней справы былі закрытыя. Цяпер ён прадстаўляе Ўкраіну ў менскай трохбаковай кантактнай групе па разьвязаньні сытуацыі на Данбасе.
У арсэнале праваахоўнікаў было пяць крымінальных спраў супраць Віктара Януковіча — дзьве аб незаконным завалоданьні зямельнымі участкамі і па адной за незаконную прыватызацыю, стварэньне злачыннай групоўкі і забойствы на Майдане ў 2014 годзе. Да суда дайшла толькі адна справа — Віктар Януковіч быў пакараны завочна на 13 гадоў зьняволеньня.
У чым абвінавачваюць Парашэнку
Па іроніі лёсу, усе 13 спраў супраць Пятра Парашэнкі заведзеныя на падставе заяў Андрэя Партнова — найбліжэйшага саратніка Віктара Януковіча. У ягонай адміністрацыі Андрэй Партноў працаваў намесьнікам кіраўніка і курыраваў сфэру судовай улады. У адрозьненьні ад Януковіча, пасьля Рэвалюцыі Годнасьці ён хаваўся ў Аўстрыі ад крымінальнага перасьледу ва Ўкраіне. Аднак пасьля выбараў новага прэзыдэнта ён вярнуўся ў Кіеў, як і большасьць іншых прадстаўнікоў улады Януковіча.
Цяпер менавіта зь ягонай падачы Дзяржаўнае бюро расьсьледуе справы, у якіх фігуруе Пятро Парашэнка — аб арганізацыі праходжаньня караблёў праз Керчанскую затоку (тады ў расейскі палон трапілі 23 украінскія маракі), аб ухіленьні ад падаткаў пры продажы заводу «Кузня на Рибальському» і тэлеканалу «Прямий».
Апроч таго, сьледчыя расьсьледуюць нібыта незаконны ўплыў былога прэзыдэнта на прызначэньні чальцоў Вышэйшай рады юстыцыі, умяшаньне ў працу судоў, у тым ліку ў справе нацыяналізацыі «Прыватбанку», незаконнае прызначэньне Ўладзіміра Гройсмана на пасаду прэм’ер-міністра, перасячэньне мяжы на падставе падробленых дакумэнтаў, магчымую страту матэрыяльных носьбітаў сакрэтнай інфармацыі, а таксама незаконнае завалоданьне зямельным участкам і маёмасьцю.
Але падставай для пазбаўленьня Пятра Парашэнкі дэпутацкай недатыкальнасьці Генэральная пракуратура абрала справы аб магчымым незаконным уплыве на правядзеньне конкурсу па адборы кандыдатаў у чальцы Вышэйшай рады юстыцыі, а таксама аб публічных закліках да гвалтоўнай зьмены і захопу дзяржаўнай ўлады.
Паводле Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, у выпадку, калі сьледзтва давядзе гэтыя злачынствы, Пятру Парашэнку пагражае ад трох да шасьці гадоў пазбаўленьня волі з забаронай на тры гады займаць кіроўныя пасады.
Ці падтрымаюць дэпутаты Генпракуратуру
Паводле працэдуры, спачатку сваю згоду на разгляд пастановы аб пазбаўленьні дэпутацкай недатыкальнасьці мае даць рэглямэнтны камітэт парлямэнту. Толькі ў такім выпадку пытаньне можа быць ўключана ў павестку дня. Генэральная пракуратура пакуль што не ўдакладняе, ці плянуе адначасова прасіць у дэпутатаў і дазволу на затрыманьне і арышт Пятра Парашэнкі.
Найбліжэйшыя два тыдні дэпутаты працуюць у выбарчых акругах і камітэтах, і наўрад ці кіраўніцтва парлямэнту скліча пазачарговае пасяджэньне для разгляду «пытаньня Парашэнкі». Найбольш імаверна, што абмеркаваньне адбудзецца ўжо на наступным пленарным тыдні з 2 па 6 сьнежня.
Можна чакаць, што парлямэнт не адмовіць Генпракуратуры ў пазбаўленьні экс-прэзыдэнта дэпутацкага імунітэту — нядаўна Вярхоўная рада бесьперашкодна падтрымала аналягічны запыт у дачыненьні да іншага народнага дэпутата — Яраслава Дубневіча, які абвінавачваецца ў прысваеньні грошай дзяржаўнага прадпрыемства «Укрзалізниця».
Парашэнка: «Не зьбіраюся ні ад каго хавацца»
Зь ліпеня, фактычна адразу пасьля завяршэньня выбараў у парлямэнт, Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў пачала сыстэматычна выклікаць Пятра Парашэнку на допыты. Што праўда, ён не заўсёды на іх зьяўляўся.
Тады ж, адказваючы на пытаньне журналістаў аб сваёй палітычнай будучыні ў выпадку страты дэпутацкага імунітэту, Пятро Парашэнка заявіў:
«Мне няма чаго чырванець. Няма ніякіх фактаў, празь якія я павінен хвалявацца. Калі гэта будзе палітычнае правасудзьдзе — сябры, я яшчэ на фронце ў 2014 годзе перастаў баяцца. Мне абсалютна абыякава. Я не зьбіраюся ні ад каго хавацца, таму што гэта будзе выдатным падарункам Пуціну. Насамрэч мой апанэнт не Зяленскі. Мой апанэнт — Пуцін. І гэта для Пуціна будзе падарунак, калі Парашэнка пачне хавацца. І яны робяць такі падарунак Пуціну, калі яны пачынаюць такія справы, ствараючы вобраз, што там нешта ня так. Акрамя таго, я разумею, што гэта таксама праца паліттэхнолягаў: калі заўтра нешта ня так пойдзе ў эканоміцы, лепш арганізаваць напад на Парашэнку. Гэта азначае — справа на заказ, а я гэтага не баюся».
Аналягічным чынам сёньняшнія падзеі пракамэнтаваў і ягоны адвакат Ігар Галавань:
«Так званы "праект падазрэньня", пра які напісаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Януковіча Партноў і пазьней скапіяваны прэсавай службай Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў, ёсьць ня чым іншым, як расейскім заказам нанесьці шкоду рэпутацыі пятага прэзыдэнта, а таксама спробай перашкодзіць Пятру Парашэнку правесьці шэраг сустрэчаў з замежнымі лідэрамі на саміце Эўрапейскай народнай партыі ў Харватыі і на Форуме бясьпекі ў Канадзе ў Галіфаксе».
Паводле адваката, 15 лістапада Шаўчэнкаўскі суд Кіеве абавязаў Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў разгледзець хадайніцтва аб закрыцьці гэтай справы.
«Варта памятаць пра Юлію Цімашэнку»
Прафэсар Кіева-Магілянскай акадэміі, навуковы дырэктар фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» Аляксей Гарань у камэнтары Свабодзе выказаў меркаваньне, што заведзеныя супраць Пятра Парашэнкі справы ня маюць судовай пэрспэктывы:
«Гэтыя справы, хутчэй, спроба прадэманстраваць новай уладзе актыўнасьць Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньня. Бо новая ўлада разглядае Парашэнку як ворага, а кіраўнік гэтага сьледчага ведамства паказвае, што гатовы распачаць палітычны перасьлед гэтага ворага. Шчыра кажучы, наўрад ці гэта нечым практычным завершыцца, бо справы надуманыя. У Парашэнкі — добрыя адвакаты. Хутчэй, гэта проста сымбаль для ўлады, якая хоча паказаць сваім выбарнікам, што яна змагаецца з папярэдняй уладай».
Украінскі палітык Алег Рыбачук, які ў 2005-2006 гадах ачольваў адміністрацыю прэзыдэнта Віктара Юшчанкі, мяркуе, што, пачынаючы крымінальны перасьлед Пятра Парашэнкі, новыя ўлады мусяць памятаць гісторыю ўвязьненьня былой прэм’ер-міністаркі Юліі Цімашэнкі:
«Нават калі ёсьць сур’ёзныя падставы, каб арыштаваць свайго палітычнага апанэнта, эўрапейскія палітыкі гэтага амаль ніколі ня робяць. Гэты прынцып таксама быў агучаны, калі Януковіч пасадзіў Юлію Цімашэнку. Гэта абсалютна ўкраінская практыка, калі кожны наступны прэзыдэнт пачынае барацьбу з папярэднікамі. Парашэнка рабіў гэтак жа, і Зяленскі пакуль што ідзе гэтым шляхам. Калі гэта твой палітычны апанэнт, то зь ім трэба змагацца і выйграваць палітычна. Я ня ведаю, якія там падставы і доказная база... Але трэба мець вельмі моцныя аргумэнты, бо ў іншым выпадку гэта толькі дадасьць балаў палітыку Парашэнку, які мае ўсе падставы паціху зьнікаць з палітычнай арэны».
Алег Рыбачук мяркуе, што сьледчым будзе вельмі цяжка давесьці вінаватасьць Пятра Парашэнкі, бо ён быў адным з найбольш кваліфікаваных кіраўнікоў дзяржавы: «Я ня думаю, што яго можна злавіць на нейкіх дакумэнтах, дзе стаяць ягоныя подпісы. Так, ён стварыў клюб сваіх сяброў, якія рабавалі Ўкраіну, ён быў у бізнэс-дачыненьнях з Расеяй, але ці гэта магчыма давесьці ў судзе — у мяне вялікія сумневы. І тым больш, што ў нас судовая сыстэма застаецца дагэтуль нерэфармаванай».