Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пракамэнтавала зьмену ўлады ў Балівіі


Пратэстоўцы ў сталіцы Балівіі Ла-Пасе, 9 лістапада
Пратэстоўцы ў сталіцы Балівіі Ла-Пасе, 9 лістапада

Балівійскі прэзыдэнт Маралес абвясьціў аб адстаўцы 10 лістапада — праз два тыдні пасьля таго, як заявіў пра чацьвёртую перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у Балівіі. На наступны дзень стала вядома, што затрымалі старшыню Цэнтравыбаркаму, якая ўцякала з краіны, пераапранутая мужчынам.

Міністэрства замежных спраў Беларусі апублікавала 11 лістапада афіцыйны камэнтар да падзей у Балівіі. Каго падтрымліваюць беларускія дыпляматы — ці экс-прэзыдэнта Эва Маралеса, ці ягоных апанэнтаў, з камэнтару незразумела.

Беларусь, паводле МЗС, выступае «за наладжваньне агульнанацыянальнага дыялёгу ў мэтах пераадоленьня ўсіх наяўных супярэчнасьцяў у Балівіі» — «выключна мірным шляхам» і «ў межах прававога поля».

«Нязгода ў балівійскім грамадзтве не павінна станавіцца нагодай для супрацьпраўных дзеяньняў, якія вядуць да непрадказальных наступстваў, — піша МЗС Беларусі. — Выказваем падтрымку ўсім намаганьням, накіраваным на аднаўленьне агульнанацыянальнай згоды ў Балівіі, і спадзяёмся, што ў самыя кароткія тэрміны там усталююцца мір і стабільнасьць.

Пацьвярджаем нашую зацікаўленасьць у разьвіцьці адносін з Балівіяй як з пэрспэктыўным партнэрам у дадзеным рэгіёне Лацінскай Амэрыкі ва ўсіх сфэрах, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць».

Тры тыдні таму Аляксандар Лукашэнка накіраваў Эва Маралесу тэлеграму ў сувязі з 60-годзьдзем.

«Гэтая дата ня толькі падкрэсьлівае Ваш багаты жыцьцёвы досьвед і мудрасьць, але і адкрывае шырокія пэрспэктывы для новых зьдзяйсьненьняў, — гаварылася ў віншаваньні. — За гады плённай працы Вы заслужылі рэпутацыю адказнага і ініцыятыўнага палітыка, які неаднаразова пацьвярджаў здольнасьць эфэктыўна вырашаць найбольш складаныя і маштабныя задачы».​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG