Агенцтва па атамнай энэргіі Ірана паведамляе, што падало газ у цэнтрыфугі на ядзерным аб’екце Фардо. Як гаворыцца ў паведамленьні агенцтва раніцай 7 лістапада, «вытворчасьць і збор узбагачанага ўрану на пляцоўцы Фардо пачаліся».
Напярэдадні прадстаўнік агенцтва паведамляў, што падача газу ў 1044 цэнтрыфугі на ядзерным абʼекце пачалася ў прысутнасьці інспэктараў зь Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі. А прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані заявіў, што «дзякуючы палітыцы ЗША і іх саюзьнікаў Фардо хутка вернецца да паўнавартаснай працы».
Прадстаўнік МАГАТЭ паведаміў, што інспэктары ядзернага агенцтва ААН знаходзяцца ў Іране, і яны паведамяць пра любую дзейнасьць у штаб-кватэру МАГАТЭ ў Вене.
7 лістапада МАГАТЭ правядзе пазачарговае пасяджэньне рады ў дачыненьні да Ірана.
Узбагачэньне ўрану на падземным абʼекце Фардо забараняе ядзерная зьдзелка 2015 года. Злучаныя Штаты Амэрыкі заявілі, што пашырэньне дзейнасьці Ірана па ўзбагачэньні ўрану зьяўляецца «вялікім крокам у няправільным кірунку» і абвінавацілі Тэгеран у «ядзерным шантажы».
Пагадненьне 2015 абмежавала ядзерную праграму Ірана. Сярод падпісантаў Агульнага ўсёабдымнага пляна дзеяньняў — ЗША, Расея, Кітай, Францыя, Вялікабрытанія і Нямеччына.
У 2018 годзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вывеў Вашынгтон з пагадненьня, абвінаваціўшы Іран у яго парушэньнях. З тых часоў ён наклаў на Тэгеран ужо некалькі пакетаў санкцый ЗША і пагражае новымі абмежаваньнямі.
У адказ Іран патрабуе ад іншых удзельнікаў зьдзелкі абараніць Тэгеран ад амэрыканскіх санкцый і, заяўляючы пра іх бязьдзейнасьць, пачаў дэманстратыўна парушаць некаторыя пункты пагадненьня. Затое краіны-ўдзельніцы папярэдзілі Іран, што ён павінен вярнуцца да выкананьня сваіх абавязацельстваў.