Міністэрства фінансаў ЗША ў панядзелак пашырыла санкцыі супраць Ірану, уключыўшы ў санкцыйны сьпіс дзевяць чалавек з атачэньня вярхоўнага лідэра краіны аяталы Алі Хамэнэі, а таксама генэральны штаб Узброеных сіл Ірану.
Міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын заявіў, што людзі, якія трапілі ў санкцыйны сьпіс, маюць дачыненьне да нападаў на амэрыканскія аб’екты за мяжой, а таксама да забойстваў і катаваньняў грамадзян Ірану.
Сярод асобаў, якія трапілі пад санкцыі — сын Хамэнэі Муджтаб, начальнік іранскага генштабу генэрал Мухамад Багеры, а таксама кіраўнік адміністрацыі Хамэнэі Мухамад Галпаегані.
Інфармацыя пра санкцыі была апублікаваная ў 40-ю гадавіну захопу ў Тэгеране, пасьля Ісламскай рэвалюцыі, будынка амбасады ЗША і ўзяцьця дзясяткаў амэрыканскіх грамадзян у закладнікі.
Таксама ў панядзелак стала вядома, што ўлады ЗША паабяцалі выплаціць да 20 мільёнаў даляраў узнагароды за інфармацыю, якая магла б дапамагчы ўсталяваць месцазнаходжаньне былога агента ФБР Робэрта Левінсана, які зьнік у Іране больш за 11 гадоў таму.