Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус з «ДНР» не прызнае віны на судзе ва Ўкраіне

абноўлена

У Дружкаўскім гарадзкім судзе Данецкай вобласьці абвясьцілі абвінаваўчы акт грамадзяніну Беларусі Дзьмітрыю Новікаву. Ён быў затрыманы 10 жніўня 2018 году на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі Ўкраіны за ўдзел у баявых дзеяньнях на баку гэтак званай «Данецкай народнай рэспублікі».

Дзьмітры Новікаў абвінавачваецца ў злачынствах паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны:

  • стварэньне тэрарыстычнай арганізацыі (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў)
  • неаднаразовае парушэньне парадку ўезду-выезду на часова акупаваную тэрыторыю Ўкраіны (ад 3 да 5 гадоў пазбаўленьня волі)
  • вядзеньне агрэсіўнай вайны (ад 10 да 15 гадоў зьняволеньня)

Абвінавачаньне перакананае, што грамадзянін Беларусі, усьведамляў «небясьпечны характар сваёй дзейнасьці, якая прывяла да гібелі цывільнага насельніцтва і руйнаваньня сацыяльна-эканамічных аб’ектаў дзяржавы».

Паводле абвінавачваньня, Дзьмітры Новікаў у лістападзе 2014 году далучыўся да незаконных узброеных фармаваньняў так званай «Данецкай народнай рэспублікі» праз групу ў сацыяльных сетках, якая кіравалася з Масквы.

Непасрэдна ж кантракт «аб паступленьні на аплачаную вайсковую службу» Новікаў падпісаў ужо ў Данецку. У складзе танкавага батальёну «Самалі» удзельнічаў у баях за Данецкі аэрапорт, а потым у збройных сутыкненьнях з украінскімі войскамі ў Ясінавацкім раёне Данецкай вобласьці.

Зь лістапада 2014 году ён пэрыядычна звальняўся са службы ў «ДНР» і большую частку часу знаходзіўся ў Расеі. Паводле сьледзтва, ягоная дзейнасьць і неаднаразовыя вяртаньні ў незаконныя ўзброеныя фармаваньні каардынаваліся зь Сергіевага Пасаду пад Масквой.

Дзьмітры Новікаў пасьля абвяшчэньня абвінаваўчага акту заявіў, што не прызнае сябе вінаватым ні па адным з трох інкрымінаваных яму артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны:

«"Самалі" не зьяўляецца незаконным узброеным фармаваньнем ці тэрарыстыянай арганізацыяй. Гэта законнае ўзброенае фармаваньне. У вядзеньні агрэсіўнай вайны я таксама не лічу сябе вінаватым, бо я ня ўдзельнічаў ні ў баявых дзеяньнях, ні ў запалохваньні насельніцтва, ні ў зьдзяйсьненьні тэрарыстычных актаў. Я ні ў каго не страляў, нікога не рабаваў. Я выконваў службу».

У той жа час ён прызнаў, што некалькі разоў перасякаў мяжу Расеі і Ўкраіны, але ня лічыць гэта парушэньнем парадку наведваньня Ўкраіны. Дзьмітры Новікаў таксама адпрэчыў, што прыехаў на службу ў гэтак званую «ДНР» паводле змовы з прадстаўнікамі Расеі: «Я ні з кім ні пра што не дамаўляўся. Я прыехаў сам, добраахвотна».

Цяпер суд мае дасьледаваць усе доказы віны, сабраныя ў часе дасудовага сьледзтва. Спачатку суд дапытае сьведкаў, потым вывучыць пісьмовыя доказы, і толькі потым дапытае абвінавачанага. Як стала вядома Свабодзе, у якасьці сьведкаў будуць дапытаныя грамадзяне Ўкраіны, якія таксама ваявалі ў незаконным фармаваньні «Самалі», але яны знаходзяцца на волі.

Сёньня суд пастанавіў падоўжыць да 28 сьнежня ўтрыманьне Дзьмітрыя Новікава пад вартай. У той жа час суд вырашыў, што Новікаў можа быць вызвалены ў выпадку, калі ўнясе фінансавы заклад у памеры 576 тысяч грыўняў (амаль 50 тысяч рублёў). Пры гэтым ён мусіць прытрымлівацца пэўных абмежаваньняў – зьяўляцца на судовыя пасяджэньні, не ўплываць на сьведкаў і не выяжджаць за межы вызначанага для знаходжаньня населенага пункту.

Паводле рашэньня суда, на наступнае паседжаньне 10 сьнежня будуць выкліканыя сьведкі абвінавачаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG