Лінкі ўнівэрсальнага доступу

500 за сэпаратыстаў, 300 за Ўкраіну — як беларусы ўдзельнічаюць у канфлікце на Данбасе


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

The Soufan Center падлічыў, колькі замежнікаў узялі ўдзел у збройным канфлікце ва Ўкраіне за 5 гадоў. Паводле гэтага некамэрцыйнага дасьледчага цэнтру, найбольш беларусаў ваявалі на баку сэпаратыстаў.

Дасьледчая арганізацыя The Soufan Center апублікавала дадзеныя пра замежнікаў, якія ўзялі ўдзел у збройным канфлікце на ўсходзе Ўкраіны. На чэрвень 2019 году статыстыка выглядае наступным чынам:


Найбольш удзельнікаў гэтага канфлікту — з Расеі. За сэпаратыстаў (ДНР і ЛНР) ваявалі 12 тысяч расейцаў, за Ўкраіну — 3000.

«Беларусаў, якія ваявалі на баку сэпаратыстаў, асабліва не перасьледуюць»

500 беларусаў, паводле The Soufan Center, ваявалі на баку сэпаратыстаў, і 300 — на баку Ўкраіны. Паводле рэдактара беларускай службы InformNapalm.org, праекту, які дасьледуе тэму канфлікту ва Ўкраіне, Дзяніса Івашына, гэтыя лічбы пацьвярджаюцца.

«Можна глядзець паводле крымінальных спраў, якія распачатыя ў Беларусі супраць удзельнікаў з абодвух бакоў. Бачна, што колькасьць беларусаў на баку прарасейскіх груповак большая. Значная частка беларусаў, якія ваявалі за Ўкраіну, не вяртаюцца ў Беларусь, у адрозьненьне ад тых, хто ваяваў на баку сэпаратыстаў. Але іх у Беларусі перасьледуюць рэдка. Часам усё заканчваецца проста гутаркай зь міліцыяй», — кажа Дзяніс Івашын.

Журналіст кажа, што зь беларусаў на ўкраінскім баку канфлікту дакладна вядома пра тактычную групу «Беларусь» у складзе «Правага сэктару» — гэта некалькі ўзводаў. Таксама вядома пра групу «Пагоня», якая аб’ядноўвала грамадзян Беларусі з розных фармаваньняў.

3000 расейцаў ваююць за Ўкраіну?

Яшчэ адна лічба з дасьледаваньня The Soufan Center: 3000 расейцаў за час канфлікту на Данбасе ваявалі на баку Ўкраіны. Паводле Дзяніса Івашына, гэтыя зьвесткі цяжка спраўдзіць, але асобныя гучныя выпадкі былі.

«Яскравы прыклад — колішні супрацоўнік ФСБ Расеі Ільля Багданаў, якія ваяваў за Ўкраіну. Але такія лічбы цяжка спраўдзіць, бо няма арганізацыі, якая б магла іх пацьвердзіць. Вядома, што ў „Азове“ ваюе шмат расейскіх нацыяналістаў, яны сьвядома ўдзельнічаюць на баку Ўкраіны. Але колькі іх, дакладна не вядома. Такія падлікі не вядуцца. Вядома, Расея ня будзе афішаваць такія дадзеныя», — кажа Дзяніс Івашын.

За 5 гадоў у вайне паўдзельнічалі 17 тысяч замежнікаў

Агулам, паводле Soufan Center, у канфлікце ўзялі ўдзел 17 тысяч замежнікаў з 55 краінаў. Пераважна ўкраінскі бок падтрымліваюць грамадзяне Грузіі, Італіі і Аўстрыі. Але 78% замежнікаў, якія ўдзельнічаюць у канфлікце, ваявалі ці ваююць на баку сэпаратыстаў (13 372 супраць 3879).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG