Украіна перад пачаткам выкананьня палітычных пунктаў менскіх пагадненьняў патрабуе, сярод іншага, роспуску так званых «ДНР» і «ЛНР» і аднаўленьня кантролю над расейска-ўкраінскай мяжой у Данбасе.
Аб патрабаваньнях украінскага боку напісала ў фэйсбуку прэс-сакратарка прадстаўніка Ўкраіны на перамовах у Менску Леаніда Кучмы Дар’я Оліфэр.
Сярод патрабаваньняў — поўнае спыненьне агню, забесьпячэньне працы місіі АБСЭ на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку мяжы з Расеяй, вывад з тэрыторыі Ўкраіны замежных войскаў і вайсковай тэхнікі, разьвядзеньне сіл у Данбасе, гарантаваньне на непадкантрольных Украіне тэрыторыях працы ўкраінскіх выбарчых камісій, партый і СМІ.
Толькі пасьля гэтага магчыма правядзеньне выбараў у Данбасе і ўвядзеньне асаблівага статусу асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей.
На сустрэчы ў Менску 15 кастрычніка прадстаўнікам Украіны і прарасейскіх сэпаратыстаў не ўдалося дамовіцца аб разьвядзеньні войскаў у Данбасе.
- Прадстаўнікі Ўкраіны заявілі, што для разьвядзеньня неабходна захаваць замірэньне на працягу 7 дзён, чаго не адбылося.
- Прадстаўнікі сэпаратыстаў раней выступалі супраць большасьці названых напярэдадні патрабаваньняў Украіны.
- Расея ж заяўляе, што бяз згоды сэпаратыстаў выкананьне менскіх пагадненьняў немагчымае.