«Нам увесь час страшна, — кажа малады рэжысэр з Кіргізстану Ўланмырза Карыпбаеў. — Мы баімся гаварыць пра актуальнае, а калі і гаворым, то шэптам».
У Магілёўскім драматычным тэатры ён ставіць спэктакль «Апошнія сьведкі» паводле кнігі нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Прэм’ерныя паказы адбудуцца 24 і 25 кастрычніка.
Пра Ўланмырзу (Улана) Карыпбаева
- 23 гады. Нарадзіўся ў сталіцы Кіргізстану Бішкеку.
- Студэнт Расейскага дзяржаўнага інстытуту сцэнічных мастацтваў. Майстэрня Генадзя Трасьцянецкага (Санкт-Пецярбург);
- Паставіў 5 спэктакляў у Кіргізстане і Казахстане;
- Мае адзнакі і ўзнагароды ад Міністэрства культуры і дзяржаўных камісіяў Кіргізстану і міжнародных тэатральных устаноў;
- Удзельнік магілёўскага тэатральнага фэстывалю «М.@рт.контакт» 2018 і 2019 гадоў.
«Быў на вайне некалькі дзён, а героі Алексіевіч пражывалі яе 5 гадоў»
Улану прапанавалі зрабіць спэктакль пра вайну, і ён выбраў кнігу «Апошнія сьведкі». Тэма дзіцячых успамінаў пра вайну яму блізкая. 14-гадовым падлеткам ён стаў сьведкам міжэтнічнага канфлікту між кіргізамі і ўзбэкамі. У чэрвені 2010 году прыехаўшы да родзічаў у паўднёвакіргіскі горад Ош хлопец апынуўся ў эпіцэнтры ўзброенага сутыкненьня.
З зоны канфлікту Улана эвакуавалі на БТРы. Ён кажа, што зь невялікіх акенцаў баявой машыны, «нібы на дзіцячых малюнках, разглядаў згарэлы горад». Яму запомніліся апусьцелыя вуліцы з акрываўленай адзежай і раскіданыя ўсюды гумавыя шлёпанцы. Урэзалася ў памяць падлетка і тое, як узброеныя людзі перакулілі машыну, у якой былі некалькі чалавек, і спалілі іх у ёй.
Па словах Улана, сярод жорсткасьці і гвалту ён бачыў, як кіргіскія сем’і накрывалі дыванамі засеяныя агароды і ратавалі там узбэкаў.
«Вось пра такія праявы людзкасьці мы і робім спэктакль», — зазначае ён і дадае, што эвакуаваўшыся ў Бішкек, тыдзень прывыкаў да спакою ў ім.
«Ва ўмовах вайны мне давялося прабыць толькі некалькі дзён, — кажа Ўлан, — а героі Алексіевіч пражылі на вайне гады».
«Праз 200 гадоў у творах Алексіевіч чытач знойдзе сугучча з сваім часам»
Улан кажа, што Сьвятлана Алексіевіч піша пра чалавечы лёс у рэжыме страху. Паводле яго, «часам абставіны мяняюцца, але страх застаецца ў кожным з нас і нават перадаецца генэтычна».
«Нам увесь час страшна, — лічыць ён. — Мы баімся гаварыць пра актуальнае, а калі і кажам, то шэптам».
На думку Ўлана, у прыродзе «нелюбові ўлады» да нобэлеўскай ляўрэаткі ляжыць той жа страх, бо ў яе кнігах «ёсьць праўда, якой баяцца». Ён настойвае, што творы Алексіевіч будуць актуальнымі доўгі час. Запатрабаваныя яны будуць і моладзьдзю.
«Праз 200 гадоў чытач знойдзе ў кнігах нобэлеўскай ляўрэаткі сугучча з сваім часам, і гэта зразумела, бо яна піша пра чалавека і ягоны лёс у няпростых варунках», — адзначае Улан.
«У спэктаклі мала крыві»
Улан кажа, што сваім спэктаклем хоча працягнуць сцэнічнае жыцьцё твораў Сьвятланы Алексіевіч, пачатае ягоным настаўнікам Генадзем Трасьцянецкім. У 1985 годзе той першым паставіў спэктакль па кнізе «У вайны не жаночае аблічча».
Трасьцянецкі заклікаў сваіх гадаванцаў чытаць штовечар па адной гісторыі з кніг Алексіевіч.
«Ён даводзіў, што яны „прачышчаюць“, — пераказвае словы свайго настаўніка Ўлан у канцы гутаркі. — Вяртаюць да сапраўдных пачуцьцяў і эмоцыяў. Дапамагаюць здымаць „грамадзкі налёт“».
Жанр свайго спэктаклю Ўлан называе «сымфоніямі недзіцячых успамінаў». Са сцэны малой залі тэатру прагучаць дзесяць гісторыяў з кнігі нобэлеўскай ляўрэаткі.
Па словах Улана, у спэктаклі «мала крыві». У ім дамінуе тэма жыцьця, любові і міласэрнасьці. Ад гледачоў рэжысэр чакае суперажываньня з тым, што будзе адбывацца з героямі спэктаклю, якіх вайна пазбавіла дзяцінства.
У пастаноўцы занята 9 актораў. Найстарэйшы — народны артыст Беларусі 74-гадовы Рыгор Белацаркоўскі. Яго Ўлан называе носьбітам жывой памяці пра вайну. Дваццацігадовыя Лізавета Кароткая і Ягор Шабетнік толькі пачынаюць свой тэатральны шлях. Сёлета яны дэбютуюць на сцэне магілёўскага тэатру.
Па словах рэжысэра-пастаноўшчыка, самі акторы выбіралі з твору Алексіевіч дзіцячыя ўспаміны пра вайну, блізкія ім самім.
Пра кнігу «Апошнія сьведкі»
Мастацка-дакумэнтальная кніга ўпершыню выйшла ў 1985 годзе. Выдавалася таксама з падзагалоўкамі «Кніга недзіцячых апавяданьняў», «Сто недзіцячых калыханак», «Сола для дзіцячага голасу». У ёй сабраныя ўспаміны людзей, якім у Другую ўсясьветную вайну было ад 6 да 12 гадоў.
Кніга ўваходзіць у цыкл «Галасы ўтопіі». У 2015 годзе на ўручэньні Сьвятлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі швэдзкі пісьменьнік Пэр Вэстбэрг, старшыня Нобэлеўскага камітэту літаратуры, адзначыў, што «Галасы Ўтопіі» апісваюць катастрофы ХХ стагодзьдзя, і гэта літаратурны і маральны шэдэўр пісьменьніцы.
У 2018 годзе пяцітомнік выдалі на беларускай мове — на ахвяраваньні і без цэнзурных правак.
«Апошнія сьведкі» — трэці спэктакль магілёўскага тэатру паводле Алексіевіч
- У 2015 годзе быў прадстаўлены спэктакль «Час сэканд-хэнд» у пастаноўцы рэжысэра Ўладзімера Пятровіча.
- У 2016 годзе акторка і рэжысэрка Алена Дудзіч паводле кнігі «Час сэканд-хэнд» паставіла монаспэктакль «Пра Рамэа і Джульету... толькі звалі іх Маргарыта і Абульфаз». Гэта гісторыя каханьня армянскай дзяўчыны і азэрбайджанскага хлопца падчас узброенага канфлікту ў Нагорным Карабаху.