У 2020–2022 гадах наземны гарадзкі транспарт кардынальна абновіцца: «Менсктранс» плянуе набыць больш за паўтары тысячы адзінак новай тэхнікі, паведамілі на прадпрыемстве карэспандэнту агенцтва «Минск-Новости».
Да канца 2019 году «Менсктранс» атрымае па 70 новых тралейбусаў і аўтобусаў вытворчасьці Менскага аўтамабільнага заводу, паведаміў галоўны інжынэр «Менсктрансу» Алег Дзюбенка.
«З улікам найбліжэйшых набыткаў у наступныя тры гады плянуем закупіць 890 аўтобусаў і электробусаў, 810 тралейбусаў і 50 трамваяў айчыннай вытворчасьці», — сказаў Алег Дзюбенка.
Тым часам Беларуская чыгунка да 2022 году разьлічвае набыць 13 цягнікоў: 3 дызель-цягнікі сэрыі ДП-6 да канца 2020 году, а да 2022 году — 10 сучасных электрацягнікоў сэрыі ЭП, інфармуе прэс-цэнтар перавозчыка.
Сёньня на балянсе «Менсктрансу» 2 545 адзінак грамадзкага транспарту: 1 557 аўтобусаў, 771 тралейбус, 137 трамваяў і 80 электробусаў.
У красавіку 2019 году Алег Дзюбенка казаў, што цяпер больш за палову машынаў «Менсктрансу» трэба сьпісваць: сярэдні ўзрост аўтобусаў і тралейбусаў складае 9,5 года пры нарматыве 10 гадоў службы (у трамваяў узрост 11 гадоў, тэрмін службы — 15).
Тады ж ён адзначаў, што цяпер менчукі аплочваюць толькі 40–50% сабекошту праезду ў залежнасьці ад віду транспарту, але, каб праезд акупляўся, ён мае каштаваць 2,10–2,85 рубля.
У лютым кіроўцы тралейбуснага парку № 3 склалі калектыўны зварот у пракуратуру і Міністэрства працы, у якім скардзіліся на «лысую гуму» на колах, слабыя фары, няспраўныя дворнікі, а таксама зьніжэньне аплаты працы і надта кароткія нарматывы на час рэйсу.
Пасьля публікацыі звароту кіроўцы казалі пра ціск з боку начальства, патрабаваньні адклікаць подпісы.
Намесьнік гендырэктара «Мінсктрансу» Віктар Тозік у адказ на зварот кіроўцаў прызнаў, што ў іх «цяжкія ўмовы працы», але дадаў, што зрабіць больш зручныя ўмовы, напрыклад выходны строга ў нядзелю або звычайны 8-гадзінны працоўны дзень, няпроста. Пра кіроўцаў ён зазначыў: «Чалавек ведаў, куды ішоў».