У 2016 годзе Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Ва Ўкраіну мы на танках не паедзем. Мы на трактары туды паедзем». Але зьявіўся і іншы варыянт — беларускі тралейбус.
Цягам 2016-2018 гадоў Беларусь паставіла ва Ўкраіну 120 тралейбусаў — яны ўжо курсуюць па вуліцах Адэсы, Дніпра, Краматорску, Хмяльніцкага, Роўна і Сумаў.
Летась беларускае прадпрыемства «Белкамунмаш» выйграла некалькі тэндэраў, паводле якіх электрычны транспарт у 8 украінскіх гарадах набываюць за сродкі крэдыту Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця ў межах дзяржаўнай праграмы, зацьверджанай украінскім урадам. Яе агульная вартасьць складае 350 мільёнаў эўра.
Сёлета «Белкамунмаш» паставіць у Івана-Франкоўск 29 тралейбусаў на 5,518 мільёнаў эўра. Першы зь іх ужо перададзены гарадзкім уладам.
Мэр Івана-Франкоўска Руслан Марцынкіў зрабіў уласнае сэлфі зь беларускім тралейбусам і заклікаў жыхароў горада далучыцца да гэтай акцыі.
Ва Ўкраіне чакаюць беларускія тралейбусы
Мікола Раманюк, дырэктар беларуска-ўкраінскага прадпрыемства «БКМ-УКРАЇНА», адным з заснавальнікаў якога зьяўляецца «Белкамунмаш», паведаміў Свабодзе, што гэта ўжо трэці рэалізаваны ва Ўкраіне кантракт:
«Летась мы завяршылі пастаўку 47 тралейбусаў у Адэсу, цяпер працягваецца пастаўка ў Івана-Франкоўск — 29 тралейбусаў, на мінулым тыдні падпісаныя кантракты з Дняпром на 12 тралейбусаў. Але яшчэ ідуць конкурсы ў Крэменчуку, Крывым Розе, Жытоміры, Палтаве, Марыюпалі. Днямі мусяць апублікаваць абвестку пра конкурс Луцку, у канцы верасьня — у Харкаве. І да канца году плянуюцца яшчэ два тэндэры — у Херсоне і Мікалаеве».
Канкурэнцыя вялікая
За права пастаўляць тралейбусы ў найбуйнейшыя ўкраінскія гарады, тым больш за крэдытныя сродкі міжнароднага банку, змагаецца шмат кампаній. Сярод іх кампанія экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі «Багдан Мотарс», украінска-нямецкае прадпрыемства «Электронтранс» (Львоў), Паўднёвы машынабудаўнічы завод (Дніпро) і Чарнігаўскі аўтазавод.
Заяўкі прадпрыемстваў папярэдне вывучае тэндэрная камісія, але канчатковае рашэньне аб пераможцы ўхваляе Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, які фінансуе абнаўленьне тралейбуснага парку ў васьмі ўкраінскіх гарадах.
Лобі ня сьпіць
Пасьля некалькіх перамог беларускіх прадпрыемстваў ва ўкраінскіх тэндэрах «машынабудаўнічае лобі» ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны патрабавала ад ураду перагледзець дзейныя гандлёвыя дамовы зь Беларусьсю і асабліва мытныя прэфэрэнцыі для беларускіх імпартэраў, а таксама разгледзець пытаньне дзяржаўнай падтрымкі ўкраінскіх вытворцаў.
Згодна з пагадненьнем аб зоне свабоднага гандлю паміж Украінай і Беларусьсю, з 2011 году пры ўвозе ва Ўкраіну прадукцыі, якая мае больш як 50 % беларускага паходжаньня, дзейнічаюць зьніжаныя мытныя стаўкі. Але такое паходжаньне мусіць быць пацьверджанае адпаведным сэртыфікатам.
Старшыня камітэту парлямэнту ў пытаньнях прамысловай палітыкі і прадпрымальніцтва Віктар Галасюк пераконваў урад, што «Белкамунмаш» такіх сэртыфікатаў ня мае, а ў вытворчасьці тралейбусаў выкарыстоўвае электрарухавікі, выпушчаныя Баранчынскім электрамэханічным заводам Сьвярдлоўскай вобласьці, які адначасова пастаўляе камплектуючыя для вайсковай тэхнікі Расеі, краіны-агрэсаркі.
Усё меней расейскага
На беларуска-ўкраінскім прадпрыемстве расейскае паходжаньне беларускіх тралейбусаў зьняпраўджваюць.
«На сёньня колькасьць расейскіх камплектуючых у тралейбусах „Белкамунмаша“ зьведзеная да мінімуму, і можна казаць, што іх там практычна няма. Цяпер аб’ём украінскіх камплектуючых у тралейбусах даходзіць да 25 %», — сьцьвярджае Мікола Раманюк.
Кіраўнік прадпрыемства пераконвае, што за ўвесь час працы на ўкраінскім рынку не адчуваў нэгатыўнага стаўленьня да беларускай тэхнікі: «Ніякага супраціву няма, бо ў нас добрая рэпутацыя».
Цяпер беларускія тралейбусы камплектуюцца ўкраінскімі маторамі, і некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што гэта было асноўным патрабаваньнем пры заключэньні кантрактаў ва Ўкраіне.