Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы сувэрэнныя ня менш за Ўкраіну». Лукашэнка пра Зяленскага, Януковіча, Крым і транзыт улады. ЦЫТАТЫ

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка праводзіць 26 верасьня сустрэчу з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ, паведамляе БелТА.

На сустрэчу з Лукашэнкам прыехалі прадстаўнікі інфармацыйных агенцтваў «Укрінформ» і «Інтерфакс-Україна», тэлеканалаў «Україна», «112 Україна» і «1+1», газэты «Урядовий кур’єр».

Раней Лукашэнка не праводзіў сустрэч такога фармату — выключна з украінскімі мэдыямі.

Галоўны рэдактар тэлеканалу «Україна» падарыў Лукашэнку вышыванку вядомай украінскай дызайнэркі Юліі Магдыч, каб «падкрэсьліць, як добра ўкраінцы ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі», і адзначыў, што вышываныя народныя строі — адзін з культурных аб’яднальных момантаў для народаў дзьвюх краінаў.

«Любыя крокі, якія дапамогуць наблізіць нас да міру», але «не напрошвацца ў міратворцы»

Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь працягне рабіць «усё, што ад яе залежыць», дзеля міру ва Ўкраіне: ад працы трохбаковай кантактнай групы ў Менску да аказаньня гуманітарнай дапамогі і ўдзелу ў аднаўленьні інфраструктуры на Данбасе.

«Я ня раз казаў, што Беларусь вельмі зацікаўленая ў трывалым міры і стабільнасьці ў нашых украінскіх сяброў, — заявіў Лукашэнка ўкраінскім СМІ. — Гэтая пазыцыя грунтуецца ня толькі на плятформе добрасуседзтва. Цяперашні канфлікт на ўсходзе Ўкраіны — гэта боль у сэрцах і беларусаў, наш боль».

Ён сказаў, што Беларусь можа нават узяць на сябе кантроль за 400 км украінска-расейскай мяжы ў зоне канфлікту, калі на гэта будуць згодныя ўсе бакі, хоць «гэта вялікая праблема для мяне непасрэдна ўдзельнічаць з войскамі ў гэтым канфлікце, але я сказаў, што мы гатовыя прывесьці туды міратворцаў, памежнікаў, войскі, як хочаце».

Паводле Лукашэнкі, ён хоча вырашыць пытаньне міру ва Ўкраіне «па-чалавечы, па-мужчынску», але «мы ня будзем да вас напрошвацца ў міратворцы, пасярэднікі». На ранейшыя ініцыятывы Лукашэнкі па беларускіх міратворцах ва Ўкраіне і кантролі мяжы не было істотнай рэакцыі.

Разам з Расеяй беларускія войскі ня пойдуць ва Ўкраіну

З тэрыторыі Беларусі Ўкраіна ня будзе атакаваная, нагадаў Лукашэнка ранейшыя абяцаньні: «На танку я ў Кіеў не прыеду, а калі прыеду, то на трактары».

На пытаньне пра тое, ці могуць беларускія вайскоўцы пайсьці са зброяй на ўкраінскія тэрыторыі, Лукашэнка адказаў: «Толькі калі я прыму такое рашэньне». Ён дадаў: «Маю пазыцыю па вайне на ўсходзе я выклаў». А «што тычыцца ўдзелу ў баявых дзеяньнях, каб вы ад нас труны атрымлівалі, я тады не прэзыдэнт Беларусі», «не чакайце ад нас паскудзтваў».

«Я абсалютна перакананы, што Расея ніколі не дазволіць сабе захапіць Украіну, калі вы, вядома, вайну не пачняце», — сказаў Лукашэнка ўкраінцам.

На пытаньне пра новы этап беларуска-ўкраінскіх стасункаў пасьля пацяпленьня з ЗША ён адказаў: «Беларусь не зьбіраецца сябраваць з Захадам супраць Расеі». Беларусь будзе азірацца і на Расею, і на ЗША, але «гэта ня значыць, што мы будзем такія ўжо залежныя», і пазыцыя ЗША ня будзе «вызначальнай» у стасунках з Украінай.

На пытаньне, ці верыць ён, што Расея верне Ўкраіне акупаваны Крым, Лукашэнка адказаў: «Мне здаецца, не. Гэтае пытаньне закрытае раз і назаўсёды».

Крым — «гэта тэрыторыя ўжо Расеі, як яны лічаць ці думаюць пра яе», але нешта можа зьмяніцца, «калі ў нейкім спакойным рэчышчы, калі зьменіцца палітыка, можа, новае пакаленьне расейцаў будзе ва ўладзе — можа быць».

«Пазнаёміўся з варожай Заходняй Украінай»

Лукашэнка таксама адзначыў: «Украіна павінна быць адзінай і непадзельнай». Ён разважаў, што палякі ці вугорцы, якія жывуць ва Ўкраіне, гэта найперш украінскія вугорцы і палякі, а ўкраінцы ў Беларусі — украінскія беларусы. Ён прывёў у прыклад Югаславію, якую «падзялілі на часткі, правялі бамбаваньні». Лукашэнка заклікаў украінцаў задумацца, «каму гэта было выгадна» і «каму выгадна, каб Украіна не была Ўкраінай».

Ён згадаў, што ў час вайсковай службы стасаваўся зь людзьмі з Заходняй Украіны — маўляў, «пазнаёміўся з варожай Заходняй Украінай», але «выдатнае ўражаньне зрабілі», «такіх прыстойных, працавітых людзей нідзе ня бачыў».

«Так, яны больш нацыяналістычныя, — казаў Лукашэнка пра заходніх украінцаў. — А што, расейцы не нацыяналістычныя ў адносінах да сваёй краіны? Ці мы менш нацыяналістычныя, калі гаворка ідзе пра краіну?»

«Зашмат няправільных размоваў пра інтэграцыю з Расеяй»

«Занадта шмат ня толькі пустых, але абсалютна няправільных, недакладных размоваў вакол абмеркаваньня нашых інтэграцыйных працэсаў з Расеяй, — заявіў Лукашэнка ўкраінскім журналістам. — Усе асьцерагаюцца. А чаго асьцерагаюцца?

Мы ёсьць сувэрэннай, незалежнай дзяржавай. Ня менш за Ўкраіну. Так, на нас уплываюць Украіна, Польшча ў рознай ступені. Балтыйскія краіны ў меншай ступені. У большай — Расейская Фэдэрацыя. Сьвет узаемазалежны».

Лукашэнка заявіў пра сувэрэннае права Беларусі выбудоўваць уласную палітыку, дадаўшы: «Мы як ёсьць сувэрэнныя, так і будзем сувэрэнныя. Мы будзем толькі ўмацоўваць сувэрэнітэт і незалежнасьць, чаго б нам гэта ні каштавала».

Таксама Лукашэнка заявіў, што «амаль ня мае насьцярожанасьці» адносна кітайскай экспансіі, бо — «а хто ня робіць экспансію?». Ён прывёў у прыклад Эўразьвяз, які «падцягнуў Прыбалтыку», бо там «бачылі рынак».

Пуцін ня думаў паглынаць Беларусь, кажа Лукашэнка

Уладзімір Пуцін «ня мае мэты любой цаной захаваць сябе ва ўладзе», перакананы Лукашэнка, і варта адкінуць разважаньні пра тое, што нібы Пуцін хоча працягнуць паўнамоцтвы за кошт далучэньня Беларусі да Расеі.

«Гэта неяк занадта дробна, вось так узяць і аб'яднаць Беларусь і Расею і прадоўжыць свае паўнамоцтвы, — разважаў Лукашэнка. — Расея — велізарная, магутная краіна, багатая. Калі ўжо паўстане пытаньне падаўжэньня ўлады аднаго чалавека... Слухайце, яны знойдуць дзясятак варыянтаў».

Лукашэнка заявіў, што на перамовах з Пуціным наўпрост сказаў таму: «Калі ў вас ва ўрадзе або ў цябе думка пра тое, што мы можам увайсьці ў склад Расеі ці неяк аб'яднацца з Расейскай Фэдэрацыяй у адну дзяржаву, выкінь гэта з галавы».

Пуцін, як сьцьвярджае Лукашэнка, адказаў: «Гасподзь з табой, у нас нават няма думкі такой».

«Чыста эмацыйна: я першы прэзыдэнт у гісторыі незалежнай і сувэрэннай дзяржавы, — тлумачыў Лукашэнка. — Скажыце, я што, першы прэзыдэнт для таго, каб пабудаваць гэтую дзяржаву і некуды яе ўключыць? Усярэдзіну нейкай дзяржавы?.. Не!»

Тое, што ён мае намер здаць уладу і сувэрэнітэт, гэта «глупства поўнае», заявіў Лукашэнка. Маўляў, не настолькі «трымаецца за крэсла», каб «здаваць краіну»:

«Пляваць мне на маю гэтую ўладу. Я 25 гадоў прэзыдэнт, і я што, на 26-м годзе свайго прэзыдэнцтва павінен паставіць крыж ня толькі на незалежнай Беларусі, але і наогул на марах беларусаў, якія стагодзьдзямі марылі быць незалежнымі?»

Да таго ж Лукашэнка адзначаў, што ў Беларусі «зьявілася новае пакаленьне», і «гэтыя людзі ня могуць сабе дазволіць здаць Беларусь».

«Няма ў нас транзыту ўлады»

Лукашэнка заявіў украінскім СМІ, што «не нагледжвае прэзыдэнта» замест сябе, але будучы прэзыдэнт «недзе ўжо ёсьць».

«Няма ў нас транзыту ўлады, размоваў, — заявіў ён. — Наш прэзыдэнт будзе выбраны толькі народам».

Сам ён зьбіраецца працаваць на прэзыдэнцкай пасадзе, «колькі людзі давераць» і «пакуль здароўе ёсьць», бо «калі нездаровы, дык няма чаго сюды лезьці».

«Я ж ня вечны, і да сьмерці прэзыдэнтам я ня буду, — дадаў Лукашэнка. — Я проста хачу калі-небудзь пажыць, як усе людзі: спакойна».

Ён паўтарыў ранейшую фразу пра тое, што трое ягоных дзяцей «не пакутуюць на прэзыдэнцтва», бо «наеліся майго прэзыдэнцтва».

Альтэрнатыўныя пастаўкі нафты выгадней ладзіць праз Польшчу, а не Ўкраіну

Пошук альтэрнатыўных паставак нафты ў Беларусь, расказаў ён, адбываецца ў выніку падатковага манэўру Расеі, але «гэта не рычагі ціску, гэта пошук альтэрнатывы». Беларусь залежная ад Расеі ў пастаўках сыравіны і вуглевадародаў, адзначыў Лукашэнка, «але сёньня гэта не катастрофа».

Варыянт паставак па маршруце Адэса — Броды разглядаўся, але «гэта даражэй», згадаў Лукашэнка, а самым танным аказаўся варыянт паставак праз польскі Гданьск, таму «перамычку зробім» і «не з Расеі нафта пойдзе, а адтуль».

Трамп і Зяленскі «спадабаліся адзін аднаму»

Лукашэнка расказаў пра сваё бачаньне сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны, што нядаўна прайшла ў Нью-Ёрку. Ён мяркуе, сустрэча прайшла добра.

«Сустрэча Ўладзіміра Зяленскага з Дональдам Трампам так, як я яе бачыў, прыстойна, разумна, прыгожа. Усё было прыгожа, — казаў Лукашэнка. — Цяпер яшчэ афарбоўку надалі гэтыя тэлефонныя размовы, кансьпіралёгія нейкая зьявілася. Вось гэта прыцягнула пэўную ўвагу.

Наогул гэта было знаёмства двух прэзыдэнтаў сам-насам. Яно прайшло, з майго пункту гледжаньня, вельмі добра. Яны спадабаліся адзін аднаму. Можна сказаць, што гэты гарачы дзень быў нармальным для амэрыкана-ўкраінскіх стасункаў».

«Свае тэлефанаваньні не запісваю»

Адносна публікацыі Белым домам расшыфроўкі размовы Трампа і Зяленскага Лукашэнка адзначыў:

«Магу зьдзівіць вас: я не запісваю перамовы з Пуціным ці Зяленскім. У нас няма гэтай практыкі. Калі мне двойчы прапаноўвалі запісваць гутаркі, я казаў: „Не, гэта нашыя размовы, ня трэба, каб яны былі недзе запісаныя“».

Аднак Лукашэнка ня выключыў, што калісьці можа «прыйсьці да таго», каб запісваць тэлефанаваньні.

«Буду шчырым, гэта мая фішка»

Лукашэнка паабяцаў, што знойдзе агульную мову з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім на сустрэчы, якая мае прайсьці ў Жытоміры. Хоць пакуль і ня мае зь ім «практычна ніякіх» узаемаадносін, Лукашэнка кажа пра добрае ўражаньне ад Зяленскага, няхай той і «памылак таксама не пазьбег».

«Абяцаю, што буду сумленным і шчырым у размове, — казаў Лукашэнка. — Гэта мая фішка. Я звык гаварыць сумленна».

З Такаевым у Лукашэнкі «хімія», а з Парашэнкам мог сварыцца

Лукашэнка расказаў пра стасункі зь іншымі кіраўнікамі дзяржаў. Паводле яго, «паміж людзьмі хімія павінна быць нейкая», і з новым кіраўніком Казахстану ў яго склаліся «бліскучыя стасункі».

«Ён адукаваны чалавек, кітайскую мову вывучыў у свой час, — распавёў Лукашэнка пра Касым-Жамарта Такаева. — У мяне асаблівая да яго павага, хоць мы і зь першым прэзыдэнтам Казахстану ў вельмі добрых стасунках».

Лукашэнка дадаў, што Такаеў «ня будзе тлумачыць некаму іначай мае словы», і Зяленскі, як яму здаецца, «такі ж». І калі кіраўніку Ўкраіны гэта будзе трэба, «у мяне ня будзе закрытых тэмаў, недагаворак».

Пуціну Лукашэнка «можа ўсё расказаць, ад асабістага да дзяржаўнага»:

«Проста ўзяць і адкрыта распавесьці ў любы момант, нават ня думаю пра тое, як гэта будзе расцэнена, — сказаў Лукашэнка пра стасункі з Пуціным. — З Парашэнкам у нас былі выдатныя стасункі. Мы нават маглі дзесяць разоў пасварыцца за сустрэчу: я яму нешта сказаў, ён адмахнуўся».

«Расколіна між Украінай і Расеяй зьявілася пры Януковічу»

Лукашэнка згадаў былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, які самаўхіліўся ад улады ў 2014 годзе і ўцёк ад палітычнага крызісу ў Расею.

«Ён ня быў антыўкраінскім чалавекам, — сказаў Лукашэнка пра Януковіча. — Недзе нерашучым, недзе яшчэ нешта.

І расколіна паміж Украінай і Расіяй зьявілася пры Януковічу, калі рэзка падскочыла цана на газ. Да 220 даляраў, па-мойму. І ў мяне была зь ім размова. Ён вельмі пакрыўдзіўся тады на Расею. І мне кажа: „Слухай, Саша, ну чаму яны ў адносінах да нас так зрабілі?“

Вось гэта была ня першая, але значная ўжо расколіна, калі была крыўда вельмі сур'ёзная. Можа, гэта яго і падштурхнула да рэзкага руху на Захад, да Эўразьвязу, і падпісаньня адпаведных пагадненьняў. Потым адступілі, пачалі сваволіць. А тут скарысталіся сытуацыяй».

Таксама Лукашэнка распавёў, што размаўляў зь Януковічам праз тэлефон «па розных, пераважна асабістых» пытаньнях пасьля таго, як той уцёк у Расею.

Лукашэнка адзначыў, што Януковіч «дапусьціў шэраг памылак, дзеяньняў, якія не сумяшчальныя з прэзыдэнцтвам», але «ня быў ніякім прарасейскім», «ня быў здраднікам Украіны».

«Ты павінен ведаць, што адбываецца навокал, — казаў Лукашэнка пра памылкі Януковіча. — У цябе не павінна быць набліжаных. Твае дзеці і ты ні ў якім разе не павінны займацца бізнэсам. У цябе не павінны быць кішэні набітыя грашыма, таму што грошы гнятуць, і ты забываеш пра тое, што ты кіраўнік дзяржавы».

Украіне трэба паглыбіць дно Дняпра, каб было аднаўленьне суднаходзтва

Лукашэнка заявіў, што для аднаўленьня суднаходзтва па Дняпры празь Беларусь і Ўкраіну беларускі бок «зрабіў усё», і Беларусь на сябе ўзяла абавязак паглыбіць дно Прыпяці і Дняпра, каб там маглі прайсьці караблі патрэбных клясаў. Цяпер «пытаньне за вамі» — Украіна павінна паглыбіць дно ракі на сваёй тэрыторыі, сьцьвярджае Лукашэнка.

Порт Ніжнія Жары ў Брагінскім раёне, недалёка ад мяжы з Украінай, «фактычна гатовы прымаць караблі», заявіў Лукашэнка. І калі Ўкраіна прадэманструе, што «вельмі зацікаўленая», то «мы тут дадамо, зробім порт і вырашым іншыя пытаньні на яшчэ вышэйшым узроўні». А Беларусь магла б транспартаваць грузы ад Балтыкі, зь якой «цудоўная лягістыка, і ня толькі па сушы».

Таксама Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць разьвіваць з Украінай сетку аўтамабільных дарог, «яшчэ тры-чатыры напрамкі», калі будуць распрацаваныя «эканамічна абгрунтаваныя праекты».

«Хочам пракласьці дарогу па поўдні з Гомля на Берасьце паралельна мяжы Ўкраіны, кілямэтраў за 200–300 ад яе, — распавёў ён. — Там ёсьць дарога, але яна не для вялікага патоку. Мы маглі б з Кітаю, Казахстану, Расеі па паўднёвай частцы накіраваць грузапаток па гэтай дарозе».

Ад дарогі М10 між Гомлем і Берасьцем да ўкраінскай мяжы ад 20 да 80 км, а ад Менску да ўкраінскай мяжы — каля 250 км. Празь Менск ідуць амаль паралельна ўкраінскай мяжы трасы М6 на Горадню і М4 на Магілёў.

Запуск украінскага тэлеканалу ў Беларусі «зацягнуўся з украінскага боку»

Лукашэнка паскардзіўся ўкраінскім журналістам на тое, што «абмен тэлеканаламі» зацягнуўся з украінскага боку і ня ўсе дамоўленасьці рэалізаваныя на практыцы, а ён «прызвычаіўся: сустрэліся, дамовіліся, жалезна». Якіх дзеяньняў ці рашэньняў бракуе для запуску ўкраінскага тэлеканалу ў Беларусі, ён не ўдакладніў.

Лукашэнка прапаноўваў Украіне заняцца ракетабудаўніцтвам

Паводле Лукашэнкі, адмоўнае сальда Ўкраіны ў гандлі зь Беларусьсю можна выправіць, але яно ўтвараецца збольшага за кошт паставак нафтапрадуктаў, ад якіх Беларусь «нічога не выйграе», бо «з дарагой нафты вырабляем нафтапрадукты». Зрэшты, павялічыць пастаўкі нафтапрадуктаў, заявіў ён, просіць сама Ўкраіна.

Беларусь жа нават прапаноўвала Ўкраіне «надзвычай выгадны» «праект па ракетабудаўніцтве», заявіў Лукашэнка, а Парашэнка казаў, што праект «надзвычай выгадны і зь ім будуць працаваць, але працы няма, а гэта мільярды».

Праект будзе абмяркоўвацца на сустрэчы зь Зяленскім у Жытоміры, бо «мы самі ўжо пачалі будаваць нашую новую ракету, але ў нас не хапае кампэтэнцыяў, дасьведчаных людзей», а патрэбныя людзі і веды ёсьць ва Ўкраіне.

Лукашэнка «гатовы ў найбліжэйшы час разгледзець» пытаньне «шпіёнаў» Шаройкі і Палітыкі

Як заявіў Аляксандар Лукашэнка, ён у найбліжэйшы час гатовы разгледзець памілаваньне асуджанага ў Беларусі за шпіянаж украінца Паўла Шаройкі, а таксама беларуса Юрыя Палітыкі, абвінавачанага ў шпіянажы ва Ўкраіне.

Дамоўленасьці пра гэта, сьцьвярджае ён, былі з папярэднім прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, але свае абавязкі ня выканаў украінскі бок.

Ці будзе абмен, ці нейкі іншы мэханізм рашэньня «шпіёнскага» пытаньня, Лукашэнка не ўдакладніў.

«Наш час стабільнасьці яшчэ не прыйшоў»

На думку Лукашэнкі, Беларусь заўсёды павінна быць гатовай да такіх выклікаў, як усясьветны фінансавы крызіс, які цяпер зноў прагназуюць некаторыя эканамісты. Але ўхіліцца ад эканамічных пагрозаў няпроста, бо Беларусь ня мае такіх рэзэрваў, як Расея, Кітай ці ЗША — «мы папярэджаныя, але яшчэ ня ўзброеныя», адзначаў ён пра Беларусь і Ўкраіну.

«Мы з вамі — аскепак вялізнай імпэрыі, і ўсё роўна, што прайшло 25 гадоў пасьля распаду Савецкага Саюзу, — казаў Лукашэнка ўкраінцам. — Ва ўсясьветную сыстэму мы моцна не ўмантаваныя: нас то зьлева, то справа... Таму нам яшчэ, можа, 50, ну, 100 гадоў трэба для таго, каб мы знайшлі сваё месца, як невялікія, дапусьцім, Фінляндыя, Аўстрыя, Швайцарыя. Напэўна, наш час стабільнасьці ў агульнаўсясьветным маштабе яшчэ не прыйшоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG