Пра падрыхтоўку закону аб забароне «прапаганды ЛГБТ» у Беларусі паведаміў на сваёй Facebook-старонцы ЛГБТ-актывіст Андрэй Завалей.
Актывіст выставіў і 14 старонак «аргумэнтаў», якія нібыта даслалі ў Міністэрства адукацыі з Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў.
Дакумэнт: «ЛГБТ-прапаганда дыскрэдытуе інстытут сям'і»
У дакумэнце прапануецца ўвесьці крымінальную і адміністрацыйную адказнасьць за «распаўсюджваньне інфармацыі, якая дыскрэдытуе інстытут сямʼі і традыцыйныя шлюбна-сямейныя стасункі», таксама прапануецца павялічыць «узрост згоды» «на мужаложніцтва» з 16 да 18 гадоў.
Тамсама ў апублікаваным тэксьце шмат разваг пра тое, што Беларусь перажывае сур’ёзны дэмаграфічны крызіс, у краіне шмат разводаў, зьмяншэньне колькасьці шлюбаў, нізкая нараджальнасьць. Прычына — «антысямейныя ідэалёгіі, якія прапагандуюць распусту і ўсёдазволенасьць. Асобнае месца ў такой прапагандзе займае ЛГБТ-прапаганда. Амаль беспакарана адбываецца «насаджэньне так званых каштоўнасьцяў ЛГБТ-супольнасьці», сьцьвярджаецца ў дакумэнце.
У якасьці прыкладаў ЛГБТ-прапаганды прыводзяцца «вясёлкавыя сымбалі ЛГБТ (шасьціколерны сьцяг і аднарогі) на цацках, адзеньні, дзіцячых прадуктах харчаваньня».
Згадваюцца і выданьні, што папулярызуюць «нетрадыцыйныя адносіны, вычварэньні, распусту, якія дыскрэдытуюць сямʼю і шлюб».
Нацыянальны цэнтар заканадаўства: «Ня наша гэта ўсё»
У Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых дасьледаваньняў абверглі, што такі дакумэнт рыхтаваўся там.
«Вы бераце інфармацыю з сацыяльных сетак і хочаце ад нас нейкага афіцыйнага камэнтару? Справа ў тым, што па гэтым пытаньні да нас былі толькі звароты грамадзянаў. Ніякіх ініцыятываў мы ня ўносілі, гэта проста фэйк. Да нас выстаўленыя ў фэйсбуку старонкі ніякага дачыненьня ня маюць. Ня наша гэта ўсё», — паведаміла Свабодзе супрацоўніца Цэнтру.
Яна пацьвердзіла, што было шмат зваротаў грамадзян на гэтую тэму, і на кожны зварот яны адказвалі.
«Але толькі ў межах тых пытаньняў, якімі валодае Цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, у межах нашай кампэтэнцыі, паводле Закону аб зваротах грамадзян», — дадала супрацоўніца.
У Міністэрстве адукацыі кажуць, што таксама нічога ня ведаюць пра апублікаваны актывістам дакумэнт.