Пасьля сустрэчы Трамп на борце свайго самалёта заявіў журналістам, што яго сустрэча з Сі «прайшла цудоўна» і завяршылася дамоўленасьцямі па многіх важных пунктах — ад гандлю і мыта да рэдказямельных мінэралаў.
Трамп паведаміў, што Вашынгтон зьнізіць на 10% мыта на кітайскі імпарт. У адказ Пэкін адновіць буйныя закупкі амэрыканскай соі, прыпыненыя вясной пасьля чарговага вітка тарыфных мер.
Паводле слоў прэзыдэнта ЗША, бакі таксама дамовіліся зьняць кітайскія абмежаваньні на экспарт рэдказямельных мэталаў — 17 элемэнтаў, якія адыгрываюць крытычна важную ролю ў вытворчасьці аўтамабіляў, самалётаў і ўзбраеньняў.
Гандлёвы прадстаўнік ЗША Джэймісан Грыр удакладніў, што Пэкін адмовіўся ад плянаў пашырыць кантроль за пастаўкамі гэтых мэталаў.
«Уся праблема рэдказямельных мэталаў вырашаная, і гэта датычыцца ўсяго сьвету», — заявіў Трамп.
Трамп паведаміў таксама, што абмяркоўваў з Сі вайну Расеі супраць Украіны. Паводле яго слоў, лідэры дамовіліся «працаваць разам».
Як пішуць кітайскія дзяржаўныя СМІ, Сі пасьля перамоваў заявіў, што бакі дасягнулі кансэнсусу па важных гандлёвых пытаньнях і будуць імкнуцца да «заспакаяльных» для абедзьвюх эканомік вынікаў.
«Кітай і ЗША могуць сумесна прадэманстраваць адказнасьць, якая адпавядае буйным дзяржавам», — падкрэсьліў Сі.
Трамп заявіў, што плянуе наведаць Кітай у красавіку 2026 года, а папярэдняе гандлёвае пагадненьне можа быць падпісанае ўжо ў найбліжэйшыя месяцы.
Аналітыкі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода зазначаюць, што патэнцыял для маштабнага пагадненьня застаецца абмежаваным, але цяперашняе пацяпленьне можа закласьці аснову для яго падрыхтоўкі.
Напярэдадні перамоваў Трамп даручыў Пэнтагону неадкладна спыніць добраахвотны мараторый ЗША на выпрабаваньні ядзернай зброі. У сацсетках ён напісаў, што ў Злучаных Штатаў «больш ядзернай зброі, чым у любой іншай краіны», назваўшы Расею другой, а Кітай — «далёка трэцяй».
Пры гэтым, паводле слоў прэзыдэнта ЗША, пытаньне аб Тайвані на сустрэчы не абмяркоўвалася. Не ўзьнімалася і тэма пакупкі Кітаем расейскай нафты, нягледзячы на заклікі Ўкраіны і саюзьнікаў аказаць ціск на Пэкін.
Перамовы адбыліся праз тыдзень пасьля таго, як Вашынгтон увёў санкцыі супраць дзьвюх буйных расейскіх нафтавых кампаніяў. Кітай застаецца найбуйнейшым пакупніком расейскай нафты і найважнейшым партнэрам Масквы на фоне вайны Расеі супраць Украіны.
Форум