Алена Грыгор’ева, забітая 21 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу ЛГБТ-актывістка, уваходзіла ў сьпіс патэнцыйных ахвяраў праекту «Піла супраць ЛГБТ», пішуць «Фонтанка» і «Росбалт». Паводле сьледчых, забойцаў магло быць некалькі.
У студзені 2019 году на сайце «Пилы» апублікавалі абвестку пра пошук людзей, гатовых за ўзнагароджаньне біць і выкрадаць прадстаўнікоў ЛГБТ. На сайце «Пилы» 1 ліпеня зьявіўся запіс, дзе сьцьвярджалася, што ўдзельнікі праекту «падрыхтавалі вельмі небясьпечныя і жорсткія падарункі» для актывістаў. У сьпісе ахвяраў была і Грыгорʼева.
Расейскі Сьледчы камітэт разглядае вэрсію пра тое, што да забойства маглі быць датычныя некалькі чалавек. Аднак дагэтуль у якасьці прыярытэтнага разглядаецца бытавы матыў, піша «Фонтанка».
41-гадовую Алену Грыгорʼеву забілі 21 ліпеня. Яе цела знайшлі ў кустах недалёка ад дома, у якім яна жыла. У яе зафіксаваныя прыкметы задушэньня, парэзаная сьпіна і твар. Акрамя ўдзелу ў акцыях пратэсту за правы ЛГБТ, актывістка таксама выступала на мітынгах у падтрымку крымскіх татараў, дальнабойшчыкаў і сясьцёр Хачатурʼян.