Эканамічны суд Менску 16 жніўня прызнаў дзейным рашэньне Рэспубліканскай экспэртнай камісіі, якая прыйшла да высновы, што два артыкулы выданьня «Вечерний Могилев» утрымліваюць прыкметы экстрэмізму. У іх ужываецца мова варожасьці супраць ЛГБТ-супольнасьці.
«Вечерний Могилев» намагаўся прызнаць экспэртнае заключэньне незаконным.
На папярэднім пасяджэньні прадстаўнікі Рэспубліканскай экспэртнай камісіі і Міністэрства інфармацыі заявілі, што не прызнаюць довады, выкладзеныя ў скарзе рэдакцыі.
Яны сказалі, што аспрэчыць высновы камісіі можа судовая экспэртыза, калі суд Ленінскага раёну Магілёва палічыць гэта неабходным.
Не дачакаліся рашэньня
На судовае пасяджэньне прыйшлі прадстаўнікі і прыхільнікі газэты «Вечерний Могилев». У аднаго зь іх на сумцы быў надпіс: «Аборт — гэта забойства!» Перад пачаткам пасяджэньня яны запатрабавалі, каб журналісты іх не фатаграфавалі «нахабна ў рыла». Яны патрабавалі ў журналістаў пасьведчаньні, хоць самі адмаўляліся прадстаўляцца, хапалі журналістаў за рукі і нават абураліся іх прысутнасьцю.
На пачатку працэсу прадстаўнік газэты Станіслаў Леўчанка заявіў адвод судзьдзі, аднак яго хадайніцтва суд не задаволіў.
Станіслаў Леўчанка заявіў, што ў заключэньні экспэртнай камісіі «ўпершыню ў практыцы правапрымяненьня прапісана такая грамадзкая праслойка, як гомасэксуалы, якія цяпер у якасьці сацыяльнай групы могуць разьлічваць на дзяржаўную падтрымку і абарону ў тым, каб насаджаць, прапагандаваць у краіне палавыя вычварэньні».
«Мы лічым, што сваім рашэньнем сябры РЭК падарвалі хрысьціянскія асновы нашага грамадзтва, традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці, ідэалёгію беларускай дзяржавы, што дазваляюць сабе ў Беларусі толькі ЛГБТ-актывісты».
Прадстаўнікі газэты пакінулі залю, не дачакаўшыся, калі абвесьцяць рашэньне суду.
Чаму «Вечерний Могилёв» не прызнае заключэньне экспэртаў
Паводле Леўчанкі, па сутнасьці і зьмесьце гэтая папера ня можа быць экспэртным заключэньнем з шэрагу прычын:
- дакумэнт разглядае сацыялягічныя пытаньні, аднак сярод сябраў камісіі няма экспэртаў у гэтых галінах;
- няма спасылак на дакумэнты.
«Як вынік, экспэрты робяць абсалютна памылковую выснову, што гаворка ідзе пра выказваньні, якія накіраваныя супраць групы асобаў, якія выдзяляюцца па прыкмеце гомасэксуальнай арыентацыі. Насамрэч у артыкулах газэты, якія разглядаюцца, гаворка ідзе пра асобаў з гомасэксуальнымі паводзінамі альбо ідэнтычнасьцю».
Паводле прадстаўніка газэты, «пераважная большасьць беларускага грамадзтва ня лічыць гомасэксуалізм нормай адносінаў паміж паламі», а вернікі «здаўна выхоўваліся на павазе да традыцыйнай сям’і, якая прадстаўляе саюз мужчыны і жанчыны».
«Гвалт над сумленьнем нашага грамадзтва ў гэтым пытаньні недапушчальны і незаконны, — сказаў прадстаўнік газэты. — Намі адрынаецца незаконная спроба экспартаваць у Беларусь амаральныя стандарты паводзінаў, беспадстаўна ўзводзячы іх у прававую форму».
Станіслаў Леўчанка сказаў, што заключэньне РЭК «наўпрост закранае пытаньні нацыянальнай дэмаграфічнай бясьпекі і правоў грамадзян».
«У процівагу законным палажэньням заключэньне РЭК прызнае гомасэксуалістаў, якія не падзяляюць традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці, паўнавартаснай сацыяльнай групай і тым самым прызнае дзейнасьць такой групы сацыяльна значнай. А прапаганду (у тым ліку сярод дзяцей) поглядаў, якія ідуць уразрэз зь сямейнымі каштоўнасьцямі, — законнай і апраўданай, — сказаў Станіслаў Леўчанка.
Аднак прадстаўнікі зацікаўленага боку адхілілі прэтэнзіі з боку рэдакцыі газэты, што заключэньне незаконнае. Таксама яны сказалі, што карысталіся ў сваіх высновах расейскімі мэтадалёгіямі.
У працэсе выступілі два адмыслоўцы (хоць прадстаўнікі газэты былі супраць гэтага) — першы намесьнік дырэктара па навуковай працы Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандар Лукашанец і загадчык катэдры псыхалёгіі і пэдагагічнага майстэрства Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы Аляксандар Сізанаў.
Лукашанец пра слова «пэдэраст»
Аляксандар Лукашанец мусіў выказацца адносна таго, што РЭК аднесла слова «пэдэраст» да вульгарызмаў.
«Вульгарызмамі зьяўляюцца словы рускай мовы, якія ў слоўніках літаратурнай мовы маюць адмысловую пазнаку. Яны маюць пэўную эмацыянальную нэгатыўную ацэнку. Зь лінгвістычнага пункту гледжаньня і норм сучаснай рускай літаратурнай мовы слова „пэдэраст“ не зьяўляецца вульгарызмам».
Паводле Лукашанца, для пэўных асобаў гэты тэрмін можа мець «нэгатыўны складнік з пункту гледжаньня свайго значэньня, паколькі абазначае пэўную катэгорыю асобаў, якіх ня ўсе прымаюць, як мы маглі пачуць на гэтым паседжаньні».
«Натуральна, што ў кантэксьце яно можа быць выкарыстана ня толькі ў прамым, але і ў пераносным значэньні, як напрыклад, ні да чога не прыдатны чалавек».
Паводле Лукашанца, у газэтным артыкуле гэтае слова ўжыта ў прамым значэньні.
Апроч слова «пэдэраст», там было ўжыта і слова «підар».
«Слова „підар“ зьяўляецца стылістычна зьніжаным. У слоўніку Макіенкі „Русское сквернословие“ яно вызначана як вульгарнае».
Аляксандар Сізанаў выказаўся адносна тэрміну «канфліктагенны патэнцыял», які выкарыстаны ў заключэньні РЭК. Паводле экспэрта, ён азначае «здольнасьць ствараць канфлікты».
Як лічыць Аляксандар Сізанаў, усё залежыць ад сытуацыі.
«Для крымінальніка ў камэры, яны там бяз мату слова ня скажуць, а тым больш слова „підар“, гэта нармальнае слова».
Чаму да выданьня «Вечерний Могилёв» столькі ўвагі
«Вечерний Могилев» шмат разоў займаў першыя пазыцыі ў рэйтынгах мовы варожасьці ў байнэце, якія складалі «Журналісты за талерантнасьць».
Напрыклад, яшчэ ў 2015 годзе галоўная рэдактарка газэты ставіла ў адзін шэраг п’янства, хуліганства, забойствы і «распаўсюд гомасэксуалізму».
Як у артыкулах знайшлі прыкметы экстрэмізму?
На выданьне ў Міністэрства інфармацыі паскардзіўся актывіст ЛГБТ з Маладэчна Валянцін Цішко. Ён даслаў у ведамства 14 матэрыялаў, у якіх угледзеў гамафобныя выказваньні.
Рэспубліканская экспэртная камісія прыйшла да высновы, што ў двух артыкулах газэты ёсьць «прыкметы праяўленьня экстрэмізму». Сваё заключэньне яна накіравала Міністэрству інфармацыі.
Пасьля супрацоўнікі міліцыі зьвярнуліся ў суд Ленінскага раёну Магілёва з заявай, каб матэрыялы прызналі экстрэмісцкімі і ўнесьлі ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Прадстаўнік «Вечернего Могилева» Станіслаў Леўчанка назваў заяву міліцыі неабгрунтаванай, а заключэньне экспэртаў — «палітычнай замовай».
Паводле яго, у публікацыях адсутнічаюць заклікі да зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу ды гвалту над асобамі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, таму «яны ня могуць быць экстрэмісцкімі».
Юрыст Станіслаў Леўчанка — сын галоўнага рэдактара і былы судзьдзя ў судзе Магілёўскага раёну. Калі ён працаваў судзьдзём, то атрымаў вымову за тое, што распаўсюдзіў у СМІ інфармацыю пра інтымнае жыцьцё ўдзельніка працэсу: распавёў журналістам пра грамадзяніна, які зьмяніў пол.
Разгляд справы ў Ленінскім судзе быў прыпынены, бо рэдакцыя абскардзіла высновы экспэртнай камісіі ў Эканамічны суд Менску.
Згаданыя артыкулы газэта выдаліла з сайту.
Суполка «Могилевская дорога жизни» «ЎКантакце», якая падтрымлівае публікацыі «Вечернего Могилева», апублікавала зварот да расейскага пасла ў Беларусі Дзьмітрыя Мезенцава.
Аўтары звароту сьцьвярджаюць, што выснова экспэртнай камісіі мае «антыхрысьціянскі характар, заахвочвае садомскі лад жыцьця і садомскую ідэалёгію». Прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці яны называюць «палавымі вычварэнцамі».
Паводле аўтараў звароту, справа ў судзе Ленінскага раёну пачатая таму, што газэта падтрымлівае «„русский мир“, хрысьціянскія і традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці».
Сьцісла пра газэту «Вечерний Могилев»
- Недзяржаўнае інфармацыйна-рэклямнае выданьне. Выходзіць 2 разы на месяц. Рэдакцыя месьціцца ў магілёўскім Доме друку разам зь дзяржаўнымі газэтамі.
- Паводле маніторынгаў ініцыятывы «Журналісты за талерантнасьць», гэта лідэр па ўжываньні мовы варожасьці.
- Судовы працэс газэта лічыць палітычнай замовай з боку «голубого лобби». Так гаворыцца ў звароце да чытачоў «Укантакце».