Данііл з Воршы кажа, што дырэктар ягонай вучэльні прапанаваў забраць заяву на пікет.
Заяўніка пікету супраць закону аб адтэрміноўках 18-гадовага Данііла выклікала для размовы адміністрацыя аршанскага каледжа Віцебскага дзяржунівэрсытэту імя Машэрава.
Данііл далучыўся да кампаніі «Пратэст BY», якая выступае супраць нядаўна прынятага закону аб адтэрміноўках. Пікет плянуе правесьці напрыканцы жніўня ў Воршы.
Данііл кажа, што да дырэктара каледжу ён павінен быў прыйсьці разам з маці. Дырэктар навучальнай установы Анатоль Зулёў прапаноўваў забраць заяву на правядзеньне пікету і нават казаў, у якім пакоі райвыканкаму яна знаходзіцца.
«Іначай гэта пакіне пляму і на каледжы, і на маёй кар’еры, і прынясе вялікую колькасьць праблем маці», — пераказаў гутарку з кіраўніцтвам Данііл. Дырэктар сказаў, што з райвыканкаму яму паступіў званок, што навучэнец каледжу плянуе правесьці несанкцыянаваную акцыю.
«Але я патлумачыў, што папрасіў дазволу на пікет у райвыканкаме. Дырэктар сказаў, што я гэтым нічога не даб’юся, сэнсу няма, што я адзін. Пры гэтым ён папярэджваў: калі яму паступіць званок з райвыканкаму, каб такога навучэнца-апазыцыянэра ў каледжы не было, то ён гэта зробіць. Маўляў, у яго на стале ляжыць 8 заяў на перавод зь іншых навучальных устаноў, і тут надта плакаць па мне ня будуць», — кажа Данііл.
Данііл сказаў, што забіраць сваю заяву аб правядзеньні пікету не зьбіраецца.
«Закон стварае вялікі часавы вакуўм паміж ступенямі адукацыі. Гэта супярэчыць Кодэксу аб адукацыі і парушае правы людзей. Я вырашыў, што ў мяне ёсьць права выказаць сваю незадаволенасьць», — кажа хлопец.
Дырэктар каледжу Анатоль Зулёў сказаў карэспандэнту Свабоды, што Данііла выклікалі, каб «проста высьветліць яго пазыцыю і чаго ён хоча, але ніякіх пагрозаў не было». «Мы высьветлілі, што ў яго ёсьць свая пазыцыя і ён хоча яе давесьці да ведама грамадзкасьці. Я ж не магу забараніць яму гэта рабіць».
Ці будзе гэта мець нейкія наступствы для навучэнца каледжу?
«Якія наступствы? Што я магу яго адлічыць? Ён наш навучэнец, мае выдатныя і добрыя адзнакі. За гэта ж не адлічваюць з навучальнай установы. Гэта яго такая пазыцыя. Я ўдакладніў яго пазыцыю, і ён будзе рабіць, як лічыць патрэбным», — сказаў Анатоль Зулёў.
Калі пікет будзе дазволены, то «няхай робіць», — дадаў Зулёў.
«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць
24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).
Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:
- адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
- тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
- у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
- тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
- замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.
Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.