Чатыры чалавекі правялі пікет супраць закону аб адтэрміноўках ў Тучынскім сквэры на Харкаўскай вуліцы ў Менску.
Пікетоўцы трымалі плякаты, а таксама распавядалі мінакам пра сутнасьць закону і яго наступствы. Яны выгуквалі лёзунг «Вучоба — важней!».
Першымі на месца правядзеньня пікету прыйшлі тры міліцыянты ў цывільным, а таксама прыехала брыгада хуткай дапамогі. Перад пачаткам акцыі міліцыянты праверылі, што было напісана на плякатах. А пасьля яе нагадалі, што пікетоўцы цягам дзесяці дзён павінны заплаціць 76,5 рубля за «паслугі міліцыі». Рахункі таксама выставіла «хуткая» і «Зелянбуд».
«Мы палічылі, што агулам выйшла больш за 150 рублёў, то бок адна хвіліна каштавала прыкладна 2,5 рубля. — сказаў карэспандэнту Свабоды адзін зь пікетоўцаў Радыён, які вучыцца ў магістратуры БДУІР. — Афіцыйна заяўленая намі мэта акцыі — праінфармаваць людзей пра закон аб адтэрміноўках. Але мы хацелі яшчэ паказаць, наколькі абсурдныя патрабаваньні закону адносна правядзеньня вулічных акцый. Нас чацьвёра, а ў два разы больш аховы, „хуткая дапамога“, павінны прыехаць прыбіральшчыкі. І таксама мы хочам паказаць, што акцыю можна правесьці і ніхто не атрымае штрафу і ня трапіць у аўтазак».
Паводле Радыёна, у рамках кампаніі «Вучоба важней!» у Менску пададзена яшчэ 13 заявак на правядзеньне пікетаў супраць закону аб адтэрміноўках. Акцыі плянуюць на канец жніўня — пачатак верасьня. Таксама дзьве заяўкі пададзеныя ў Воршы і адна ў Магілёве.
«Мы патрабуем адмяніць закон аб адтэрміноўках, як мінімум, зьмяніць яго, каб прадстаўлялася адтэрміноўка на кожную ступень адукацыі. Хочам такім чынам захаваць бесьперапыннасьць адукацыі. Калі мы даможамся выкананьня гэтых нашых патрабаваньняў, будзем выступаць за рэформу войска, паляпшэньне ўмоваў праходжаньня службы, каб людзі былі ў гэтай справе матываваныя. Бо калі заганяць людзей у войска з-пад палкі, калі не лічыцца зь іх інтарэсамі, перакручваць іх пляны, то пра якую якасьць абароны радзімы можа ісьці гаворка?» — сказаў Радыён.
Аляксей, які вучыцца ў БДУІР сказаў, што бярэ ўдзел у пікеце, бо закон аб адтэрміноўках парушае яго правы.
«Трэба нешта мяняць. Магчыма, няшмат карысьці ад нашых дзеяньняў, але мы хочам паказаць астатнім, што можна прыйсьці і выказацца. Гэта мэта дасягнутая, і мяне гэта радуе».
«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць
24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).
Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:
- адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
- тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
- у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
- тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
- замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.
Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.