Навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафэсійна-тэхнічнага каледжа Аляксей Маісееў падаў заяўку ў Магілёўскі гарвыканкам на правядзеньне адзіночнага пікету супраць закону аб адтэрміноўках. Яго мэта — праінфармаваць грамадзянаў пра новы закон, які тычыцца службы ў войску.
«Хочацца неяк процістаяць гэтаму закону, а многія людзі, відаць, баяцца падаваць заяўкі на такія акцыі. Я вырашыў не чакаць, калі зь неба зваляцца сьмелыя людзі», — сказаў Аляксей Маісееў.
Паводле яго, на ініцыятыву адрэагавала адміністрацыя каледжа.
«Мяне выклікалі ў каледж адносна правядзеньня пікету. Дырэктар таксама спрабаваў даць мне „рэкамэндацыі“, што гэтага рабіць ня варта, бо на мне будзе нейкае „кляймо“ і навошта падстаўляць каледж. Спрабавалі мне патлумачыць непазьбежнасьць службы ў войску і што я туды пайду ў любым выпадку, то бок якая розьніца тады», — сказаў Аляксей.
Атрымаць камэнтар у дырэктара каледжу Алега Бахановіча не ўдалося, ён патлумачыў, што «заняты».
Паводле новага закону адтэрміноўка ад войска для атрыманьня адукацыі будзе давацца толькі адзін раз. У Мінабароны новаўвядзеньні патлумачылі недахопам прызыўнікоў і адзначылі, што новыя правілы дазволяць кожны год набіраць на 4,5 тысячы салдат больш, чым раней.
Імідж беларускага войска значна пацярпеў пасьля «справы Коржыча».
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай у падвале мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі Коржычавых таварышаў па службе казалі на судзе, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна была на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Маці загінулага салдата Сьвятлана Коржыч стала сымбалем змаганьня зь дзедаўшчынай.
Расьсьледаваньне справы Коржыча цягнулася каля 9 месяцаў. Па ўсёй Беларусі прайшлі дзясяткі судоў аб дзедаўшчыне ў войску.
Аляксандар Лукашэнка ўжо падпісаў закон, ён пачне дзейнічаць з 10 жніўня. Такім чынам, восеньскі прызыў пачнецца ўжо паводле новых правілаў. Гэта азначае, што некаторыя хлопцы-магістранты замест вучобы пойдуць служыць.
Кампанія «Пратэст BY» паведамляла, што рыхтуе ў Менску на пачатку восені масавы мітынг супраць закону аб адтэрміноўках.
«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць
24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).
Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:
- адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
- тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
- у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
- тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
- замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.
Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.