Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдаткі на перапіс насельніцтва Беларусі на дзьве траціны аплацяць спонсары


Перапісчык, архіўнае фота
Перапісчык, архіўнае фота

Пра гэта Свабодзе 22 жніўня заявіла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Іна Мядзьведзева.

«Сёлета дзяржава бярэ на сябе 35% выдаткаў. Усё астатняе — за кошт спонсараў. На папярэднім перапісе, які прайшоў 10 гадоў таму, прапорцыя была зусім іншая: 95% — бюджэтныя грошы, і толькі 5% — спонсары».

Галоўны фундатар перапісу-2019 — Усясьветны банк. Ён выдаў на гэтыя мэты 1,9 мільёна даляраў. Навацыя перапісу — удзел у ім праз інтэрнэт — цалкам аплачваецца банкам.

Што тычыцца канкрэтнай сумы ўсіх выдаткаў на перапіс, то, паводле спадарыні Мядзьведзевай, назваць яе можна будзе толькі ў лютым 2020 году.

Асабістыя дадзеныя ня трапяць у чужыя рукі

Адказваючы яшчэ на адно пытаньне Свабоды — пра гарантыі таго, што дадзеныя перапісу ня трапяць у чужыя рукі, — чыноўніца запэўніла: такога ня будзе.

«Мы зрабілі і зробім усё, каб чужыя сакрэты ня трапілі кудысьці. Права на апрацоўку дадзеных будзе толькі ў некалькіх чалавек. Яны будуць знаходзіцца ў адмысловым пакоі, куды нельга зайсьці нікому староньняму. А самае галоўнае, што ўсе дадзеныя адразу будуць кадавацца. Так што ні прозьвішча, ні адрасу ніхто не пабачыць. Іх заменяць наборы лічбаў», — сказала Іна Мядзьведзева.

Перапіс пройдзе трыма спосабамі

На выбар можна:

  1. Прыйсьці на стацыянарныя ўчасткі, якія будуць працаваць з 4 па 30 кастрычніка.
  2. Інтэрнэт-перапіс можна прайсьці самастойна з 4 па 18 кастрычніка. Тры дні даецца на апрацоўку атрыманых вынікаў.
  3. З 21 па 30 кастрычніка да тых, хто ня браў удзелу ў апытаньні, органы дзяржстатыстыкі накіруюць перапісчыкаў з пляншэтамі. Калі людзі адмовяцца пускаць у дом чужых людзей, іх запросяць на стацыянарныя перапісныя ўчасткі.

Фармулёўкі моўных пытаньняў тыя самыя, што і ў 2009 годзе

Моўных пытаньняў у анкеце два.

Пытаньне № 12: «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)?»

Пытаньне № 13: «На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?»

І прапанаваныя 5 варыянтаў адказаў: беларуская, руская, польская, украінская, іншая мова.

Моўныя пытаньні рэкамэндаваныя Канфэрэнцыяй эўрапейскіх статыстыкаў. Там ёсьць разьдзел 12 — «Этнакультурныя характарыстыкі». Прапануюцца чатыры канцэпцыі. Кожная краіна можа выбіраць альбо ўсе чатыры, альбо дзьве.

  • А — родная мова, якая вызначаецца як першая мова, засвоеная ў раньнім дзяцінстве.
  • В — асноўная мова, якая вызначаецца як мова, якой асоба валодае лепш за ўсё.
  • С — звычайна ўжываная мова, якая вызначаецца як тая, што найчасьцей ужываецца дома, на працы.
  • D — веданьне мовы (моваў), што вызначаецца як уменьне размаўляць, пісаць на адной або некалькіх мовах.

Беларусь выбрала дзьве пазыцыі — А і С.

Галоўныя лічбы 2009 году

Апошні перапіс у Беларусі праводзіўся з 14 па 24 кастрычніка 2009 году. Паводле дадзеных перапісу 2009 году, у Беларусі пражывала 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек. Беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці).

У перапісе 2009 году роднай мовай беларускую назвалі 53,2% насельніцтва Беларусі. У часе перапісу 1999 году роднай мовай беларускую назвалі 73,6%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG