Тэрыторыю «бязьвізу» ў Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі аб’ядналі і павялічылі на пяць раёнаў. Свабода сабрала 12 цікавых мясьцінаў, якія варта наведаць на новай бязьвізавай тэрыторыі.
Указ пра бязьвіз быў апублікаваны 9 жніўня. Зьмены набудуць моц праз тры месяцы — пасьля 9 лістапада.
1. Яшыва і пахаваньне рабіна Хафеца Хаіма
Вёска Радунь Воранаўскага раёну
Хафец Хаім — вядомы ва ўсім сьвеце духоўны лідэр габрэяў, жыў у канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя. У ягонай яшыве ў Радуні навучалася адначасова 200 чалавек. Адтуль выпусьціліся 12 галоўных рабінаў сьвету таго часу. Цяпер у былым будынку яшывы — дом культуры.
Пахаваньне Хафеца Хаіма знайшлі адносна нядаўна, аднавілі, і цяпер яго наведваюць тысячы габрэяў з усяго сьвету. Дом, дзе жыў Хафец Хаім, на пачатку XXI стагодзьдзя разабралі і вывезьлі ў ЗША.
Цяпер у Радуні будуецца вялікі цэнтар рэлігійнага паломніцтва, які зможа прыняць болей турыстаў.
2. Дом-крэпасьць у Гайцюнішках
Вёска Гайцюнішкі Воранаўскага раёну
Дом-крэпасьць у Гайцюнішках
Адзіны ў Беларусі дом-крэпасьць. Яго пабудаваў для сябе архітэктар галяндзкага паходжаньня Пётар Нонхарт у 1612 годзе ў выглядзе невялікага замка. Таўшчыня сьценаў сягае 1,5 мэтра. У падвале раней была студня. Адзін паверх займаў невялікі вайсковы гарнізон. Крэпасьць акружаў роў з вадой. Цяпер тут спэцыялізаваны псыхіятрычны шпіталь, дзе лечацца людзі, які зьдзейсьнілі злачынствы.
3. Лідзкі бровар
Ліда
На лідзкім піўзаводзе можна замовіць экскурсію і ўбачыць, як вараць клясычныя і крафтавыя гатункі піва з выкарыстаньнем нямецкага і чэскага абсталяваньня, а таксама пакаштаваць напоі. Завод «Лідзкае піва» пачынае сваю гісторыю з 1876 году, калі лідзкі мешчанін Носель Пупко заснаваў тут бровар. Цяпер піўзавод з 140-гадовай гісторыяй — самы стары дзейны бровар Беларусі.
4. Дом-музэй Чэслава Немэна
Вёска Старыя Васілішкі, Шчучынскі раён
Дом, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва вядомага польскага рок-музыканта Чэслава Немэна, пабудаваў ягоны дзед Якуб. З 2010 году ў ім клюб-музэй. Адноўленая абстаноўка, у якой Чэслаў Выджыцкі (Немэн — псэўданім) рос да 19 гадоў. Тут можна паслухаць творы музыканта, паглядзець фільмы пра яго, убачыць фатаздымкі.
5. Палац Друцкіх-Любецкіх
Шчучын
Яго таксама называюць «беларускім Вэрсалем». Сваімі абрысамі ён нагадвае рэзыдэнцыю францускіх каралёў у сапраўдным Вэрсалі. Пабудаваны ў другой палове XVIII стагодзьдзя ў стылі клясыцызму. За савецкім часам тут месьціліся адміністрацыйныя ўстановы і вайсковая лётная частка. Некалькі гадоў таму палац аднавілі. Цяпер тут палац творчасьці дзяцей і моладзі.
6. Бункер камандаваньня авіяцыяй
Каля вёскі Руткевічы Шчучынскага раёну
Некалі засакрэчаны падземны бункер адкрылі для турыстаў. У савецкі час Шчучын быў буйным цэнтрам вайсковай авіяцыі. Тут дысьлякаваліся рэактыўныя бамбавікі і звышгукавыя зьнішчальнікі. Вайсковай тэхнікай кіравалі з замаскаванага двухпавярховага падземнага бункера.
7. Палац Чацьвярцінскіх
Пасёлак Жалудок Шчучынскага раёну
Двухпавярховы палац пабудаваны ў 1908 годзе ў стылі нэабарока. Уласьнік сядзібы Сьвятаполк-Чацьвярцінскі ў апошнюю вайну памёр у Асьвенціме. У палацы захаваліся старадаўнія лесьвіца і камін. Месца вядомае тым, што тут здымалі першы беларускі фільм жахаў «Масакра».
Апошнім часам стан будынка быў аварыйны. У 2014 годзе палацавы комплекс набыла сям’я з Расеі. Яны плянуюць адкрыць тут карцінную галерэю і музэй. Працы па аднаўленьні яшчэ ня скончаныя.
8. Сьвята-Раства-Багародзіцкая царква абарончага тыпу
Вёска Мураванка Шчучынскага раёну
Царква ў Мураванцы
Пабудаваная ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя. Значна пацярпела ў Паўночную вайну, калі трапіла пад абстрэл гармат швэдзкага караля Карла XII. Захаваліся вокны-байніцы. Сьцены круглых вежаў царквы сягаюць амаль 2 мэтраў у таўшчыню.
9. Музэй Багратыёна
Ваўкавыск
У вайскова-гістарычным музэі імя Пятра Багратыёна можна бліжэй пазнаёміцца з падзеямі 1812 году. Бітва францускіх і расейскіх войскаў пад Ваўкавыскам адбылася 14–16 лістапада 1812 году. Армія Напалеона адступіла, пакінуўшы моцна зруйнаваны горад. У музэі дзейнічаюць экспазыцыі, прысьвечаныя вайне з Напалеонам, а таксама гісторыі самога Ваўкавыску.
10. Самы вялікі драўляны касьцёл Беларусі
Пасёлак Воўпа Ваўкавыскага раёну
Касьцёл у Воўпе
Касьцёл сьвятога Яна Хрысьціцеля пабудаваны ў стылі драўлянага дойлідзтва з элемэнтамі барока ў 1773 годзе. Алтар старэйшы за храм на паўтара стагодзьдзя. Парафія існуе з 1474 году.
З Воўпай зьвязаныя імёны Міколы Гусоўскага, Стэфана Баторыя, Яна Казіміра Вазы, Вінцэнта Гадлеўскага, Элізы Ажэшкі, Ларысы Геніюш.
11. Школа, дзе вучыўся Кастусь Каліноўскі
Сьвіслач
У Сьвіслацкім раёне можна прайсьці сьлядамі лідэра антырасейскага паўстаньня 1863–1864 гадоў. У вёсцы Якушоўцы засталіся падмуркі фальварку, дзе жыла сям’я Каліноўскіх, калі Кастусь быў малы. У горадзе Сьвіслач захаваўся будынак школы, дзе вучыўся Каліноўскі. Цяпер там шпіталь. Сучасная гімназія носіць імя Каліноўскага, а ў цэнтры гораду стаіць помнік рэвалюцыянэру.
Вядома, што на сьвіслацкіх могілках пахаваныя бацька, бабуля, некаторыя браты і сёстры Кастуся, але дзе дакладна тыя магілы, невядома.
12. Пахаваньне польcкага паэта Францішка Карпіньскага
Вёска Лыскава Пружанскага раёну
Траецкі касьцёл у вёсцы Лыскава
Польскі паэт і драматург Францішак Карпіньскі (1741–1825) вядомы перадусім сваёй рэлігійнай «Ранішняй песьняй» — «Kiedy ranne wstają zorze» («Калі ўстаюць ранішнія зоркі»), якую дагэтуль штодня сьпяваюць у шмат якіх касьцёлах Беларусі і Польшчы.
У XVI стагодзьдзі ў Лыскаве быў вялікакняскі замак, аднак да сёньняшняга дня ад яго не захавалася нават рэштак.
Траецкі касьцёл датуецца 1527 годам.
Што ў новым указе аб пашырэньні бязьвізавай зоны?
- У абʼяднаную бязьвізавую тэрыторыю «Берасьце-Горадня» ўключылі дадаткова Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідзкі і Шчучынскі раёны.
- Цяпер у зоне «Берасьце-Горадня» замежнікі змогуць знаходзіцца бязь візы 15 сутак.
- Дадалі яшчэ два памежныя пункты, празь якія замежнікі могуць уехаць у Беларусь: Беняконі і Бераставіцу.
- Указ набудзе моц праз тры месяцы пасьля афіцыйнай публікацыі. На момант публікацыі дакумэнт не апублікаваны.
Цяпер бязьвізавыя:
- Горадня і Горадзенскі раён;
- Бераставіцкі,
- Ваўкавыскі,
- Воранаўскі,
- Горадзенскі,
- Лідзкі,
- Сьвіслацкі,
- Шчучынскі раёны Горадзенскай вобласьці;
- Берасьце і Берасьцейскі раён;
- Жабінкаўскі,
- Камянецкі,
- Пружанскі раёны Берасьцейскай вобласьці.