«Набываюць усё. Усё што заўгодна. У кожныя выходныя тут турыстычныя аўтобусы», — кажуць у горадзенскай краме трыкатажу. Бязьвізавыя турысты ў цэнтры Горадні паказалі свае пакупкі. Праўда, акрамя адной.
Гавораць не па-нашаму і нікуды не сьпяшаюцца
Ад пачатку дзеяньня бязьвізавага рэжыму (26 кастрычніка 2016 году) Горадню наведалі каля 200 тысяч турыстаў з 70 краінаў.
Каб убачыць, што набываюць у Горадні турысты, перадусім трэба іх знайсьці. Улетку нават у будзённы дзень замежнікі ў старым горадзе сустракаюцца праз аднаго ці праз двух.
Дастаткова прыслухацца да гаворкі: спрэс польская, шмат літоўскай, месцамі ангельская, нямецкая, гішпанская. Сталага веку літоўцы і латышы ў крамах і транспарце пераходзяць на расейскую з выразным акцэнтам. Калі чуваць расейская мова без характэрнага беларускага вымаўленьня — побач, хутчэй, госьці з Расеі.
Іншаземцаў адрозьнівае ня толькі іншы тып зьнешнасьці і стыль адзеньня. Яны часта ходзяць групкамі, з фотаапаратамі, не сьпяшаюцца і ўважліва разглядаюцца па баках, азіраюцца, ці не згубіўся хто са сваіх.
Адметная рыса — новыя торбы ў руках з брэндам той ці іншай крамы.
«Нехта бярэ на 300 рублёў, а нехта — адны майткі»
У краме трыкатажнага беларускага адзеньня Mark Formelle кажуць, што на выходных наведнікаў цэлыя аўтобусы. Больш за ўсё літоўцаў і расейцаў, апошнім часам і палякі пачалі набываць беларускі тэкстыль.
«Набываюць усё: джэмпэры, майткі, швэдры, сукенкі, станікі, шкарпэткі, нагавіцы. Усё што заўгодна. Нехта бярэ на 300 рублёў, а нехта на 50. А хтосьці адны майткі або шкарпэткі», — кажуць прадавачкі ў краме.
Ежы і Эва з Варшавы прыехалі ў Горадню гадзіну таму, глядзяць горад і яшчэ не пасьпелі нічога набыць. Але ўжо маюць пляны.
«Абавязкова будзем набываць магніцікі, зэфіркі, квас, гарэлку або лікёр», — пералічвае Ежы.
«І пярсьцёнак», — дадае Эва.
«А вы нешта прадаяце? Не? Ня можа быць. Саромеецеся, а мы б набылі», — жартуюць палякі.
«Беларуская касмэтыка таньнейшая і высокай якасьці»
Вікторыя разам зь сябрам прыехалі зь нямецкага Штутгарта. У іх пакеты зь Мікі-Маўсам, гэта прадукцыя фабрыкі бялізны і панчохаў Conte.
«Мы набылі шкарпэткі, майткі і майкі, а таксама льняныя вырабы. Ды проста чорныя шкарпэткі, нічога цікавага», — тлумачыць Вікторыя. Ейны сябар муляецца, але ўрэшце паказвае пакупкі.
Групка турыстаў з латвійскага гораду Ма́дана разышліся па пешай вуліцы невялікімі кампаніямі.
Марыя дэманструе слоічкі і цюбікі касмэтыкі зь ня самай таннай горадзенскай крамы.
«У нашым узросьце ўжо, ведаеце, трэба», — быццам апраўдваецца за крэмы Марыя.
Набывае іх у Беларусі праз добрую якасьць і значна ніжэйшы кошт.
Юрыс прызнаецца, што набыў бабруйскі зэфір — толькі паспытаць, тры штучкі.
«Кажуць, што латвійскі лепшы», — сьмяецца ён.
«Валідол таньнейшы ў 5–10 разоў»
Тры сястры Валянціна, Людміла і Галіна не адразу знаходзяцца, што адказаць — ці яны мясцовыя, ці прыежджыя. Толькі Людміла жыве ў Горадні. Валянціна ў 1990-х зьехала ў Літву, а Галіна — у Расею.
«Я заўсёды набываю ў Беларусі лекі, бо беларускія лекі ад ціску, валідол таньнейшы разоў у 5–10 і больш якасны. Таксама набыла беларускую касмэтыку, туш», — кажа Валянціна.
Галіна набыла ніжнюю бялізну фірмы Lauma.
«Ня буду паказваць, а то вы яшчэ папросіце прымераць. Але я штогод прыяжджаю і набываю сабе бялізну», — кажа Галіна.
«Мы, тры сястры, чакаем сустрэчы. У нас у асноўным душэўны набытак», — тлумачыць Людміла, якая штогод чакае сясьцёр у госьці.
«Калі набываеш дзьве пары абутку, то зьніжкі»
Пасярод Савецкай вуліцы ідуць з каробкамі абутку ў вялікіх пакетах Агнэса і Яніс з Латвіі.
Яніс набыў сабе адразу дзьве пары чорных ботаў розных мадэляў. Агнэса — чатыры пары абутку сабе і сынам.
«У Беларусі таньней, але не нашмат. Калі набываеш дзьве пары абутку, то зьніжкі. У вас добрая якасьць», — кажа Агнэса.
Да таго ж жанчына набыла абрус — кажа, «прыгожы», праўда, не з аршанскага лёну. А яшчэ — сувэнір-амялушку для ўнукаў і амарэта «для сваіх мужчын».
«Нашыя куплялі лён, ручнікі, каму што трэба. Ня надта таньнейшае, але якаснае», — дадае ейная спадарожніца Яніна.
Трохдзённая экскурсія па Горадні і Друскеніках выйшла ім па 154 даляры з чалавека.
«У Францыі цэняць ручныя вырабы з бурштыну»
Зыта і Бэніта з Латвіі пераконваюць, як і многія папярэднія суразмоўцы, што прыехалі не на шопінг, а на экскурсію. Пакупкі — пры нагодзе, як сувэніры для сяброў. Яны паказваюць ручнікі і сурвэткі аршанскага льнокамбінату, «белітаўскі» шампунь. Купілі таксама магніцікі, кубкі, беларускі бальзам.
«Вядома, мы хацелі паспытаць вашыя бальзамы. Не адкаркоўвалі, бо для падарунку», — кажа Зыта.
Марыя жыве 13 гадоў у Францыі побач з горадам Ліможам, улетку прыяжджае да сваякоў. У Горадні набывае ўпрыгожаньні з бурштыну ў падарунак сябрам.
«Гэта там вельмі цэняць. Тут упрыгожваньні таньнейшыя і цікавейшыя, у Францыі гэтага ня знойдзеш. Там ручная праца вельмі рэдка сустракаецца», — кажа Марыя.
Яна трымае ў руках некалькі падарункавых пакецікаў зь бялізнай фірмы «Мілавіца» — для сябровак. Паказваць саромеецца — сподняе. Павязе ў Францыю таксама цукеркі і шакаляд ад «Камунаркі». Зэфір не купляе — «бо французы такога не разумеюць, не прывыклі».