Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пяцізоркавы кэмпінг лепш, чым трохзоркавы гатэль»: параўноўваем кэмпінгі ў Эўропе і Беларусі


Турыстычныя намёты на пляжы ў Баўгарыі
Турыстычныя намёты на пляжы ў Баўгарыі

Эўрапейцы ўсё больш ахвотна вяртаюцца да адпачынку ў кэмпінгах, а ў сувязі з гэтым растуць і цэны. Але сумы вельмі розьняцца ў залежнасьці ад краіны. Ноч у беларускім кэмпінгу можа каштаваць у пераліку ад 3 да 10 эўра , а ў швайцарскім — амаль 40.

Самыя дарагія і самыя танныя

Самыя дарагія месцы для кэмпінгу — Швайцарыя, Італія і Харватыя. У сярэднім у сэзон два дарослых чалавекі заплацяць за суткі каля 36 эўра за намёт, парковачнае месца, электрычнасьць і мясцовы падатак.

Наадварот, самыя танныя кэмпінгі — ва Ўсходняй і Паўднёва-Усходняй Эўропе. Двое турыстаў заплацяць менш як 16 эўра за ноч, напрыклад, у Румыніі, Альбаніі альбо Малдове.

КраінаСярэдні кошт сутак (у эўра)

Беларусь

6

Бэльгія

21

Грэцыя

24.5

Італія

36.2

Літва

16

Латвія

21

Польшча

18

Украіна

10

Харватыя

34.5

Чэхія

20

Найбольш кэмпінгаў у гісторыі

«Колькасьць людзей, якія праводзяць адпачынак у намётах альбо трэйлерах, павялічваецца з гадами, і папулярнасьць кэмпінгаў расьце. Колькасьць даступных сёньня кэмпінгаў — самая высокая за ўсю гісторыю», — тлумачыць Максыміліян Мёрль, адзін з супрацоўнікаў вэб-сайту camping.info.

Пра павелічэньне колькасьці наведнікаў паведамляюць кэмпінгі ў Нямеччыне, Аўстрыі і Італіі. «Гэта больш ня тыя, хто шукае танны адпачынак, і не клясычныя бадзягі — усё больш тых, хто хоча адпачываць бліжэй да прыроды, ня хоча прачынацца на курортах, але ў той жа час шукае адносны камфорт. Францыя і іншыя краіны, якія хутка зразумелі гэта, актыўна працуюць і адаптуюцца да новых патрабаваньняў сваіх наведнікаў», — тлумачаць прапагандысты кэмпінгавага адпачынку.

Камфорт на пяць зорак

Зьяўляюцца чатырох- і пяцізоркавыя кэмпінгі, якія адпавядаюць чаканьням і самых патрабавальных турыстаў. «Людзі аддаюць перавагу пяцізоркаваму кэмпінгу перад трохзоркавым гатэлем», — кажа Клара Велінска з асацыяцыі кэмпінгу і караванінгу ў Чэхіі.

Такія патрабаваньні ўключаюць ня толькі прыбіральні і шлянгі з вадой у цэнтры лягера. У замежжы гарачая вада звычайна даступная без часавых абмежаваньняў, прыбіральні чыстыя, а таксама ёсьць пляцоўкі для дзяцей і нават басэйны.

Чаму аб'яжджаюць Беларусь

У Беларусі інтарэс да кэмпінгаў пакуль ня надта вялікі. У 2014 тагачасны прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч даручыў разабрацца, чаму караванэры аб’яжджаюць Беларусь. Зьявіўся плян разьвіцьця кэмпінгаў, у 2016 прайшоў першы міжнародны зьлёт на Сяляве. Аднак, сытуацыя не палепшылася.

— Пасьля ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму праз аэрапорт Расея закрыла мяжу — цяпер замежнікам трэба ўяжджаць да нашых усходніх суседзяў празь міжнародныя пункты пропуску. Што граху таіць: мы для караванэраў былі прывабнай транзытнай краінай. Цяпер нас аб’яжджаюць бокам. Спадзяемся, што перамовы аб узаемным прызнаньні візаў усё вернуць назад. Разьлічваць толькі на ўнутраны турызм у нашым выпадку не даводзіцца, — сказаў у інтэрвію sb.by старшыня беларускага саюзу кэмпінгаў Уладзімір Рудой. — У нас на ўліку стаіць прыкладна 2,5 тысячы аўтадамоў і прычэпаў. Зь іх актыўна падарожнічае сотні дзьве-тры. Астатнія выкарыстоўваюць караваны як бытоўкі, езьдзяць на рыбалку... Калі на Захадзе гэта папулярна, то нашых людзей трэба прывучаць да такога адпачынку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG