ІІ Эўрапейскія гульні закончыліся, можна падводзіць папярэднія вынікі. Што гэта было?
Сьцісла:
- Беларускія ўлады надавалі гэтым гульням надзвычай вялікае значэньне.
- Улада імкнулася палепшыць свой унутраны і міжнародны імідж.
- Невыпадкова другі раз Эўрапейскі алімпійскі камітэт прызначае Эўрапейскія гульні ў краіне з дыктатарскім рэжымам.
- Палітычны эфэкт ад Эўрапейскіх гульняў атрымаўся невялікі.
Ставілася задача палепшыць імідж уладаў унутры краіны
Ня будзем кранаць эканамічныя вынікі Эўрапейскіх гульняў. Спартовыя імпрэзы падобнага маштабу заўсёды стратныя. Але, як вядома, ня ўсё ў жыцьці вымяраецца грашыма.
Беларускія ўлады надавалі гэтым гульням надзвычай вялікае значэньне. Пра гэта сьведчаць ня толькі пафасныя шчыраваньні дзяржаўных мэдыя, ад якіх часам станавілася няёмка.
Яшчэ віншуючы беларусаў з новым 2018 годам, Лукашэнка заявіў, што галоўнай задачай для дзяржавы і народу ў новым годзе павінна стаць падрыхтоўка да ІІ Эўрапейскіх гульняў, якія адбудуцца ў Менску ў 2019 годзе. Выглядала вельмі дзіўна і лішні раз пацьвердзіла, што грамадзтва і ўлада жывуць у розных вымярэньнях.
Пытаньне, навошта ўсё гэта трэба, шмат разоў узьнікала ў спрэчках на сацыяльных сетках. Праблема мае ўнутранае і вонкавае вымярэньне. Відавочна, улады з дапамогай буйной спартовай падзеі хацелі зрабіць сабе піяр, палепшыць імідж унутры краіны. Бо, як вядома, народ хоча сьвята, і правіцель, які даставіць люду захапляльнае відовішча, атрымлівае палітычныя дывідэнды.
Акрамя таго, з дапамогай дзяржаўных мэдыя можна паказаць, маўляў, паглядзіце, якім аўтарытэтам карыстаецца краіна ў сьвеце. Плюс да таго, другое месца беларускіх спартоўцаў у агульным камандным заліку можна трактаваць як доказ таго, што Беларусь — вялікая спартовая дзяржава. Хоць насамрэч гэты факт сьведчыць пра невысокі ўзровень спаборніцтваў.
Беларускае кіраўніцтва хацела адбяліцца ад вобразу «апошняй дыктатуры Эўропы»
Другая задача палягала ў тым, каб палепшыць міжнародны вобраз Беларусі. Гэты матыў асабліва важны для кіраўніцтва краіны. Бо Беларусь мае, скажам мякка, ня вельмі добры міжнародны імідж. І Эўрапейскія гульні закліканы былі выправіць нэгатыўны вобраз Беларусі, даказаць памылковасьць тых уяўленьняў пра краіну, якія склаліся ў сьвеце ў выніку падкопаў унутраных і вонкавых ворагаў.
Разьлік на тое, што шараговыя заўзятары, якія прыедуць на спаборніцтвы, убачаць парадак, гасьціннасьць, чысты горад і скажуць: «Якая ж гэта дыктатура? Нас падманвалі».
Памятаеце, як Аляксандар Лукашэнка, прымаючы тагачаснага міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, загадаў прыбраць падмуркавыя блёкі ў раёне фан-зон? Ён сказаў: «Мяне насьцярожвае, што мы, часам ня думаючы, у пляне перастрахоўкі або яшчэ чагосьці пачынаем ствараць ці то „канцлягер“, ці то нейкае „гета“ ў Беларусі... Мы сёньня ня ў Сырыі, ня ў Лібіі, і ў нас не Ірак, каб усё гэта тварыць». А кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава нават прасіла прабачэньня перад удзельніцамі скандальнай групы Pussy Riot, сказала, што абмежаваньні на іхны ўезд у Беларусь зьняты, можаце прыяжджаць на гульні. Бо ў нас жа свабода.
Ва ўсім гэтым праяўляецца велізарны комплекс непаўнавартасьці. Доўгае знаходжаньне ў статусе міжнароднага ізгоя наклала адбітак на ўсё пазыцыянаваньне дзяржавы. Калі трэба ўвесь час даказваць усім, што мы нармальная краіна, то гэта ёсьць дакладная прыкмета яе несамадастатковасьці.
Пакуль Эўрапейскія гульні праводзяцца толькі ў дыктатарскіх краінах
Варта зьвярнуць увагу, што другі раз Эўрапейскі алімпійскі камітэт прызначае Эўрапейскія гульні у краіне з дыктатарскім рэжымам. Першыя гульні, нагадаю, прайшлі ў Азэрбайджане. Бо гэтая падзея ня надта папулярная; у дэмакратычных краінах, дзе існуе грамадзкі кантроль за бюджэтам, яго праводзіць адмаўляюцца. А ў дыктатарскіх краінах грошы на такія імпрэзы ня лічаць, жорсткая вэртыкаль улады садзейнічае добрай арганізацыі.
Праблемай для Эўрапейскіх гульняў зьяўляецца запаўняльнасьць трыбунаў. Бо спаборніцтвы ня дужа цікавыя. Калі наступныя гульні сапраўды адбудуцца ў Кракаве, то можна загадзя прагназаваць, што яны пройдуць пры мінімальнай увазе заўзятараў. А ў Беларусі гэтае пытаньне вырашылі вельмі проста: у прымусовым парадку абавязалі дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы і ўстановы выкупіць квіткі на гэтыя гульні. Потым іх бясплатна раздавалі супрацоўнікам. Да такога не маглі дадумацца ў дэмакратычных дзяржавах.
Сумнеўны ўнутрыпалітычны эфэкт
Ці вырашаны пастаўленыя задачы? Думаю, далёка ня так, як разьлічвалі ўлады. Калі казаць пра ўнутрыпалітычны эфэкт, то ён сумнеўны. У сацыяльных сетках абсалютная большасьць камэнтараў носіць нэгатыўны характар. Але, здаецца, там цяпер крытыкуецца ўсё, што б ні рабіла цяперашняя беларуская ўлада.
А вось апытанкі на вуліцах, якія рабілі журналісты Свабоды, даюць зусім іншы вынік.
Людзі ацэньвалі гэтую спартовую падзею пераважна станоўча. Бо нэгатыўныя наступствы (заторы на дарогах, высяленьне студэнтаў з інтэрнатаў) закранулі меншасьць людзей. А беларускія абываталі ня лічаць, што яны маюць права неяк ацэньваць дзеяньні ўладаў. Бо для іх улада — гэта нешта такое, на што яны ніяк не ўплываюць. Як надвор’е ці зьмена пораў году. Дзяржаўны бюджэт яны ня лічаць сваім.
У Беларусі ўлада і грамадзтва — гэта дзьве розныя плянэты, якія рухаюцца самі па сабе. Абываталі — гэта заўзятары, гледачы гэтага відовішча. Дык чаму б не паглядзець?
Праўда, трэба адзначыць, што трыбуны былі не заўсёды запоўненыя. Многія людзі, атрымаўшы дармовыя квіткі, проста не прыйшлі. Бо яны ж ня самі выбіралі той від спаборніцтва, які ім даспадобы.
Невысокая міжнародная цікавасьць
Калі казаць пра вонкавы эфэкт, то ён невялікі. Міжнародная цікавасьць была невысокая. Нават «Эўраньюс» і расейскія тэлеканалы не паведамлялі пра гульні ў Менску. Іншаземцаў прыехала няшмат. Афіцыйная лічба — 12 200 чалавек, зь якіх 4 тысячы склалі спартоўцы. Але варта заўважыць, што гэта толькі з тых краін, зь якімі ў Беларусі візавы рэжым. Ня ўлічваюцца заўзятары з Расеі. Паведамлялася, што іншаземцы купілі 20 тысяч квіткоў. Вось гэта, хутчэй за ўсё, і ёсьць рэальная лічба замежных турыстаў на гульнях. Але ўсё роўна гэтага мала. На чэмпіянат сьвету ў хакеі 2014 году ў Менску прыехала 80 тысяч іншаземцаў.
Ня ўразіў і ўзровень замежных кіраўнікоў. Хіба што сытуацыю выратаваў візыт Пуціна на закрыцьцё гульняў. Але ён прыехаў, каб павітаць каманду Расеі, якая заняла першае месца ў камандным заліку. Пасьля таго, як РФ не дапусьцілі на мінулую Алімпіяду за допінг, для расейцаў і Эўрапейскія гульні важная ня толькі спартовая, але і палітычная падзея.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.