«Рассельгаснагляд» накіруе сваіх прадстаўнікоў у Беларусь. Як паведамляе сайт ведамства, інспэктары наведаюць гаспадаркі па вырошчваньні яблыкаў.
Расейцы прыедуць 15 ліпеня і будуць працаваць увесь наступны тыдзень. Іх мэта — ацаніць вытворчыя магутнасьці беларускіх прадпрыемстваў, каб потым можна было адсачыць лягістыку падчас паставак у Расею. Таксама яны маюць азнаёміцца з сыстэмай фітасанітарнай сэртыфікацыі садавіны.
Удакладняецца, што адпаведныя дамоўленасьці былі дасягнутыя падчас перамоваў паміж расейскім кантрольным ведамствам і Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыяй па каранціне і абароне расьлінаў Беларусі. Як спадзяюцца ў Менску, гэты візыт спрычыніцца да зьняцьця часовых абмежаваньняў на пастаўкі.
Забарону на імпарт беларускіх яблыкаў Масква ўвяла сёлета ў красавіку. Там сьцьвярджаюць, што пад выглядам прадукцыі, «зробленай у Беларусі», да іх трапляе санкцыйны тавар з Заходняй Эўропы. На распараджэньне Рассельгаснагляду зьнішчаюцца сотні тон яблычнай «кантрабанды».