Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 140 тон увезеных зь Беларусі яблыкаў зьнішчылі на палігонах пад Бранскам і Смаленскам


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Больш за 140 тон увезеных зь Беларусі яблыкаў утылізавалі за апошнія некалькі дзён на палігонах цьвёрдых бытавых адходаў Бранскай і Смаленскай абласьцей, паведамляе БелаПАН.

У прыватнасьці, як паведаміла прэс-служба ўпраўленьня Расьсельгаснагляду Смаленскай і Бранскай абласьцей, 24 і 26 чэрвеня ў Навазыбкаўскім раёне Бранскай вобласьці зьнішчылі пяць партый яблыкаў агульнай вагой больш за 80 тон. Паводле Расьсельгаснагляду, ва ўсіх выпадках яблыкі ўвозіліся з тэрыторыі Беларусі, абыходзячы афіцыйныя фітасанітарныя кантрольныя пасты. «Пры гэтым неабходныя суправаджальныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць іх паходжаньне, якасьць і бясьпеку, адсутнічалі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Акрамя таго, на палігоне ў Смаленскай вобласьці 25 чэрвеня была зьнішчана 61 тона яблыкаў невядомага паходжаньня, якія таксама паступілі з тэрыторыі Беларусі безь неабходных дакумэнтаў. Названыя грузы былі затрыманыя супрацоўнікамі Смаленскай мытні і памежнага ўпраўленьня ФСБ Расеі ў Смаленскай вобласьці.

Забарона на ўвоз яблыкаў і груш зь Беларусі была уведзена 12 красавіка. Масква абвінавачвае Менск у пастаўках санкцыйнай прадукцыі з Эўропы пад выглядам беларускай.

Пра тое, што Расьсельгаснагляд ня мае намеру ініцыяваць зьняцьце забароны на пастаўкі яблыкаў і груш зь Беларусі, паведаміў 29 мая кіраўнік ведамства Сяргей Данкверт. Чыноўнік ня выключыў, што Расьсельгаснагляд увядзе новыя забароны на пастаўкі гародніны і садавіны зь Беларусі. «Гэта залежыць ад таго, як пойдзе. Мы ж аналізуем прадукцыю, якая прыходзіць да нас. І калі будуць нетрадыцыйныя віды, то будуць захады», — заявіў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG