Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ды ня трэба нам Навальны!» — што беларускія актывісты робяць у інтэрнэце


Алесь Герасіменка
Алесь Герасіменка

Клікі, лайкі і шэры — гэта таксама палітыка, — кажа беларускі дасьледчык Алесь Герасіменка. Ён працуе ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане.

Тры гады Алесь вывучаў, як грамадзка-палітычныя актывісты карыстаюцца лічбавымі тэхналёгіямі. Прааналізаваў пяць розных плятформаў: Facebook, «Аднаклясьнікі», «Укантакце», Telegram і Youtube. Узяў інтэрвію ў 35 экспэртаў і лічбавых актывістаў. Паезьдзіў па Беларусі, Расеі і Ўкраіне.

Пагаварылі з Алесем і зразумелі: з актывізмам у беларускім інтэрнэце ўсё можа быць нашмат лепш.

«Клікі, лайкі і шэры ніякім чынам не ўплываюць на палітычны ўдзел»

— Няма ў вас адчуваньня, што інтэрнэт дазволіў беларусам прымацавацца назаўжды да канапы і проста нічога не рабіць?

— Не.

Я буду казаць ужо зыходзячы не са сваіх назіраньняў, а грунтуючыся на вялікім пласьце дасьледаваньняў, якія рабіліся ад моманту зьяўленьня такога меркаваньня. На пачатку стагодзьдзя яно было вельмі распаўсюджанае. Пасьля ўсе кінуліся ў іншы бок, бо калі здарылася «арабская вясна» (буйныя антыўрадавыя пратэсты ў шэрагу арабскіх краін у 2010 годзе. — РС), усе пачалі казаць пра твітэр-рэвалюцыі. Гэта была іншая скрайнасьць. Маўляў, прыйдзе інтэрнэт — і мы зьменім усё ў краіне.

Праўда, як заўжды, недзе пасярэдзіне. Большасьць дасьледаваньняў абвяргае, што выкарыстаньне інтэрнэту абмяжоўвае актывізм. Клікі, лайкі і шэры ніякім чынам не ўплываюць на палітычны ўдзел. Гэта і ёсьць цудоўныя прыклады палітычнага ўдзелу, асабліва ва ўмовах, у якіх працуюць актывісты ў Беларусі. Чаму? З гэтага часта ўсё пачынаецца. І клік, лайк, шэр — гэта першая прыступка, каб выйсьці да шырокай аўдыторыі.

— Чым беларускі лічбавы актывізм не такі, як у Расеі ці ва Ўкраіне?

— У адказе на гэтае пытаньне ў мяне ня вельмі станоўчыя навіны. Я параўноўваў ня толькі з Расеяй, але і з падзеямі «арабскай вясны», Кітаем.

У нас добрыя ўмовы для разьвіцьця інтэрнэт-актывізму і выкарыстаньня лічбавых тэхналёгій. Мы адна з найбольш прасунутых краін у пляне распаўсюду шырокапалоснага інтэрнэту ў сьвеце — уваходзім у топ-50. Нашыя ІТ-спэцыялісты даволі вядомыя.

Але што тычыцца выкарыстаньня інтэрнэту палітычнымі ці грамадзкімі арганізацыямі, або асьвятленьня любых пытаньняў, якія выклікаюць напружанасьць у грамадзтве, то многія даволі слаба выкарыстоўваюць інтэрнэт, калі параўноўваць з нашымі суседзямі.

Беларускія палітыкі слаба выкарыстоўваюць новыя тэхналёгіі

— Але нашыя 15–18-гадовыя хлопцы і дзяўчаты глядзяць па Youtube Навальнага. Ён іх захапляе, ім цікава. Чаму нашыя ўмоўныя «Караткевіч» ці «Пракапеня» ня зробяць таго самага?

— Я назіраў за камандай Навальнага. Браў у іх інтэрвію, пытаўся, як яны прыйшлі на Youtube і стварылі сетку альтэрнатыўнага тэлебачаньня па ўсёй Расеі. Яны былі адкрытыя і вучыліся. Я б хацеў такую цікаўнасьць і адкрытасьць да новых тэхналёгій бачыць у нашых грамадзкіх і палітычных актывістаў.

Я аналізаваў таксама, як нашыя палітыкі выкарыстоўвалі сацыяльныя мэдыя ў 2016 годзе, калі была парлямэнцкая кампанія. Адсотак тых, хто вёў сваю кампанію ў інтэрнэце, быў вельмі нізкі: ня больш за 20% мелі хаця б нейкую інтэрнэт-актыўнасьць.

То бок многія людзі дагэтуль не заўважылі ўсе перавагі і важнасьць выкарыстаньня новых тэхналёгій. Да таго ж часта людзі, на жаль, ня маюць канкрэтных ведаў і навыкаў, як іх выкарыстоўваць.

— Думаю, калі б мы запыталіся ў палітыкаў, яны б адказалі, што іх няма ў інтэрнэце, бо яны думаюць, што іхны электарат таксама не ў інтэрнэце. Але калі паглядзець на прэзыдэнцкую кампанію Ўладзіміра Зяленскага, то вялікая яе частка ішла ў інтэрнэце, а ўкраінскі электарат наўрад ці моцна адрозьніваецца ад беларускага ў гэтым сэнсе. Можа, прыклад Зяленскага іх бы натхніў?

— Зяленскі — клясны, цікавы прыклад таго, як важна выкарыстоўваць новыя плятформы. Плятформай, на якую ён прыйшоў і якая да яго не была палітызаваная зусім, стаў Інстаграм. І ён здолеў зрабіць яго вельмі важным каналам сувязі з выбарцамі.

Агулам здольнасьці палітызаваць новую аўдыторыю важна павучыцца і ва ўкраінцаў, і ў расейцаў. Да Навальнага Youtube ня быў моцным каналам палітычнай сувязі. А цяпер Навальны пераўтварыўся ў самага ўплывовага палітычнага блогера Расеі. Ва Ўкраіне такой плятформай стаў Інстаграм.

У нас нечакана палітызаванай плятформай у 2017 годзе сталі «Аднаклясьнікі». Гэта адбылося падчас «дармаедзкіх пратэстаў» і шмат каго зьдзівіла.

Людзі глядзелі ў «Аднаклясьніках» фотачкі сваіх аднаклясьнікаў. І раптам у іхнай стужцы зьяўляецца палітычны кантэнт, а яны ў гэты момант якраз былі моцна незадаволеныя новым падаткам.

Да таго ж «Аднаклясьнікі» — больш лякальная, рэгіянальная сетка, а найбольш актыўныя пратэсты адбываліся якраз ня ў Менску — звычайным цэнтры нашага палітычнага жыцьця, а ў рэгіёнах.

І другая рэч — там старэйшыя аўдыторыя. За пару гадоў да таго людзі 40–50+ пачалі актыўна купляць смартфоны, падключаць інтэрнэт, і гэта супала таксама са зьяўленьнем антыпадатковага парадку дня.

Такая сытуацыя дазволіла нашым актывістам абыйсьці вялізную праблему, якая зьвязаная з самацэнзурай. Бо людзі, якія сутыкаюцца са спрэчным палітычным кантэнтам, могуць задумацца, ці варта мне рэагаваць на гэты кантэнт. Але на новай плятформе людзі адчуваюць сябе больш абароненымі. Як, напрыклад, цяпер гэта адбываецца з Telegram’ам.

«Лідэрамі становяцца „адміністратары сацыяльных мэдыя“»

— Мы напярэдадні парлямэнцкай кампаніі. Давайце ўявім, што ў нас ёсьць умоўны кандыдат, які сапраўды хоча стаць дэпутатам. Як яму выкарыстоўваць інтэрнэт, каб трапіць у парлямэнт?

— Яму важна зразумець, што няма адной плятформы, якую трэба выкарыстоўваць. Варта пачаць з выбудоўваньня экалёгіі плятформаў, каб кожная мела сваю функцыю. Напрыклад, калі ён хоча працаваць з больш масавай аўдыторыяй, то, магчыма, падыдзе Facebook ці «ЎКантакце». Але гэта залежыць ад узросту ягонай аўдыторыі і месца, дзе ён працуе. Бо для больш лякальнай і старэйшай аўдыторыі падыходзяць «Аднаклясьнікі».

Другое пытаньне — якім чынам каардынаваць сваю каманду. Для гэтага выдатна пасуе Telegram. Для распаўсюду інфармацыі гэтая сетка ня вельмі прыдатная, але для каардынацыі пасуе выдатна.

Калі чалавек здольны вырабляць візуальны кантэнт, то тады варта рабіць кароткія відэа ў Instagram ці ісьці на Youtube.

Важна вучыцца экспэрымэнтаваць і не баяцца гэтага рабіць. А таксама ведаць зацікаўленьні сваёй аўдыторыі. Напрыклад, палітычныя тэмы не выклікаюць вялікай цікавасьці, але, магчыма, вашай аўдыторыі цікавая экалёгія, ці правы жанчын, ці нешта падобнае. Праз гэта можна да яе падыйсьці.

— Нядаўна ў сеціве зьявіўся дакумэнт, як адзін зь дзяржаўных прафсаюзаў робіць разнарадку на падпіску і лайкі сваёй карпаратыўнай старонкі. Гэта эфэктыўны мэтад, каб стаць папулярным у інтэрнэце?

— Гэта выглядае сьмешна і сумна, але дэманструе ўвагу ўлады і каляўладных арганізацый да супольнасьцяў у інтэрнэце. Яны пачынаюць разумець, дзе іх аўдыторыя і дзе зь ёй варта працаваць. Ці здолеюць яны дамагчыся вялікіх лічбаў такімі мэтадамі? Мне здаецца, ня вельмі. Але калі б яны запусьцілі рэкляму ў Facebook, то ў іх атрымалася б лепш.

Мы звыкліся, што ў публічнай прасторы рэклямаваць сваю палітычную дзейнасьць немагчыма, бо рэкляма на радыё, тэлебачаньні, СМІ доўгія гады была недаступная. Але ж інтэрнэт адкрывае такія вялікія магчымасьці для палітычнай і грамадзкай рэклямы! Дзіўна бачыць, што гэтым не карыстаюцца.

— Цяпер дзяржаўныя органы сталі вельмі актыўныя ў інтэрнэце. Сьледчы камітэт, МУС, Міністэрства абароны і іншыя маюць свае акаўнты ці не ва ўсіх сацыяльных сетках. Вы за гэтым сочыце?

— Гэта крута, але ёсьць два бакі. Тое, што гэта адкрывае канал сувязі паміж звычайнымі грамадзянамі і гэтымі арганізацыямі, — гэта добра. Але давайце паглядзім на досьвед Кітаю — самай прасунутай аўтарытарнай краіны ў сьвеце, што да выкарыстаньня лічбавых тэхналёгій. Тэхналёгіі дазваляюць атрымліваць хуткі фідбэк ад людзей, назапашваць яго і аналізаваць. Гэта дазваляе ўмацаваць аўтарытарную структуру, і ў Кітаі гэта вельмі даўняя практыка.

— Нам гэта можа пагражаць?

— Безумоўна. У нас пакуль інтэрнэт вельмі лібэральны, цэнзуры ў інтэрнэце амаль няма. Ёсьць самацэнзура, але таксама адносна нязначная. Варта карыстацца гэтымі магчымасьцямі, бо можа быць як у Кітаі. Там вельмі сумна, шмат абмежаваньняў для карыстаньня інтэрнэтам у грамадзкай, палітычнай актыўнасьці, а пастаяннае сачэньне за людзьмі праз інтэрнэт — гэта частка штодзённай рэальнасьці.

— Дык калі ў Беларусі зьявіцца свой «Навальны»?

— Ды ня трэба «Навальнага». І «Зяленскага» ня трэба. Актыўнае выкарыстаньне інтэрнэту спрыяе таму, што патрэба ў адным клясным пэрсаналісцкім лідэрстве зьніжаецца. Асабліва калі мы кажам пра актывізм.

Лідэрамі становяцца не традыцыйныя палітыкі, а тыя, каго я называю «адміністратарамі сацыяльных мэдыя». Яны робяцца самымі ўплывовымі і важнымі людзьмі, і часам мы пра іх ня ведаем.

Вось пытаньне: хто лідэр брэсцкага пратэсту супраць акумулятарнага заводу? Няма адказу. Але ёсьць людзі, якія кожны тыдзень зьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, вырашаюць, які кантэнт посьціць, вызначаюць час. І гэтыя людзі часам працуюць ананімна ці пад псэўданімамі. Яны і ёсьць сапраўдныя лідэры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG