Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней я занадта русафобіў, цяпер больш стрыманы», — мянчук, якога асудзілі за пост у сетках


Менчук паспрабуе абскардзіць прысуд за камэнт, які палічылі распальваньнем варожасьці да расейцаў

Тыдзень таму Менскі гарадзкі суд асудзіў на 3 гады «хіміі» менчука Зьмітра Косьцікава. Яго прызналі вінаватым у распальваньні нацыянальнай варожасьці.

Падставай для абвінавачаньня паводле 1 часткі 130 артыкула Крымінальнага кодэксу стаў камэнтар у Інстаграме да фатаздымку, на якім вугорскія вайскоўцы перадаюць зброю ўкраінскім салдатам. У камэнтары Зьміцер выказаў сваё стаўленьне: вось, маўляў, «выдатная касілка» супраць «мас...ёў».

«На „хімію“ мне ніяк нельга»

«Мае словы экспэртыза вывучала тройчы. Заклікаў да забойства ўсіх расейцаў экспэрты не знайшлі, але ўбачылі ў маіх словах праявы варожасьці. На гэтай падставе суд вырашыў, што я распальваў нацыянальную варожасьць. Дык вось, я з гэтым не спрачаюся. Сапраўды, я занадта „русафобіў“, цяпер стаў больш стрыманы. Таму падам скаргу, але дамагацца апраўданьня ня буду, а толькі зьмякчэньня пакараньня. Бо на „хімію“ мне ніяк нельга з прычыны становішча ў сям’і і ўласнага здароўя».

«Русафоб са стажам»

У размове з карэспандэнтам Свабоды Зьміцер Косьцікаў патлумачыў свае погляды.

«Я русафоб са стажам, з 1992 году, зь першай чачэнскай вайны. Калі да ўлады ў Расеі прыйшоў Пуцін, маё русафобства толькі ўзрасло. Але цяпер я прызнаю, што паўтара года таму ў Інстаграме перагнуў палку, нельга было „мас....мі“ называць усіх расейцаў. Сарваўся, бо тады ў баі за Ўкраіну забілі майго сябра, я за гэта моцна перажываў. Плюс былі ўласныя праблемы зь бізнэсам. Але паўтаруся: свае погляды я ўжо перагледзеў, можна сказаць, прызнаў віну шчыра. Пуцін для мяне застаўся Пуціным, але іншыя — інакш. Аднак і асудзілі мяне занадта жорстка — маглі б абмежавацца штрафам», — мяркуе Зьміцер.

Чаму ён дамагаецца зьмякчэньня прысуду

Зьмітру Косьцікаву 45 гадоў. Ён індывідуальны прадпрымальнік, айцішнік.

«Зарабляю на жыцьцё напісаньнем праграмнага забесьпячэньня», — кажа ён пра свой занятак.

Паводле суразмоўцы, цяжарнасьць жонкі (мае нарадзіць у жніўні) — асноўнае, што б мог улічыць суд, калі будзе пераглядаць яму пакараньне.

Другім аргумэнтам на карысьць зьмякчэньня прысуду Зьміцер лічыць тое, што ў яго разьвіўся цукровы дыябэт — хвароба, якая патрабуе адмысловага харчаваньня і мэдычнага нагляду, што цяжка забясьпечыць на «хіміі».

«Я дапамагаю выкрываць тых, хто распаўсюджвае нянавісьць да ўкраінцаў»

Прыводзіць Зьміцер Косьцікаў і яшчэ адзін аргумэнт.

«А якую рэальную шкоду я нанёс сваім допісам? Яго прачыталі ўсяго 29 чалавек, гэта дакладная лічба, высьветлена сьледзтвам. Зь іх 10 — мае сябры, такія ж русафобы. Затое я пасьлядоўна дапамагаю праваахоўным органам выкрываць тых, хто распаўсюджвае нянавісьць да ўкраінцаў. На маім рахунку ўжо некалькі такіх гісторый. За гэта міліцыянты нават хадайнічалі за мяне перад судом, каб мне далі толькі штраф. На жаль, суд да іх не прыслухаўся», — сказаў Косьцікаў.

Праваабаронца: Прысуд занадта жорсткі

Свабода папрасіла пракамэнтаваць прысуд праваабаронцу з Human Constanta Насту Лойку.

«Я мяркую, што за словы нельга людзей пазбаўляць волі. Тут павінны быць іншыя, альтэрнатыўныя меры пакараньня. Гэты канкрэтны прысуд мне падаецца занадта жорсткім. Відавочна, што пры прыняцьці рашэньня ні суд, ні экспэрты ня ўлічвалі кантэкст выказваньня, наколькі гэта сапраўды паўплывала на сьвядомасьць аўдыторыі», — перакананая праваабаронца.

Паводле Насты Лойкі, ёсьць шэраг міжнародных прынцыпаў, якімі прынята кіравацца ў ацэнцы падобных выказваньняў, і беларускі суд мусіў іх прытрымлівацца.

«Прыкладам, абавязкова трэба вывучаць кантэкст, пры якім было зроблена выказваньне, таксама ўлічваць, наколькі гэты кантэкст вядомы, пазнавальны, наколькі яго чытаюць і распаўсюджваюць. Толькі тады можна ацаніць грамадзкую шкоду. Вось гэтага, наколькі мне вядома, у тым судзе не было», — кажа Наста Лойка.

Паводле экспэрткі, практыка ўжываньня 130-га артыкула Крымінальнага кодэксу ў Беларусі імкліва пашыраецца. Праваабаронца адзначыла, што калі яшчэ 5 гадоў таму гэта былі адзінкавыя справы, дык з 2016 году пачаўся іх імклівы рост. Цяпер у беларускіх судах разглядаецца да 10 падобных спраў за год.

«Наколькі нам вядома, ёсьць загады зьверху павялічваць прыцягненьні па гэтым артыкуле. У мяне адчуваньне, што гэтую практыку актыўна бяруць з прыкладу калегаў у Расеі. Пры гэтым назіраецца наша асаблівасьць — праблемы з абаронай такіх абвінавачаных. Гэтак заўсёды ёсьць складанасьці з экспэртызай, што наўпрост адбіваецца на жорсткасьці прысудаў, якія цяжка лічыць прапарцыйнымі», — мяркуе праваабаронца Наста Лойка.

Словы «бульбаш», «маскаль», «хахол», «жыд» у Беларусі не забароненыя, але забараняюцца асобныя матэрыялы з гэтымі словамі. Гэтаксама і фраза «Хто ня скача, той м...ль» прызнана экстрэмісцкай, а любое яе выкарыстаньне забаронена незалежна ад носьбіта інфармацыі.

Пры гэтым, паводле афіцыйнага адказу беларускага Інстытуту мовазнаўства, слова «маскаль» мае «выразна нэгатыўную канатацыю», але выявіць абразьлівы характар гэтага слова можна толькі пры ўжываньні ў пэўным тэксьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG