У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрыла дзьверы выстава «Эмі Ўайнгаўс. Сямейны партрэт».
Эмі Ўайнгаўс — шасьціразовая ўладальніца прэміі «Грэмі», культавая сьпявачка. Яна памерла ў 2011 годзе, калі ёй было 27. У Эмі Ўайнгаўс беларускія карані. Яе прапрадзед Гарыс Уайнгаўс у 1892 годзе пераехаў зь Менску ў Лёндан.
Менавіта таму выстава Габрэйскага музэю Лёндана даехала да сталіцы Беларусі, а перад гэтым з посьпехам прайшла ў Мэльбурне, Брусэлі, Сан-Францыска і іншых гарадах сьвету. Ні ў Беларусь, ні ў іншыя краіны СНД выставу не плянавалі прывозіць, але дапамог шчасьлівы выпадак.
Дырэктар Інстытуту Гётэ ў Менску Якаб Рачак кажа, што паўгода таму ён пачуў па радыё рэпартаж пра выставу Эмі Ўайнгаўс і яе габрэйскія карані. Ягоную ўвагу прыцягнула тое, што яе продкі родам зь Беларусі. Ён патэлефанаваў у Габрэйскі музэй у Лёндане і папрасіў паказаць выставу ў Менску. Разам з амбасадай Вялікай Брытаніі яны пачалі працаваць над праектам, і неўзабаве ўдалося дамовіцца. Далучыліся іншыя партнэры. Вельмі дапамагла краўдфандынгавая плятформа «Вулей», на якой цягам двух дзён сабралі неабходныя сродкі.
На адкрыцьцё выставы прыляцеў брат Эмі — Алекс Уайнгаўс зь сям’ёй.
«Мае продкі зьехалі зь Беларусі ў 1892 годзе, апынуліся ў Лёндане. А ўчора мы пачалі адкрываць для сябе Беларусь. Мы наведалі архіў, каб яшчэ больш даведацца пра нашы карані. Калі я ехаў, ня ведаў, чаго чакаць. Але пакуль горад мне вельмі спадабаўся, я пабачыў тыя ж вуліцы, дзе калісьці гуляў мой прапрадзед. Канечне, горад зьмяніўся, мала што захавалася, але мы павінны захаваць гэта ў галаве. Таму я прыехаў з жонкай і сынам, каб паказаць ім сваю гістарычную радзіму. Мне хочацца вярнуцца сюды яшчэ не адзін раз, — кажа Алекс Уайнгаўс.
Сям’я працягвае беражліва захоўваць памяць пра свае карані — асобная зона экспазыцыі адведзеная пад генэалягічнае дрэва. На выставе шмат унікальных сямейных здымкаў, гітары Эмі, кружэлкі, дыскі, статуэткі «Грэмі», калекцыя любімага адзеньня сьпявачкі.
«Я спадзяюся, што гэтая выстава дапаможа прасачыць гісторыю ня толькі нашай сям’і, але і іншых габрэяў беларускага паходжаньня, якія пераехалі ў іншыя краіны.
Калі вы будзеце аглядаць выставу, зразумееце, што яна ня толькі пра Эмі, яна пра ўсіх нас. І яна не павінна прымусіць вас сумаваць, мы пастараліся зрабіць яе цікавай і нясумнай», — кажа Алекс Уайнгаўс.
Экспазыцыю суправаджае адмыслова падрыхтаваны тэкст брата Эмі — Алекса. У ім цёплыя, ласкавыя, з тонкім гумарам словы пра сястру і ўсю сям’ю.
Менск — апошні горад, дзе пакажуць выставу. Пасьля Менску выставу расфармуюць і вернуць экспанаты сям’і ды іншым уладальнікам.
Выстава арганізаваная амбасадай Вялікай Брытаніі ў Рэспубліцы Беларусь, Цэнтрам беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны, Інстытутам Гётэ і Музэем гісторыі гораду Менску, пры падтрымцы амбасады Ізраілю ў Беларусі.
Працаваць яна будзе да 31 жніўня ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (Менск, плошча Свабоды, 15).