ХХХ Фэстываль музыкі маладой Беларусі «БАСовішча» будзе апошнім, які арганізуе Беларускае аб’яднаньне студэнтаў. Прычына — складаная фінансавая сытуацыя, якая не дае магчымасьці правесьці мерапрыемства на высокім узроўні, паведамляюць арганізатары фэсту.
Апошняе «Басовішча» пройдзе 19–20 ліпеня ў паселішчы Гарадок, ва ўрочышчы Борык на Беласточчыне. Сярод сёлетніх хэдлайнэраў арганізатары абяцаюць Лявона Вольскага, гурты «Крама», «Дзецюкі», NaviBand, Re1ikt, Znich.
Пра тое, што юбілейнае, 30-е «Басовішча» будзе апошнім, размовы хадзілі даўно. Бо кожны год арганізатары сутыкаюцца зь вялікімі фінансавымі праблемамі. Вось і на апошні фэст грошы зьбіраюць праз краўдфандынг
Плянуецца сабраць 15 тысяч злотых (каля 8 тысяч рублёў), 11 тысяч злотых ужо ёсьць.
«Гэта было нялёгкае рашэньне, — кажа Лідзія Пякарская, сябра Галоўнай управы БАС. — Але трэба мець адвагу і прызнацца самім сабе, што так будзе найлепш».
Як беларускія музыкі, якія прайшлі праз «Басовішча», адрэагавалі на гэтую навіну?
Віталь Зыблюк: «„Басовішча“ было стымулам для маладых беларускіх музыкаў, адкрывала таленты»
Журналіст, прадусар, музыка Віталь Зыблюк кажа, што за 30 гадоў існаваньня фэсту зьмянілася шмат што ня толькі ў музычнай сфэры, але і ў палітыцы, грамадзкім жыцьці Беларусі, краіна ўжо не такая, як на пачатку 1990-х. Тады гэта быў адзіны фэст, дзе гучала беларуская музыка.
«„Басовішча“ было стымулам для маладых беларускіх гуртоў, адкрывала шматлікія таленты. Безьліч беларускіх гуртоў прайшлі праз гэты фэст. Я сам удзельнічаў у ім у 2000 годзе. Лічылася, калі ты вяртаесься з „Басовішча“ з узнагародай — гэта як пераможца Эўравізіі!
Але ішоў час, і зьявіліся іншыя фэсты, вялікія „open air“. Не скажу, што ўсё добра тут, але зьнік стымул для маладых беларускіх музыкаў ехаць туды. Зьявіліся візавыя праблемы...», — кажа Віталь Зыблюк.
Да таго ж зьмяняецца пакаленьне беларусаў на Падляшшы, моладзь разьяжджаецца.
«Басовішча» робяць ужо дзеці тых, хто некалі пачынаў. Так, першыя фэсты на пачатку 1990-х ладзілі Барбара і Міраслаў Пякарскія, потым эстафэту пераняла іх старэйшая дачка Ганна, цяпер у арганізатарах — малодшая дачка Лідзія.
«Арганізатары падкрэсьліваюць, што гэта апошняе „Басовішча“, якое ладзіць Беларускае аб’яднаньне студэнтаў. Хачу спадзявацца, што знойдуцца, магчыма, камэрцыйныя арганізатары, якія б маглі закансэрваваць гэты фэстываль як культурную памяць, сапраўды здабытак, скарб. Магчыма, адбудзецца невялікі перапынак, пакуль у гэтага пакаленьня зьявяцца свае дзеці, якія захочуць працягнуць гэты фэстываль далей», — кажа Віталь Зыблюк.
Алег Хаменка: «Фэстываль застанецца, але істотна зьменіць фармат»
Пераможца трэцяга «Басовішча», лідэр гурту «Палац» Алег Хаменка сказаў Свабодзе, што пра намер закрыць фэстываль чуў яшчэ ўзімку, у яго была напружаная размова з намесьнікам старшыні БАСу. Аднак ён спадзяецца на перазагрузку фэсту.
«Тут асаблівай панікі ня можа быць. Фэстываль застанецца, але, на мой погляд, значна перафарматуецца. На гэта патрэбны час, таму магчыма, будзе перапынак. Фэст зрабіў сваю справу, нават перавыканаў задачы, якія ставіліся на пачатку 1990-х. Асноўная ягоная стратэгічная ідэя — „Музыка маладой Беларусі“. Беларусь не маладзее, таму фэстываль мусіць перафарматавацца», — перакананы лідэр «Палаца» Алег Хаменка.
Аляксандар Памідораў: «БАСаўцы проста не заўважылі, як яны страцілі нават музыкаў»
Шоўмэн, радыёвядоўца Аляксандар Памідораў, які і сам удзельнічаў у фэстывалі, і займаўся адборам маладых музыкаў на «Басовішча», скептычна паставіўся да заявы арганізатараў.
«Мне падаецца, што гэта проста дэклярацыя арганізатараў. Так звычайна робяць людзі, якія самі мала што робяць, і ў іх усе вінаватыя, акрамя іх саміх. Гэта цалкам адпавядае паводзінам арганізатараў у апошнія 15 гадоў. Яны будуць праводзіць яго і далей, гэта ўсё лямант. Можа, аддадуць нейкай канцэртнай агенцыі, але гэта будзе ўжо іншы фэстываль», — мяркуе Аляксандар Памідораў.
На думку шоўмэна, у апошнія гады «Басовішча» страціла сваю прывабнасьць для беларускіх артыстаў.
«За 30 гадоў ня зроблена сьвятло ў лесе, няма нармальнай фан-зоны, сцэны. На фэсьце зьяўляюцца мясцовыя з кіямі-цапамі і зьбіваюць, там крадзяжы і рабункі. У ХХІ стагодзьдзі людзі прыяжджаюць на фэст, і што яны бачаць? Дзьве драўляныя лавы ў лесе?», — кажа Аляксандар Памідораў.
На яго думку, значна цікавей паўдзельнічаць у беларускіх фэстах — кшталту «Рок за баброў», дзе зьбіраецца 30–40 тысяч чалавек, «Віва, Браслаў!», дзе зьбіраецца 20 тысяч, — чым перад 2 тысячамі ў польскім Гарадку.
Ігар Варашкевіч: «Гэта быў адзіны такі фэст — свабодны беларускамоўны»
Лідэр гурту «Крама», пераможца і неаднаразовы ўдзельнік «Басовішча» Ігар Варашкевіч лічыць, што фэстываль адыграў сваю ролю ў 1990-я.
«Гэта быў адзіны такі фэст — свабодны беларускамоўны. Бо ў Беларусі ў той час ладзіліся невялікія фэсты, канцэрты, кшталту „Рок па вакацыях“, а потым і гэтага ня стала. „Басовішча“ зь цягам часу мянялася, і гэта натуральна, бо мянялася музыка, мяняўся фармат. Нешта мне магло падабацца, нешта — не. Але ўсё мае свой пачатак і канец. Як і гурт — нараджаецца, пачынае працаваць, сталее, потым зьнікае, людзі разыходзяцца», — кажа Варашкевіч.
Аднак з Аляксандрам Памідоравым, які лічыць, што ў Беларусі зьявілася шмат прыстойных фэстаў, дзе бяруць удзел беларускія музыкі, Ігар Варашкевіч не пагаджаецца.
«Цяпер ёсьць шмат фэстываляў, але да беларускай музыкі яны ніякага дачыненьня ня маюць. І там хэдлайнэры заўсёды расейцы. Мы там — нефармат. Мы спрабавалі сёлета „ўшчаміцца“ ў нейкія фэстывалі, а нам адказваюць канкрэтна: „Вы — нефармат“. Гэта папрок беларускамоўным гуртам. У арганізатараў, напэўна, фармат — гэта тое, што на расейскай мове», — мяркуе Ігар Варашкевіч.
Апошняе «Адборышча» на «Басовішча» — 24 траўня
Далучыцца да «Басовішча» можна ўжо ў гэтую пятніцу, 24 траўня. У менскім клюбе «Бэрлін» (Тучынскі завулак, 2А) адбудзецца апошняе «Адборышча» — адборачны тур маладых музыкаў, лепшыя зь якіх паедуць на конкурс. Удзел возьмуць 8 калектываў: luty sakavik, анты-кавэрбэнд «Гарадзкі Вал», BarRokka, Harmonix College, Skroź, Paulinn, Atesta, Fishtank, а таксама леташні пераможца — Snop Snoū. Уваход вольны.
Беларускае аб’яднаньне студэнтаў — арганізацыя, якая дзейнічае з 1981 году і аб’ядноўвае студэнтаў беларускай меншасьці ў Польшчы. З 1990 году БАС ладзіць пад Беластокам Фэстываль музыкі маладой Беларусі.