У Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны сьцьвярджаюць, што у другім туры галасаваньня на выбарах прэзыдэнта назіраецца большая актыўнасьць грамадзян, чым у першым. На дадзены момант ужо прагаласавалі амаль 20 % выбарнікаў, уключаных у сьпісы для галасаваньня.
Найбольш актыўна галасуюць жыхары ўсходніх і паўднёвых рэгіёнаў краіны — Харкаўскай, Данецкай, Луганскай і Мікалаеўскай абласьцей. У некаторых зь іх прагаласавалі больш, як 23 % выбарнікаў.
Абодва кандыдаты на прэзыдэнта таксама ўжо прагаласавалі.
«У мяне выдатны настрой. Мы ўжо аб’ядналі краіну. Які выбар ня будзе, гэта будзе перамогай украінскага народу. Што я адчуваю? Што ўсё будзе добра», — сказаў Уладзімір Зяленскі пад час галасаваньня. Ён прыйшоў на ўчастак разам са сваёй жонкай Аленай.
Уладзімір Зяленскі прадэманстраваў у прысутнасьці тэлекамэр і выбарнікаў свой бюлетэнь з вынікамі галасаваньня, чым парушыў закон. Прысутныя змаглі ўбачыць, што ён паставіў крыжык насупраць свайго прозьвішча.
Пятро Парашэнка разам са сваёй сям’ёй пачаў нядзельны дзень з удзелу ў літургіі з нагоды сьвята Ўваходу Гасподняга ў Іерусалім. Ён прывітаў хрысьціян заходняга абраду з Вялікаднем, а ўсходняга — зь Вербнай нядзеляй.
«Мы мусім зрабіць усё, каб не спыніўся рух Украіны ў эўрапейскім і паўночнаатлянтычным накірунках. Ня важнае прозьвішча прэзыдэнта, які будзе абраны. Больш важная стратэгія і шлях, якімі будзе рухацца Ўкраіна. Я спадзяюся на мудрасьць украінскага народу», — заявіў дзейны прэзыдэнт Украіны.
Паводле апошніх апытаньняў, якое праводзіў Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі (КМІС) 9-14 красавіка, за Ўладзіміра Зяленскага гатовыя галасаваць 48% выбарнікаў, за Пятра Парашэнку — 17%.