Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка vs Зяленскі. Параўноўваем праграмы кандыдатаў на прэзыдэнта Ўкраіны


Дэбаты 14 красавіка, на якія прыйшоў толькі адзін з кандыдатаў — Пятро Парашэнка. Кандыдат Уладзімер Зяленскі заклікае да дэбатаў 19 красавіка
Дэбаты 14 красавіка, на якія прыйшоў толькі адзін з кандыдатаў — Пятро Парашэнка. Кандыдат Уладзімер Зяленскі заклікае да дэбатаў 19 красавіка

21 красавіка пройдзе другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны, на пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць актор Уладзімір Зяленскі і дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Перадвыбарчыя праграмы — абавязковы дакумэнт, які падаюць прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны ў Цэнтральную выбарчую камісію для рэгістрацыі кандыдатам. Што праўда, выбарнікі ва Ўкраіне не заўсёды выбіраюць кіраўніка дзяржавы, арыентуючыся на іхныя праграмы. А кандыдаты, які становяцца прэзыдэнтамі, не заўсёды выконваюць абяцаньні, зь якімі перамагаюць на выбарах.

На сёлетніх выбарах галоўны матыў пратэставы. Грамадзяне Ўкраіны галасуюць ня столькі за кандыдатаў, колькі супраць сыстэмы. Але праграмы кандыдатаў усё ж дазваляюць атрымаць уяўленьне пра тыя арыентыры, якіх яны будуць трымацца ў сваёй дзейнасьці на найвышэйшай дзяржаўнай пасадзе.

Свабода параўнала перадвыбарчыя праграмы актора і бізнэсоўца Ўладзіміра Зяленскага і дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.

«Краіна мары» слугі народу

Уступ праграмы, якую Ўладзімер Зяленскі падрыхтаваў пры дапамозе сваіх прыхільнікаў і экспэртаў, фактычна цалкам скалькаваны з праграмы ягонага тэлевізійнага героя — настаўніка гісторыі Васіля Галабародзькі з сэрыялу «Слуга народу», папулярнасьць якога сярод вучняў хутка перарасла ва ўсенародную і прывяла яго на пасаду прэзыдэнта.

Уладзімер Зяленскі на здымках тэлесэрыялу «Слуга народу», архіўнае фота
Уладзімер Зяленскі на здымках тэлесэрыялу «Слуга народу», архіўнае фота

Уладзімір Зяленскі перакананы, што ягоныя мары супадаюць з марамі звычайных украінцаў. І свае аргумэнты ён выкладае на зразумелай мове – без афіцыёзу, лічбаў і з характэрным для яго пачуцьцём гумару.

Для яго «Краіна мары», а менавіта так называецца ягоная праграма, гэта — калі страляюць толькі салюты на вясельлях і днях нараджэньня. Дзе няма абвестак «Праца ў Польшчы», а ў Польшчы ёсьць абвесткі «Праца ва Ўкраіне». Калі недатыкальныя карпацкія лясы, а не дэпутаты. Калі ёсьць дарогі, а дурняў няма. Калі бабка атрымлівае годную пэнсію, а не інфаркт ад рахунку за камуналку. Калі ў маладой сям’і толькі адзін клопат – выбраць кватэру ў горадзе ці загарадны дом. Калі лекары і настаўнікі атрымліваюць рэальную заработную плату, а карупцыянэры – рэальныя тэрміны.

Зяленскі хоча стварыць краіну, у якую будуць вяртацца, а не зьяжджаць. Што праўда, канкрэтных крокаў у праграме няшмат.

«Вялікая дзяржава свабодных і шчасьлівых людзей» Парашэнкі

У праграме дзейнага прэзыдэнта ня толькі пляны, але і галоўныя ягоныя дасягненьні мінулых пяці гадоў – стварэньне арміі, бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам, аўтакефалія Ўкраінскай праваслаўнай царквы, дэцэнтралізацыя сыстэмы ўлады.

«Ва Ўкраіне існуе адзіны шлях зьберагчы сваю незалежнасьць — мусім стаць вялікай эўрапейскай дзяржавай свабодных і шчасьлівых людзей. Наша місія — уступленьне ў Эўразьвяз і NATO. Толькі паўнапраўнае сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе і Паўночнаатлянтычным альянсе канчаткова і беспаваротна гарантуе нашу ўкраінскую дзяржаўную незалежнасьць, нашу ўкраінскую нацыянальную бясьпеку», — адзначаецца ў праграме Пятра Парашэнкі.

Эўразьвяз ды NATO: шляхі розныя, мэта адна

І Ўладзімір Зяленскі, і Пятро Парашэнка аднолькава мяркуюць, што рух Украіны да NATO зьяўляецца залогам бясьпекі краіны. Але шляхі рэалізацыі такіх плянаў у іх адрозныя: першы перакананы, што ўступленьне Ўкраіны ў любыя арганізацыі бясьпекі мусяць пацьвердзіць грамадзяне на адпаведным рэфэрэндуме.

Дзейны прэзыдэнт абяцае ўжо ў 2023 годзе падаць заяўку на ўступленьне ў ЭЗ, атрымаць і пачаць выконваць Плян дзеяньняў дзеля сяброўства ў NATO. Пятро Парашэнка перакананы, што сяброўства ў гэтых арганізацыях дазволіць дасягнуць высокіх стандартаў жыцьця і вяршэнства права, атрымаць дапамогу для разьвіцьця эканомікі, доступ на ўсясьветныя рынкі і забясьпечыць абарону дзяржавы.

Уладзімер Зяленскі ў сваёй праграме наагул ня згадвае эўрапейскую інтэграцыю: ён акцэнтуе на неабходнасьці ўкараненьня эўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці дзяржавы: вайсковай, эканамічнай, адукацыйнай, прававой і сацыяльнай.

Данбас: як дасягнуць міру

Абодва кандыдаты ў сваіх праграмах не канкрэтызуюць шляхоў ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе.

Пятро Парашэнка, па сутнасьці, паўтарае ўсе тыя крокі, якія ажыцьцяўляліся на працягу яго пяцігадовага прэзыдэнцтва: палітыка-дыпляматычны шлях для вяртаньня акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей і Крыму, забесьпячэньне праўкраінскай кааліцыі ў сьвеце для падтрыманьня антырасейскіх санкцый, міратворчая місія ААН на ўсёй тэрыторыі акупаванага Данбасу.

Уладзімір Зяленскі марыць заваяваць мір зь міжнароднай дапамогай: «Перад гарантамі паводле Будапэшцкага мэмарандуму і партнэрамі з Эўразьвязу мы будзем ставіць пытаньне падтрымаць Украіну ў імкненьні завяршыць вайну, вярнуць часова акупаваныя тэрыторыі і прымусіць агрэсара кампэнсаваць страты. Здача нацыянальных інтарэсаў і тэрыторый ня можа быць прадметам ніводных перамоў». Пра анэксаваны Крым кандыдат у прэзыдэнты наагул ня згадвае.

Эканамічныя прыярытэты

І Ўладзімір Зяленскі, і Пятро Парашэнка трэцюю частку сваіх праграм прысьвяцілі разьвіцьцю эканомікі, хоць фармаваньне эканамічнай палітыкі краіны і не ўваходзіць у пералік паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы.

Дзейны прэзыдэнт прапануе сканцэнтравацца на пяці прыярытэтах: разьвіцьцё аграрнага комплексу з акцэнтам на стварэньне перапрацоўчых прадпрыемстваў сельгаспрадукцыі, ІТ-сэктару, высокатэхналягічных галін прамысловасьці з высокай дабаўленай вартасьцю (авіябудаваньне, касьмічная галіна, суднабудаваньне, абаронна-прамысловы комплекс) і турызму. Апроч таго, Пятро Парашэнка мяркуе, што дадатковым імпульсам актывізацыі эканомікі мае стаць ператварэньне Ўкраіны ў транспартна-лягістычны хаб Эўропы.

Рэцэпт Уладзіміра Зяленскага ў пераадоленьні беднасьці заключаецца ў некалькіх, галоўных на ягоную думку, кроках: аднаразовая «нулявая дэклярацыя» для бізнэсу з 5-адсоткавым падаткам для легалізацыі ранейшых даходаў, замена падатку на прыбытак на падатак аб выведзеным капітале, фармаваньне празрыстага рынку зямлі. Асобна кандыдат на прэзыдэнта прапануе ўвесьці эканамічны пашпарт для кожнага ўкраінца, калі на іхным пэрсанальным рахунку будуць назапашвацца сродкі ад рэалізацыі дзяржавай прыродных багацьцяў. Паводле Зяленскага, такім чынам па дасягненьні паўналецьця кожны грамадзянін будзе мець гэтыя зьберажэньні як уласны стартавы капітал.

Барацьба з карупцыяй

Абодва кандыдаты на прэзыдэнта адзначаюць важнасьць барацьбы з карупцыяй. Што праўда, Пятро Парашэнка мяркуе, што ўведзенае электроннае дэкляраваньне даходаў чыноўнікаў, прыцягненьне да адказнасьці карупцыянэраў, вывядзеньне зь ценю дзяржаўных закупак ужо дазволілі накіраваць у бюджэт сотні мільярдаў грыўняў.

«Створаны незалежныя антыкарупцыйныя органы. Завяршаецца фармаваньне Вышэйшага антыкарупцыйнага суду. Па прыкладзе нашых суседзяў у Эўрапейскім Зьвязе антыкарупцыйныя органы мусяць выкараняць карупцыю на самым высокім узроўні», — адзначаецца ў праграме дзейнага прэзыдэнта.

У сваю чаргу Ўладзімір Зяленскі дэкляруе не барацьбу з карупцыяй, а перамогу над ёй. Найперш, ён прапануе пазбавіць магчымасьці падазраваных у карупцыі ўносіць заклад як альтэрнатыву трыманьня пад вартай. Ён ініцыюе ўвядзеньне пажыцьцёвай забароны карупцыянэрам працаваць на дзяржаўных пасадах і поўную канфіскацыю іхнай маёмасьці, а выкрывальнікам карупцыйных схем абяцае абарону дзяржавы і матэрыяльнае заахвочваньне.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG