Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пасварыўся з Парашэнкам у эфіры наконт даты дэбатаў. ВІДЭА


Пятро Парашэнка і Ўладзімер Зяленскі
Пятро Парашэнка і Ўладзімер Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас выступу на ток-шоў «Права на ўладу» на тэлеканале «1+1» запрасіў свайго саперніка на выбарах, шоўмэна Ўладзіміра Зяленскага, прыехаць у студыю і зладзіць дэбаты.

Зь Зяленскім зьвязаліся праз тэлефон. У адказ Зяленскі заявіў, што ня можа прыехаць, бо знаходзіцца ў Парыжы, дзе ў яго 12 красавіка заплянаваная сустрэча з францускім прэзыдэнтам Эманюэлем Макронам, пра што Парашэнка ведае.

Пасьля гэтага кандыдаты ў прэзыдэнты Ўкраіны ўступілі ў спрэчку, перабіваючы адзін аднаго. Парашэнка заяўляў, што гатовы правесьці дэбаты 14 красавіка, таму што ў пятніцу 19 красавіка ён сам едзе ў Парыж. Зяленскі на гэта адказаў, што ў прэзыдэнта ёсьць магчымасьць лятаць у зручны для яго час, таму што ў яго ёсьць «борт нумар адзін», а ён сам лятае, як звычайны пасажыр. Парашэнка патрабаваў не перабіваць яго, таму што так мусіць быць падчас дэбатаў, а Зяленскі некалькі разоў паўтарыў, што размаўляць ён сёньня ня мае намеру, а дэбаты пройдуць 19 красавіка на стадыёне «Алімпійскі» ў Кіеве. Пасьля чаго разьвітаўся і адключыўся.

Пакуль незразумела, калі і дзе адбудуцца дэбаты кандыдатаў перад другім турам выбараў, прызначаным на 21 красавіка. Пятро Парашэнка запрасіў Зяленскага на стадыён «Алімпійскі» ў Кіеве 14 красавіка, а Зяленскі Парашэнку — на той жа стадыён 19 красавіка. Супраць самой ідэі праводзіць дэбаты на стадыёне выступае ЦВК. Там адзначаюць, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам кандыдаты павінны сустрэцца ў студыі Нацыянальнай грамадзкай тэлевізіі.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG